У людзей засталіся лічаныя дні, каб выказаць сваё меркаваньне пра «Горадабудаўнічы праект дэтальнага плянаваньня тэрыторыі ў межах вуліц Старавіленская — Кісялёва — Куйбышава — Камуністычная». Паміж сабой жыхары называюць гэты плян ПДП.
«Хто дазволіў ім абмяркоўваць знос нашага раёну?!»
абноўлена
Жыхары менскага раёну Асмалоўка выйшлі на сход у двары.

1
Афіцыйны тэрмін грамадзкага абмеркаваньня сканчваецца 17 ліпеня. Пад разнастайнымі зваротамі — калектыўнымі і асабістымі — падпісаліся ўжо тысячы чалавек.

2
Абвесткі пра сход зьявіліся на дзьвярах пад’ездаў і ў сацыяльных сетках. Ніхто ня ведаў, хто іх разьмясьціў. Жыхар Асмалоўкі Андрэй Эзерын кажа, што пасьля пагрозы зносу ўтварылася ўжо некалькі ініцыятыўных груп, і яны ня надта скаардынаваныя паміж сабой. Але ўсе хочуць аднаго і таго ж: адмяніць ПДП і не дапусьціць зносу.

3
«А дзе аўтазак?», — пытаецца сталы мужчына, пабачыўшы ў двары некалькі дзесяткаў суседзяў. На сход прыйшлі старыя і малыя, зь дзецьмі на руках і ў вазочках, на роварах, з сабакамі і подпісамі супраць зносу.
«Тут ужо трэцяе пакаленьне жыве! Трэцяе!» — кажуць у грамадзе.
Сучасная Асмалоўка — гэта некалькі кварталаў забудовы канца 1940-пачатку 1950-х гадоў у самым цэнтры Менску. Шмат зеляніны і кветак, у дварах сушаць бялізну і гатуюць шашлыкі, жыхары ведаюць адно аднаго ў твар, а менчукі і турысты прыходзяць сюды замілоўвацца.
«Тут ужо трэцяе пакаленьне жыве! Трэцяе!» — кажуць у грамадзе.
Сучасная Асмалоўка — гэта некалькі кварталаў забудовы канца 1940-пачатку 1950-х гадоў у самым цэнтры Менску. Шмат зеляніны і кветак, у дварах сушаць бялізну і гатуюць шашлыкі, жыхары ведаюць адно аднаго ў твар, а менчукі і турысты прыходзяць сюды замілоўвацца.

4
«У нас тут пад 40 старонак парушэньняў ПДП. Гэта тычыцца і гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, якія знаходзяцца каля Асмалоўкі, і транспарту, і генплянаў Менску, і экалягічных і іншых парушэньняў. Усю працу, якую магла зрабіць грамадзкая арганізацыя, мы ў межах гэтага абмеркаваньня, зрабілі. Усе подпісы пад зваротам будуць аднесеныя заўтра ў адміністрацыю Цэнтральнага раёну», — важкі стос папераў з заўвагамі па ПДП паказваюць усім прысутным. Раздалі таксама паперкі з адрасам у інтэрнэце, дзе зварот можна падпісаць цалкам.

5
«Трэба па выніках грамадзкага абмеркаваньня адхіліць ПДП. Бо калі мы адхілім грамадзкае абмеркаваньне, значыць, мусіць быць другое грамадзкае абмеркаваньне ўжо з выкананьнем усіх правіл. А нам яно трэба? Абсалютна ня трэба!» — кажа адна з ініцыятарак звароту.

6
«Гэта грамадзкае абмеркаваньне чаго? Зносу нашага? Дык мы супраць зносу! Патлумач, які закон пра грамадзкае абмеркаваньне, калі я не хачу грамадзкага абмеркаваньня? Я супраць таго, каб нейкія людзі, без маёй згоды вырашалі, што тут рабіць. Я ім такога дазволу не даваў. У мяне тут уласнасьць. У мяне не барак. У мяне добрая „сталінка“, ня ў кожнага такое ёсьць», — людзям прапанавалі даць згоду на знос іхных дамоў, але не прапанавалі нічога ўзамен іх жытла.

7
«Памятаю, як палонныя немцы будавалі гэтыя дамы. Я ім хлеб насіў, праз дрот падаваў, — Мікалай Усеваладавіч жыве ў Асмалоўцы з 1946 году. — Ад нас нічога не залежыць. Мы старыя людзі, сярэдні кляс, бедната. Таму і робяць так з намі».

8
«Наш горад і так перанаселены! Адзін з самых густанаселеных гарадоў Эўропы. У 2014 годзе наш прэзыдэнт, паважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў, што ня будзем больш ушчыльняць горад. А нашыя ПДП толькі ўшчыльняюць!» — адзін з аргумэнтаў, якія прыводзяць людзі. Паводле новага пляну, на месцы Асмалоўкі, дзе цяпер жыве каля тысячы чалавек, будуць узьведзеныя да 91 тысяч квадратных мэтраў новага жытла.

9
«Зьвярніце ўвагу. Там (у ПДП) дзіцячыя садкі намаляваныя і выходзяць на гандлёвую вуліцу. Гэта проста сьмешна! Ня будзе там ніякіх садкоў, нічога ня будзе», — людзі падазраюць, што падчас грамадзкага абмеркаваньня зь іх толькі выцягваюць згоду на знос пад праект, які, на іх думку, зроблены з памылкамі і яшчэ ня мае інвэстара.

10
«Яны хапнулі кавалак зямлі, а пасьля перакрояць, ты ж сам ведаеш. Ім трэба факт. Грамадзкае абмеркаваньне было? Тады яны на падставе яго выносяць рашэньне пра адабраньне зямлі. І вы пазбаўляецеся ўласнасьці. Да пабачэньня! Працэс вельмі просты, і яны яго праходзяць ужо тысячны раз», — вялікага даверу да дзеяньняў уладаў людзі не выказвалі.

11
Тры гады таму Андрэй Эзерын (у цэнтры) пачаў гуртаваць грамаду ў Асмалоўцы. «Калі мы ўтрох пачыналі гэта ўсё, мы селі і сказалі: „Мы займаемся безнадзейнай справай. Але мы ўсё ж паспрабуем“. Сёньня ў мяне надзей больш. За тры гады мы стварылі моцную абарону Асмалоўкі».

12
Дзяніс Кобрусеў (зьлева) зь ініцыятывы «Генплян для менчукоў» тлумачыць, што чакае жыхароў Асмалоўкі далей:
«Першы варыянт: ПДП цалкам адхілены. Гэта дае нам магчымасьць дапрацаваць свой плян, як можа разьвівацца гэты раён без зносу. Другі варыянт: ПДП адпраўляюць на дапрацоўку. У нас таксама зьявіцца лякуна для камунікацыі з Камітэтам архітэктуры, адміністрацыяй Цэнтральнага раёну і Менсграда аб тым, каб ПДП не прадугледжваў знос. Гэта пазытыўныя варыянты».
Калі ПДП зацьвердзяць, то гэта «нэгатыўны варыянт», — кажа Дзяніс. Але пакуль што ён спадзяецца, што гэтага не адбудзецца.
«Першы варыянт: ПДП цалкам адхілены. Гэта дае нам магчымасьць дапрацаваць свой плян, як можа разьвівацца гэты раён без зносу. Другі варыянт: ПДП адпраўляюць на дапрацоўку. У нас таксама зьявіцца лякуна для камунікацыі з Камітэтам архітэктуры, адміністрацыяй Цэнтральнага раёну і Менсграда аб тым, каб ПДП не прадугледжваў знос. Гэта пазытыўныя варыянты».
Калі ПДП зацьвердзяць, то гэта «нэгатыўны варыянт», — кажа Дзяніс. Але пакуль што ён спадзяецца, што гэтага не адбудзецца.

13
«Я паезьдзіў па сьвеце, нідзе ня бачыў, каб у цэнтры гораду захавалася такая атмасфэрная забудова, зялёная, якую любяць жыхары гораду і ня толькі тыя, хто тут жыве, — кажа малады чалавек Георгі, які нарадзіўся і жыве ў Асмалоўцы. На сход ён прыйшоў з сабакам Верай. — Гэтае рашэньне нечалавечае. Яго прыняла сыстэма. І гэта сыстэмная памылка, якую людзі могуць выправіць, калі дамовяцца і пабачаць сэнс у захаваньні гісторыі нашага маленькага раёнчыку».