Аблога Будапэшту каштавала каля 38 тысяч жыцьцяў мірных жыхароў, 48 тысяч вугорскіх і нацысцкіх жаўнераў і 70 тысяч савецкіх і румынскіх вайскоўцаў.
Раней малавядомыя фатаздымкі тых падзей 1945 году былі перададзеныя ў вугорскі архіў.
Вышэйпрыведзенае фота, зробленае з Будайскай крэпасьці, зьяўляецца адным з сотняў здымкаў, што захоўваюцца ў вугорскім архіве Fortepan, на якіх адлюстраваныя маштабы разбурэньня Будапэшту пасьля 13 лютага 1945 г. У той дзень страляніна змоўкла пасьля сямі тыдняў разбурэньня, якое стане вядомым як аблога Будапэшту.
У канцы 1944 году савецкая Чырвоная Армія прасоўвалася на Захад у сваім паходзе на Бэрлін, але была спыненая ў ваколіцах Будапэшту рашучым адпорам нацысцкіх і вугорскіх жаўнераў.
Затым Чырвоная Армія і іх румынскія хаўрусьнікі акружылі Будапэшт, захапіўшы ў пастку дзясяткі тысяч нацысцкіх і вугорскіх войскаў і каля 800 тысяч мірных жыхароў. «Ніхто, апрача самых жорсткіх нацыстаў, ня верыў, што нейкая магія можа перадухіліць каляпс», — успамінаў адзін вугорац, які выжыў.
У сувязі з тым, што савецкія войскі наступаюць на прыгарады і выратавацца цяпер практычна немагчыма, многія мясцовыя жыхары спусьціліся ў падвалы, каб жыць «пацучыным жыцьцём» і чакаць свайго лёсу.
Вугоршчына, хаўрусьнік Нямеччыны, першапачаткова дазволіла нацысцкім арганізатарам Галакосту дэпартаваць сотні тысяч габрэяў у нямецкія лягеры сьмерці. Аднак пад узмацненьнем ціску кіраўнік Вугоршчыны Міклаш Хорці летам 1944 году загадаў спыніць дэпартацыі, паставіўшы габрэяў Будапэшту ў параўнальную бясьпеку.
Калі Чырвоная Армія набліжалася да Будапэшту, а Вугоршчына імкнулася выйсьці з вайны, нацысцкае кіраўніцтва замяніла Хорці жорсткай антысэміцкай партыяй «Крыж са стрэламі», каб гарантаваць, што Вугоршчына ня высьлізьне з альянсу пад кіраўніцтвам нацыстаў.
Хеўры прадстаўнікоў партыі, апісаныя мясцовымі жыхарамі як «адкіды грамадзтва», неўзабаве пачалі паляваць на габрэяў, якіх пазабівалі тысячы падчас аблогі. Ускудлачаныя апалчэнцы «Крыжа са стрэламі» таксама хадзілі па вуліцах у пошуках мужчын, якіх можна было запрасіць на вайсковую службу.
Адно дзіця-сьведка назірала са свайго акна, як габрэі былі пашыхтаваныя ў шэраг і расстраляныя апалчэньнем «Крыжа са стрэламі» на беразе ракі Дунай, якая выносіла целы.
«Сэрца калацілася, я пабегла назад у пакой пасярод кватэры і села на падлогу, хапаючы ротам паветра», — напісала яна пазьней.
Калі савецкія войскі пры наступе прыбылі ў іхныя кварталы, мясцовым жыхарам было мала чаго сьвяткаваць. У той час як многія чырвонаармейцы прыносілі мірным жыхарам ваду і цыгарэты, іншыя кралі і рабавалі. «Бац-бац-бац аб сьцяну склепа», — успамінала адна жанчына сваю першую сустрэчу з чырвонаармейцамі.
«Потым мы вывучылі слова „часы, часы“, што азначала „гадзіньнік“, бо салдаты прыходзілі і забіралі гадзіньнікі ў людзей, хто меў наручныя».
Незьлічоная колькасьць жанчын былі згвалтаваныя савецкімі вайскоўцамі.
«Я магла добра размаўляць па-расейску і сказаць ім, што я на іхным баку», — расказала адна жанчына, якая ў той час была падлеткам, гісторыю пра свой досьвед адбіваньня сэксуальнага гвалту. «Вы маглі адгаварыць сябе ад гэтага... Вы павінны былі мець магчымасьць пабалбатаць зь імі. Гэта не заўсёды было лёгка».
Калі нямецкія і вугорскія войскі адступілі на захад цераз Дунай, каб зрабіць бясплённую апошнюю стаянку вакол Будайскай крэпасьці, яны зьнішчылі ўсе пакінутыя пралёты над ракой за імі. Знакаміты мост Лізаветы (уверсе) больш ніколі ня быў адноўлены ў сваім першапачатковым выглядзе.
Калі апошні супраціў пад кіраўніцтвам нацыстаў ахапіў заходні бок Буды, некаторыя з найлепшых у Эўропе каралеўскіх архітэктурных аб'ектаў былі зьнішчаныя артылерыяй, калі савецкія войскі білі па тэрыторыі, кантраляванай нацыстамі.
Да таго часу, калі 13 лютага 1945 году Чырвоная Армія ўзяла Будапэшт пад поўны кантроль, каля 80% будынкаў Будапэшту былі пашкоджаныя або разбураныя ў выніку баявых дзеяньняў і бамбаваньняў хаўрусьнікамі, якія папярэднічалі аблозе.
Вугорскі ваенны фатограф Робэрт Капа прыбыў у Будапэшт пасьля блякады. Ён апісаў свой родны горад як «прыгожую жанчыну з выбітымі зубамі».
Неўзабаве пасьля перамогі ягонага войска ў Будапэшце савецкі кіраўнік Ёсіф Сталін даў намёк на тое, што чакае Вугоршчыну, калі сказаў югаслаўскаму палітыку: «Хто займае тэрыторыю, той навязвае ёй свой грамадзкі лад».
Празь некалькі дзён пасьля паразы нацыстаў у Будапэшце пачалі адкрывацца кавярні і пачалося аднаўленьне Вугоршчыны, якая стане зусім іншай.