Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не хачу чуць пра палітычных вязьняў у Беларусі, — эўрапарлямэнтар Антоніё Лопэз-Істурыз Ўайт


Антоніё Лопэз-Істурыз Ўайт (у цэнтры) у Менску
Антоніё Лопэз-Істурыз Ўайт (у цэнтры) у Менску

Палітык сустрэўся ў Менску з актывістамі руху «За Свабоду», БХД і АГП, якія будуць балятавацца падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў.

У Менску 30 чэрвеня прайшла канфэрэнцыя «Кансэрватыўныя каштоўнасьці ў сучаснай беларускай палітыцы». Імпрэзу ладзіла правацэнтрысцкая кааліцыя, куды ўваходзяць рух «За Свабоду», БХД Абʼядная грамадзянская партыя.

Асаблівасьцю канфэрэнцыі стаў візыт генэральнага сакратара Эўрапейскай народнай партыі, эўрапарлямэнтара ад Гішпаніі Антоніё Лопэз-Істурыза Ўайт (Antonio López-Istúriz White) і міжнароднага сакратара Эўрапейскай народнай партыі Патрыка Волера.

Гэта першы візыт у Беларусь кіраўніцтва Эўрапейскай народнай партыі. Эўрапейская народная партыя — найбуйнейшая партыя ў Эўрапарлямэнце. Стварылася ў 1976 годзе і стаяла ля вытокаў Эўрапейскага зьвязу. Базуецца на хрысьціянска-дэмакратычных і кансэрватыўных каштоўнасьцях.

Як адзначыў спадар Антоніё, галоўная прычына цікавасьці да Беларусі з боку эўрапейскіх палітыкаў — тое, што неўзабаве адбудуцца парлямэнцкія выбары, і яны будуць праходзіць ва ўмовах скасаваньня эўрапейскіх санкцый зь беларускіх чыноўнікаў.

«Я тут не для таго, каб змагацца з кімсьці, а каб працаваць на карысьць Беларусі. У Эўропе цяпер набірае абароты папулізм. Эканамічны крызіс, уцекачы, тэрарызм — усё гэта стварае ўрадлівую глебу для таго, каб папулізм квітнеў. Наша партыя змагаецца супраць папулізму. Глядзіце: цяпер большасьць брытанцаў за тое, каб застацца ў Эўрапейскім зьвязе. Яны сталі ахвярамі папулістаў, які карысталіся фальшывымі зьвесткамі, каб схіліць электарат на свой бок. Цяпер людзі адкрываюць вочы», — сказаў генеральны сакратар Эўрапейскай народнай партыі ў сваёй прамове.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь — надзвычай важная краіна як для Эўрапейскага Зьвязу, так і для Расеі:

«Беларусь вельмі важная краіна для Эўразьвязу і для Расеі. Беларусь — гэта Эўропа.

Мы хочам, каб Беларусь пайшла па Эўрапейскім шляху разьвіцьця. Але акупацыя Крыму — гэта прычына праблемаў і перасьцярогаў у Эўропе. Таму цяпер прыйшоў час для Эўрапейскага зьвязу і Беларусі, каб займець агульны падыход. Але ня ўсякім коштам. Мы павінны палепшыцца і нашы стасункі павінны палепшыцца. ЭЗ ужо зрабіў значны крок — скасаваў санкцыі і падвоіў фінансаваньне праграм, накіраваных на Беларусь. Гэта вельмі шмат. У вас неўзабаве выбары. Некаторыя думаюць, што гэта дэжавю, што пасьля выбарчай кампаніі мы атрымаем тое самае, што бывае пасьля кожных выбараў у Беларусі. Але давайце ўсе разам працаваць, каб такога адчуваньня не было пасьля выбараў, каб нешта зьмянілася».

Эўрапарлямэнтар адзначыў, што Эўропа будзе зьвяртаць вялікую ўвагу на тое, як пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў у Беларусі:

«Я не хачу, каб людзей запалохвалі за тое, што яны хочуць балятавацца, не хачу чуць пра палітычных вязьняў, пра тое, што дэмакратычныя прадстаўнікі не ўключаныя ў выбарчыя камісіі. Уся Эўропа ня хоча гэтага. Але менавіта беларускія ўлады павінны зрабіць крокі ў гэтым кірунку. Я хачу, каб у людзей не было праблем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG