Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы экспэрт: «Пры сучасных сродках тэхнічнай выведкі схаваць баявую тэхніку і войскі немагчыма»


Вывад расейскай бранятэхнікі пасьля вучэньняў «Захад-2017»
Вывад расейскай бранятэхнікі пасьля вучэньняў «Захад-2017»

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін выказаў сумнеў, што расейскія войскі маглі застацца ў Беларусі пасьля вучэньняў «Захад-2017». Спадарожнікі ды іншыя тэхнічныя сродкі выведкі гэта могуць лёгка вызначыць.

Начальнік украінскага Генэральнага штабу Віктар Мужэнка ў камэнтары для агенцтва Reuters заявіў, што Расея пакінула ў Беларусі свае войскі пасьля вучэньняў «Захад-2017». Украінскі генэрал сьцьвярджае, што расейцы вывелі толькі авіяцыю зь Беларусі, каб стварыць карцінку вываду войскаў.

Віктар Мужэнка
Віктар Мужэнка

Паводле Міністэрства абароны Беларусі, апошні чыгуначны эшалён з вайскоўцамі і тэхнікай Узброеных сілаў Расеі, якія бралі ўдзел у вучэньнях «Захад-2017», выбыў 28 верасьня.

Экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін на просьбу Свабоды пракамэнтаваць заяву ўкраінскага генэрала Віктара Мужэнкі выказаў такое меркаваньне:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Я думаю, што з улікам сучасных сродкаў тэхнічнай выведкі, калі спадарожнік можа выявіць практычнага кожнага салдата — да таго ж, акрамя аптычнай выведкі, ёсьць інфрачырвоная выведка, радыёэлектронная выведка ды іншыя, — схаваць ніякія войскі немагчыма. Нават калі б і пасьмеў хто гэта зрабіць, было б ганебнае выкрыцьцё для ўсяго сьвету. Думаю, што нават спрабаваць ня будуць.

Да таго ж Беларусь — удзельніца Дамовы аб абмежаваньні звычайных узбраеньняў у Эўропе. І іншыя падпісанты гэтага пагадненьня могуць запатрабаваць ад Беларусі інспэкцыі пазначанага раёну. То бок яны могуць прыехаць і спраўдзіць, калі ўзьнікнуць падазрэньні.

Таму я ня думаю, што хтосьці будзе рызыкаваць і хаваць тое, што заведама знойдуць, нават калі б і была такая нядобрая задумка. Таму я лічу, што, у прынцыпе, немагчыма. Ну, можа, нейкая кабета схавае нейкага прыблуднага расейскага салдаціка ў сябе на сенавале...

Ня думаю, што хтосьці будзе рызыкаваць і хаваць тое, што заведама знойдуць

Але каб нейкія сурʼёзныя часткі і падразьдзяленьні, да таго ж з баявой тэхнікай — сумняюся. Я мяркую, што заявы ўкраінскага генэрала Мужэнкі — гэта працяг той інфармацыйнай вайны, якая вялася да пачатку вучэньняў. Я спадзяваўся, што пасьля вучэньняў гэта ўсё спыніцца. Але, відаць, ня ўсе мэты дасягнуты. Украіна, вядома, жадае атрымліваць эканамічную, вайсковую дапамогу, дапамогу ўзбраеньнем. Акрамя таго, яна жадае, каб ёй, так бы мовіць, усясьветная грамадзкасьць спачувала як краіне, якая патэнцыйна можа зазнаць расейскую агрэсію. Я мяркую, вытокі падобных заяваў такія. Да рэчаіснасьці яны ня маюць ніякага дачыненьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG