Лібэральны маскоўскі экспэрт Дзьмітры Арэшкін ацаніў хвалю публікацыяў у расейскіх СМІ, скіраваную супраць беларускага сувэрэнітэту, у тым ліку пагрозы анэксіі на ўзор крымскай.
Расейскія СМІ ўзмацняюць інфармацыйную і ідэалягічную атаку, скіраваную на Беларусь. У ход ідуць тэзы пра дыялектны і штучны характар беларускай мовы, прыярытэт супольнай з Расеяй гісторыі, гучаць абвінавачаньні ў падрыхтоўцы беларусаў да збройнага супрацьстаяньня Расеі.
«Беларускія „дэмакраты“, якія называюць сябе „нацыянальна-сьвядомымі“, перайшлі ўсе межы ня толькі здаровага сэнсу, але і маралі. У сваіх артыкулах, выступах, кнігах і „навуковых“ працах яны імкнуцца даказаць, што ў беларусаў і рускіх няма агульных гістарычных каранёў, і што рускі народ, Расея заўсёды былі галоўнымі ворагамі беларусаў, супраць якіх яны ледзь не пастаянна ваявалі», — цытуе ліст чытача менскі карпункт газэты «Правда».
Lenta.ru піша, што «Малады фронт» рыхтуецца да ваеннага супрацьстаяньня з Расеяй.
«У канцы мінулага году «Малады фронт» заснаваў і стварыў ваенна-патрыятычнае аб’яднаньне «Ваяр», якое цяпер ня толькі актыўна вярбуе прыхільнікаў, але і праводзіць патрыятычныя трэніроўкі на адкрытым паветры. Дарэчы, з падобных мерапрыемстваў у суседняй Украіне пачыналася дзейнасьць забароненай у Расеі экстрэмісцкай арганізацыі «Правы сэктар». Розьніца толькі ў тым, што байцы беларускага «Ваяра» адразу пазначылі сваёй мэтай «супрацьстаяньне пятай пракрамлёўскай калёне ў Беларусі і расейскай агрэсіі, якую гэтая пятая калёна рыхтуе».
Вядомы расейскі эканаміст Сяргей Аляксашанка ў інтэрвію «Эхо Москвы» закранае тэму магчымай анэксіі Беларусі па крымскім сцэнары:
«Мы пасварымся зь Беларусьсю роўна ў той момант, калі яна абвесьціць пра сваё рашэньне пайсьці ў Эўропу. Ну, для гэтага яна павінна прайсьці свой шлях: зьняць санкцыі і гэтак далей. Але роўна ў той момант, калі Беларусь абвесьціць пра свой паход у Эўропу, будзе зьдзейсьнена далучэньне Беларусі да Расеі па аналёгіі з крымскім сцэнаром. Вось так».
Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць такія словы расейскага палітоляга Дзьмітрыя Арэшкіна:
«20 год таму расейскія патрыёты з усёй моцы падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку, бо ўспрымалі яго як апазыцыю лібэралізацыі. Ён такім і быў, але пад уплывам аб’ектыўных тэндэнцыяў Лукашэнка, захоўваючы аўтарытарны рэжым кіраваньня, усё больш стараецца захаваць сувэрэнітэт Беларусі і абараніцца ад замахаў усходняга суседа. Усё шырэй ён усьміхаецца Эўрапейскаму Зьвязу, разьлічваючы атрымаць там фінансавую падтрымку, бо з Масквы атрымлівае ўсё менш і менш рэсурсаў.
Калі б Масква была сталіцай сучаснай дзяржавы з высокім тэхналягічным і культурным узроўнем, то ёй ня трэба было б займацца штучным прасоўваньнем расейскай мовы.
Гэтаксама як ня трэба штучна прасоўваць ангельскую мову — увесь сьвет і так яе вывучае, хоць ужо даўным-даўно няма Брытанскай імпэрыі. Але расейская мова пастаянна выкарыстоўваецца дзеля пісаньня кепскіх прапагандысцкіх артыкулаў, таму яна прываблівае ўсе менш і менш людзей. А пытаньне нацыянальнай ідэнтычнасьці цяпер вельмі падымаецца. Мы гэта бачым на прыкладзе Прыбалтыкі, Польшчы, Беларусі. Гэта натуральна і непазьбежна. Але гэта выклікае дзікае раздражненьне ў расейцаў, якія лічаць, што маюць права мысьліць савецкімі катэгорыямі. Яны дзьмуць супраць ветру, таму заўсёды прайграюць. І калі Ўладзімер Пуцін кажа, што яму наносяць „удар у сьпіну“, у перакладзе з савецкай мовы гэта азначае, што ён няправільна пралічвае рызыкі і няправільна рэалізуе няправільную стратэгічную ўстаноўку. Расеі чамусьці ўсе наносяць „удары ў сьпіну“. І Ўкраіна, і Турэччына, і Сырыя, і цяпер Беларусь.
Рэакцыя ў СМІ гістэрычная: Беларусь ледзь не агрэсар, Беларусь ледзь ня вораг. Гэта мэйнстрым. Хоць Беларусь робіць тое, што павінна рабіць любая нацыянальная краіна, — фармуе сваю ідэнтычнасьць, аднаўляе сваю мову і хоча захаваць свой сувэрэнітэт, у тым ліку ад людзей, якія лічаць сябе старэйшымі братамі».
Дзьмітры Арэшкін разам з тым лічыць, што ў ваенным сэнсе для Беларусі пагрозы няма.
«У Расеі няма матэрыяльных, фінансавых, дэмаграфічных, дыпляматычных рэсурсаў для таго, каб сілай прышпіліць Беларусь да сябе.
Таму ўсё часьцей спроба мабілізаваць пуцінскі патрыятычны электарат пераводзіцца ў ідэалягічную сфэру. Маўляў, вось і беларусы нам здрадзілі, вось і беларусы нанесьлі нам удар у сьпіну. Дык, можа, ня трэба было паварочвацца да іх сьпінаю?»