Прадстаўнікі Беларускай антыядзернай кампаніі выступілі з адмысловаю заяваю з нагоды чарговай няштатнай сытуацыі на БелАЭС.
Учора, 27 сьнежня, афіцыйны сайт Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларуская атамная электрастанцыя» паведаміў, што на пачатку месяца падчас перавозкі корпусу рэактара адбылася няштатная сытуацыя — «дотык да апоры кантактнай сеткі». Паводле афіцыйнай інфармацыі, пашкоджаньняў на корпусе рэактара ня выяўлена і груз далей рухаецца згодна з зацьверджаным раскладам.
Беларуская антыядзерная кампанія ў сваёй заяве патрабуе стварыць камісію для расьсьледаваньня інцыдэнту, у якую ўвайшлі б незалежныя экспэрты і прадстаўнікі грамадзкасьці.
«З увагі на недапушчальна вялікую колькасьць парушэньняў, учыненых пры рэалізацыі праекту БелАЭС, уключаючы пачатак будаўніцтва інфраструктуры і рэактарнага будынку першага энэргаблёку пры адсутнасьці праектнай дакумэнтацыі і ліцэнзіі; парушэньне канвэнцыі Эспа і Орхускай канвэнцыі ААН...; парушэньняў працоўнага заканадаўства і нормаў тэхнікі бясьпекі, якія прывялі да гібелі людзей, а таксама немэтазгоднасьці і высокай экалягічнай небясьпекі лічым неабходным цалкам спыніць будаўніцтва БелАЭС і правесьці комплекснае расьсьледаваньне парушэньняў», — адзначаецца ў дакумэнце.