Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суполка «Пагоня» падсумуе 25 гадоў сваёй дзейнасьці выданьнем альбома 


Афіша леташняй выставы мастакоў суполкі «Пагоня»
Афіша леташняй выставы мастакоў суполкі «Пагоня»

Рыхтуецца да друку мастацкі альбом на 25-годзьдзе мастацкай суполкі «Пагоня».

Празь нястачу грошай праца над выпускам каталёга зацягнулася даўжэй за плянаваныя тэрміны. Як кажа адзін з заснавальнікаў аб’яднаньня Аляксей Марачкін, нават моцнае жаданьне адзначыць юбілей з альбомам у руках не адпавядала рэальнай магчымасьці:

«Летась мы адзначылі юбілей нашай творчай суполкі „Пагоня“ — 25 гадоў яе існаваньня. Гэта была незвычайная дата, бо чвэрць стагодзьдзя — не такі ўжо і кароткі час. Але, шчыра кажучы, цяжкавата нам усё гэта даецца. Нават калі казаць пра рэалізацыю гэтага.

Тым ня меней, мы падыходзім да фінішу — альбом нарэшце друкуецца. З дапамогай ахвяраваньняў нашых мастакоў, неабыякавых людзей, проста тых, хто хацеў бы яго мець у прыватнай калекцыі. Для нас гэта найперш важна, каб падсумаваць нейкія прамежкавыя вынікі за 25 гадоў існаваньня нашай суполкі».

Нефармальны лідэр «Пагоні» Аляксей Марачкін і старшыня суполкі Генадзь Драздоў
Нефармальны лідэр «Пагоні» Аляксей Марачкін і старшыня суполкі Генадзь Драздоў

Цяперашні старшыня творчай суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў зазначае, што за апошнія два дзясяткі гадоў дзяржаўныя структуры не спрыялі аб’яднаньню, бо дзейнасьць мастакоў расцэньваецца як «апазыцыйная»:

«Ня хочуць дапамагаць, дык хоць бы не перашкаджалі працаваць. Адчуваецца моцны ціск і з боку кіраўніцтва Саюзу мастакоў, і Мінкульту, і іншых ведамстваў. Сёньня мастакам нашай суполкі зусім ня проста выставіцца дзесьці ў Беларусі са сваімі творчымі працамі, са сваім сьветапоглядам, сваім бачаньнем рэальнасьці. Зрэшты, ні для кога не сакрэт: тое, што цяпер мы маем у нашай краіне, далёкае ад ідэалаў сябраў нашай суполкі.

Хачу асабліва падкрэсьліць: „Пагоня“ — адзінае творчае аб’яднаньне, якое праіснавала 25 гадоў і па-ранейшаму цьвёрда стаіць на пазыцыях нацыянальных каштоўнасьцяў — мова, культура, гісторыя (сапраўдная, а не навязаная). Таму няпроста каталёг было выдаваць: усе сродкі мы здабывалі самі, ахвяравалі перадусім самі сябры суполкі. Нарэшце выходзім на фінішную прамую і спадзяюся, што хутка будзе магчымасьць павіншаваць адзін аднаго і зрабіць годную прэзэнтацыю».

Адна з працаў Генадзя Драздова
Адна з працаў Генадзя Драздова

Аляксей Марачкін пагаджаецца:

«Як нехта трапна сказаў — калі з Лукашэнкі і ягонай вэртыкалі санкцыі збольшага зьнялі, то зь сябраў творчай суполкі „Пагоня“ санкцыі дагэтуль ня зьнятыя. Як вынік, у справе выданьня таго ж альбома мы ня можам разьлічваць, напрыклад, на дапамогу нашага Саюзу мастакоў.

Хоць на пэўнае паразуменьне разьлічвалі — на жаль, усё марна. Я ўжо не кажу пра падтрымку з боку зацікаўленых дзяржаўных структураў, ведамстваў. Мы па-ранейшаму па-за інфармацыйнай увагай у сваёй жа краіне, у лепшым выпадку нас стараюцца проста не заўважаць. Ну, а што часьцяком здараецца падчас выставаў — лішні раз паўтарацца ня буду».

Аляксей Марачкін з эскізам працы да 1000-годзьдзя ВКЛ
Аляксей Марачкін з эскізам працы да 1000-годзьдзя ВКЛ


Вакол выставаў сябраў «Пагоні» раз-пораз здараюцца прыкрыя гісторыі: ідэолягі прымушаюць здымаць некаторыя карціны. У адваротным выпадку пагражаюць дачасна згарнуць усю калектыўную экспазыцыю. Гэтыя ды іншыя працы неўзабаве будуць сыстэматызаваныя пад адной вокладкай.

Агулам, як удакладняе Генадзь Драздоў, у розныя гады праз «Пагоню» прайшлі больш за 100 мастакоў:

«Альбом, як я спадзяюся, стане сапраўдным бэстсэлерам, бо высілкі ў яго стварэньне і „матэрыялізацыю“ ўкладзеныя неймаверныя. Больш за 100 чалавек за ўсю гісторыю існаваньня суполкі трэба было „пералапаціць“, сыстэматызаваць іх творчасьць, дакладна ўзгадніць творчую біяграфію. Праца надзвычай грунтоўная, ёмістая.

Але за год мы ўсё зрабілі, і думаю, што зусім хутка зьявіцца нагода яе ацаніць, павіншаваць адзін аднаго і паганарыцца за такую важную і патрэбную справу. Бо ўсё зроблена выключна сваімі сіламі».

«Крамольная» карціна Марачкіна: «Двубой, альбо супраціў дзьвюхгаловаму мутанту»
«Крамольная» карціна Марачкіна: «Двубой, альбо супраціў дзьвюхгаловаму мутанту»



Мастацкі том будзе надрукаваны абмежаваным накладам — тры сотні асобнікаў. У ім 230 старонак фармату 23×30 сантымэтраў з тэкстам і рэпрадукцыямі:

«Будзе салідны, шыкоўны альбом, — запэўнівае Генадзь Драздоў. — Так што, карыстаючыся магчымасьцю, мы ўжо загадзя рэклямуем свой альбом ды запрашаем на прэзэнтацыю, час правядзеньня якой будзе абавязкова абвешчаны. На жаль ці на шчасьце, але каталёг практычна адразу ж стане бібліяграфічнай рэдкасьцю, бо 300 асобнікаў — гэта ня так шмат. А дадатковы наклад мала імаверны, бо гэта, зноў жа, вялізнае фінансаваньне».

Творчая суполка «Пагоня» паўстала ў 1990 годзе ў складзе Саюзу мастакоў Беларусі. Прыдумалі і пасьпяхова рэалізавалі яе ў знакамітай майстэрні «На паддашку» Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава, браты Ўладзімер і Міхась Басалыгі.

Дэкляраванай мэтай — разьвіцьцё нацыянальнага мастацтва, захаваньне яго пераемнасьці, узбагачэньне традыцыяў, зьберажэньне і памнажэньне мастацкіх набыткаў культурна-гістарычнай спадчыны. Усё дзеля абуджэньня нацыянальнай самасьвядомасьці народу, ягонага духоўнага, культурнага і дзяржаўнага адраджэньня.

Адзін зь яскравых прадстаўнікоў “Пагоні” Сяржук Цімохаў (1960-2012)
Адзін зь яскравых прадстаўнікоў “Пагоні” Сяржук Цімохаў (1960-2012)



Сябрамі суполкі былі выбітныя беларускія мастакі розных пакаленьняў, многія зь якіх ужо адышлі ў іншы сьвет — Уладзімер Сулкоўскі, Сяргей Цімохаў, Віктар Маркавец, Тодар Копша, Генадзь Сокалаў-Кубай, Генадзь Асташонак, Віктар Сташчанюк, Яўген Кулік, Яўген Шатохін, Пятро Шарыпа, Кастусь Харашэвіч, Лявон Раманоўскі, Вольга Раманоўская, Міхась Раманюк, Яўген і Генрых Ціхановічы, Віктар Шматаў, Рыгор Кійко.

Цяпер у творчай суполцы «Пагоня» крыху больш за паўсотні беларускіх мастакоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG