Мост цераз мэліярацыйны канал на выезьдзе з Чашнікаў прызналі аварыйным. Але замест рамонту па ім забаранілі рух транспарту, цяжэйшага за 2 тоны. У выніку да жыхароў не даяжджаюць ні рэйсавы аўтобус, ні аўтакрама.
З 4 студзеня скасвалі аўтобусныя рэйсы ў вёску Бразьдзецкая Слабада. Раней аўтобус хадзіў тройчы на суткі. На ім езьдзілі вяскоўцы і жыхары чашніцкага раёну «Льнозавод».
Да прыпынку «Бразьдзецкая Слабада» аўтобус цяпер не даяжджае два кілямэтры. Доўга ісьці пешшу вельмі нязручна, асабліва старым і дзецям, дый дарога ня ў лепшым стане, кажа мясцовая жыхарка — спадарыня Ніна.
«На дарозе выбоіны, лужыны, якія не высыхаюць цэлы год — бо ў нас шмат вільгаці, зусім побач цячэ рэчка Вула. Куды зьвяртацца? У каго прасіць? Ні ў кога мы нічога ня просім, нікому ня скардзімся. Усё зарасло хмызьняком. І таго моста за ім амаль не відаць!» — кажа жанчына.
Паводле спадарыні Ніны, бяз транспартнага злучэньня засталіся некалькі соцень чалавек. Калі апошні раз рамантавалі мост цераз мэліярацыйны канал, што перасякае дарогу, суразмоўніца прыгадаць ня можа. Кажа, што збудаваны ён на пачатку 1950-х, з тае пары так і стаіць.
Сёньня добра заўважна, што мост «прасеў». Адзінае, што зрабілі пасьля прызнаньня яго аварыйным — гэта падсыпалі грунт з аднаго боку. Цяпер па мосьце езьдзяць толькі легкавікі ды раварысты. Ровар будзе цяпер самым запатрабаваным відам транспарту, робіць прагноз спадар Андрэй з Бразьдзецкай Слабады.
«На роварах будзем езьдзіць у краму ў Чашнікі. Бо наша ўжо даўно зачыненая. Хадзіла аўтакрама два разы на тыдзень. Але цяпер ня прыйдзе — па такім мосьце. Або нешта будуць прыдумляць — спыняць яе на гары, дзе цяпер спыняецца аўтобус. А як давалачы харчы? Вядома ж, на ровары! Калі ён ёсьць», — кажа спадар Андрэй.
Ужо колькі дзён, як у вёсцы не чуваць трактароў: яны стаяць на прыколе, бо цераз мост цяжкой тэхніцы езьдзіць забаронена. Як увесну будуць абрабляць палі за вёскай, мясцовыя жыхары не ўяўляюць. Як будзе хадзіць транспарт на льнокамбінат, што адразу за мостам, — таксама пытаньне.
У Бразьдзецкую Слабаду можна трапіць і ў абʼезд, церазь вёску Жасьцянку, але тады шлях павялічваецца на 12 кілямэтраў.
Рамантаваць мост улады не сьпяшаюцца: пакуль толькі створана адмысловая камісія па яго абсьледаваньні.