Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька «рэгнумаўца» Алімкіна: «Як загадаюць, такі і будзе вырак суду»


Дзьмітры Алімкін на судзе
Дзьмітры Алімкін на судзе

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс у справе аўтараў інтэрнэт-рэсурсу Regnum. Трох грамадзянаў Беларусі вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Валеры Алімкін, бацька аднаго з падсудных Дзьмітрыя Алімкіна, пракамэнтаваў Свабодзе хаду працэсу.

«Зрабілі ўсё на загад зьверху, — мяркуе ён. — Прачытаў адзін, не спадабалася, і даў каманду. А тады сьледчыя зьляпілі справу і цяпер мы бачым, як усё на працэсе тырчыць, бо шыта белымі ніткамі».

Паводле Алімімкіна-старэйшага, значную ролю ў завядзеньні справы адыграла былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч.

Былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч і дырэктар Russia Today Дзьмітры Кісялёў, архіўнае фота
Былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч і дырэктар Russia Today Дзьмітры Кісялёў, архіўнае фота

Пра свайго сына Алімкін-старэйшы сказаў, што той вельмі разумны, мае тры вышэйшыя адукацыі. А чаму ж працаваў перад арыштам ахоўнікам школы?

«Яшчэ пару гадоў таму быў у яго свой бізнэс, некалькі невялікіх крамаў, але як увесь гандаль захапілі вялікія сеткі, дык праз высокую арэнду на пацягнуў», — кажа ён пра сынаў бізнэс. Паводле яго, сын уладкаваўся на працу ахоўнікам, каб мець больш вольнага часу і «папісваць свае артыкулы».

«Казаў яму — ідзі да мяне ў банк, але ён не захацеў», — сьцьвярджае бацька падсуднага.

Бацька маральна падтрымлівае сына, а на пытаньне, чаму той гэтак варожа ставіцца да беларускай мовы, паціскае плячыма.

«Можа не вывучаў мову? Ды не, нібыта вывучаў, — кажа Валеры Алімкін і згадвае, што сын закончыў 1-ю гімназію Берасьця.

«Сын ня скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў вязьніцы і нічога не казаў пра ціск з боку сьледчых»

Ужо больш за год аўтары Regnum знаходзяцца на «Валадарцы». Бацька Дзьмітрыя Алімкіна сказаў, што сын ня скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў вязьніцы і нічога не казаў пра ціск з боку сьледчых.

«Было толькі тое, што сьледчы напалову непісьменны. Я зь ім проста пагаварыў, а ён пачаў паўсюль казаць, што я нібыта яму пагражаў», — кажа Алімкін-старэйшы.

Наконт пэрспэктываў справы Валер Алімкін ня мае пэўнага прагнозу. Прызнае, што падсудных могуць вызваліць пасьля працэсу, фармальна прызнаўшы вінаватымі ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці і даўшы ўмоўныя тэрміны.

«Але могуць і яшчэ пасадзіць. Прадказаць цяжка, бо невядома, якая ляйчына трапіць пад хвост», — кажа ён.

Пра судзьдзяў Алімкін-старэйшы перакананы, што «як загадаюць, такі вырак і будзе». Пры гэтым ён мяркуе, што з чарговым абраньнем прэзыдэнтам Расеі Ўладзіміра Пуціна сытуацыя ў Беларусі можа зьмяніцца. Чаму яна не мяняецца цяпер, Алімкін-старэйшы не патлумачыў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG