Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Макоўскі: Беларускі дом у ХХІ стагодзьдзі павінен быць сучасным


Андрэй Макоўскі: Беларускі дом у ХХІ стагодзьдзі мусіць быць сучасным
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:18 0:00
Наўпроставы лінк

Якім павінен быць сучасны беларускі дом? Як спалучыць у ім нацыянальную традыцыю і найноўшыя сусьветныя тэндэнцыі ў архітэктуры і інтэр’ерах? З чаго паўстаюць сучасныя ідэі? Якім архітэктурным формам аддае перавагу сярэдняя кляса Беларусі? Ці можа быць бізнэс у творчых галінах тут пасьпяховым? І ці спрыяе беларуская мова таму, каб знайсьці сваю нішу на рынку? Над гэтымі пытаньнямі разважае малады архітэктар, заснавальнік архітэктурнай студыі ZROBYM Андрэй Макоўскі (Андрусь Бездар).

Фрагмэнты перадачы

Вячаслаў Ракіцкі: Як вы разумееце беларускі дом?

Андрэй Макоўскі: Калі мы будуем дом сёньня, у ХХІ стагодзьдзі, то ён усё ж павінен быць сучасным. Я не люблю рэплікі на беларускія хаты — калі ў ХХІ стагодзьдзі будуюць традыцыйныя беларускія хаты і кажуць, што гэта беларуская стылістыка. А гэта не зусім так. Трэба працаваць у сваім часе. І трэба працаваць паводле пэўных сусьветных тэндэнцыяў. У той жа час ёсьць пэўныя канструктыўныя прыёмы, якія насамрэч характэрныя для Беларусі. Найперш — калярыстычныя прыёмы, характэрныя для Беларусі. Таксама ўжываньне нашых матар’ялаў. Напрыклад, дрэва, вельмі беларускі матар’ял, таму што ў нас шмат лесу. У Беларусі спрадвеку ўсё будавалася з дрэва. Выкарыстаньне дрэва — вельмі беларускі прыём. Белыя сьцены таксама, бо ў нас мала сонца і шмат пахмурных дзён. Белыя сьцены дазваляюць рабіць інтэр’еры больш сьветлымі, а беларусы заўсёды імкнуліся да сьвятла. Нават слова «беларусы» зьвязанае зь белым колерам. Мы актыўна выкарыстоўваем гэтыя беларускія прыёмы, але ўсё ж спрабуем рабіць інтэр’еры ня толькі абапіраючыся на беларускі стыль, але і ў сусьветных тэндэнцыях.

Ракіцкі: Вы падыходзіце да кліента.індывідуальна. Вы, як самі дэкляруеце, наладжваеце «адносіны паміж чалавекам і формай у прасторы». Які б інтэр’ер кватэры вы прапанавалі мне? Я — чалавек сучасны, мужчына, люблю авангард і ўтульнасьць. Беларушчына для мяне прынцыповая, але цярпець не магу папсовага і спэкулятыўнага падыходу да яе. Якія дэталі, колеры вы б прапанавалі для дэкору маёй сьціплай кватэры?

Калі да нас прыходзілі людзі і казалі, што яны хочуць пабудаваць сабе замак, мы ім казалі: пачакайце, паглядзіце, што будуюць у сьвеце, там ужо замкі не будуюць, бо наш час — не сярэднявечча

Макоўскі: Трэба ў прынцыпе распрацоўваць інтэр’ер цалкам.

Ракіцкі: Вышыванку адкінем...

Макоўскі: Адкінем. У нас у студыі ёсьць такая анкета, якую мы даем запоўніць кожнаму чалавеку, які да нас прыходзіць. Там кліенты пакідаюць асабістую інфармацыю пра сябе: якую музыку слухаюць, які лад жыцьця ў яго... І тады мы нешта адпаведнае прапаноўваем яму. Бяз гэтага немагчыма даць прапанову. Гэта было б непрафэсійна.

Ракіцкі: Хто вашы кліенты?

Макоўскі: Большасьць нашых кліентаў — праграмісты.

Ракіцкі: Яны больш зарабляюць і больш прасунутыя?

Макоўскі: Так. Яны і погляды маюць блізкія да нашых. Мы падлічылі, што прыкладна 80 адсоткаў нашых замоўцаў — гэтак званыя «айцішнікі». Таксама ёсьць фатографы і людзі іншых творчых прафэсіяў.

Ракіцкі: Вы часта ідзяце на павадку ў замоўцы? Ці ўсё ж пераконваеце яго? І тым самым выхоўваеце густы. Вядома ж, з густамі і ў Беларусі, і на ўсёй постсавецкай прасторы ня ўсё ладна. Вырваліся з краіны, дзе быў заўсёды дэфіцыт, дзе і шпалеры ў цаглінкі па 60 капеек за трубку былі радасьцю, і ўсе па іх стаялі ў чэргах...

Макоўскі: Цяпер ужо прасьцей, бо да нас прыходзяць кліенты такіх жа, як і ў нас, поглядаў. Нам ня трэба іх пераконваць, якую архітэктуру ім трэба рабіць, бо яны бачылі нашы працы і хочуць нешта такое ж зрабіць і сабе. Раней было больш складана. Мы праводзілі своеасаблівы лікбез. Калі да нас прыходзілі людзі і казалі, што яны хочуць пабудаваць сабе замак, мы ім казалі: пачакайце, паглядзіце, што будуюць у сьвеце, там ужо замкі не будуюць, бо наш час — не сярэднявечча.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG