Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд абурыўся: праз чуму сьвіней Беларусь забараніла ўвоз корму для катоў і сабак


У канцы верасьня Беларусь вырашыла ўзмацніць праверку расейскай сьвініны праз афрыканскую чуму сьвіней, абмяжоўваць увоз ня толькі жывых сьвіней, мяса і прадуктаў са сьвіной сыравіны, але і былога ва ўжываньні абсталяваньня для транспартаваньня сьвіней, спэрмы кныроў і шэрагу кармоў для жывёлаў. Апошнія абмежаваньні выклікалі сур’ёзную занепакоенасьць Рассельгаснагляду.

Расейскі бок сьцьвярджае (як сьцьвярджаў і раней), што корм і харчовыя дадаткі для сабак і катоў, а таксама корм, што мае ў складзе сьвіную сыравіну, але прайшоў тэрмічную апрацоўку, не нясе рызыкаў афрыканскай чумы сьвіней. Захады ў абмежаваньні ўвозу гэтых кармоў з Расеі ў Беларусь «накладаюць неабгрунтаваную дадатковую нагрузку на расейскі бізнэс», піша Рассельгаснагляд.

Беларускі бок на гэта адказаў, што трэба мяняць правілы Эўразійскага эканамічнага саюзу, якія цяпер больш жорсткія за міжнародныя. З прапановай такіх зьменаў Беларусь абяцае неўзабаве зьвярнуцца ў Эўразійскую эканамічную камісію.

Расейскі бок прыгразіў, што калі ў бліжэйшы час рашэньня па кармах ня будзе (зьмены ў заканадаўства ЭАЭС — «доўгая і складаная працэдура»), то Расея пакідае за сабой права на «эквівалентныя меры да беларускай прадукцыі».

У Беларусі тым часам прызнаюць распаўсюд «нейкай інфэкцыі», празь якую ў некаторых рэгіёнах масава забіваюць сьвіней, але ніяк не афрыканская чума — ніводнага выпадку яе афіцыйна не зарэгістравана. Каб адгарадзіцца ад гэтай невядомай «інфэкцыі», Польшча сабралася паставіць плот даўжынёю 729 кілямэтраў на мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай за 36 мільёнаў даляраў. За тры гады ў Беларусі зьнішчылі амаль усіх дзікоў, цяпер абмежавалі паляваньне на тых, што выжылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG