Міжнародная дасьледчая кампанія Nielsen апублікавала вынікі глябальнага дасьледаваньня настрою спажыўцоў у ІІ квартале 2017 году. Беларусы не ў гуморы.
Ва ўсіх рэгіёнах сьвету, паводле дасьледаваньня, настроі спажыўцоў у сярэднім крыху палепшыліся ў дачыненьні пэрспэктываў на рынку працы, ацэнкі ўласнага фінансавага стану і гатоўнасьці траціць грошы.
У Расеі індэкс спажывецкага даверу вырас да максымальных за апошнія пяць кварталаў 70 балаў (100 — аптымізм, 104 — сярэдні бал усяго сьвету), украінцы сталі таксама крыху больш аптымістычнымі з 57 баламі. А рэйтынг Беларусі ўпаў на два пункты зь мінулага году: цяпер 53 балы. Меней толькі ў Грэцыі — 52 балы.
Беларусаў турбуе рост цэнаў на прадукты харчаваньня (гэта называюць прычынай непакою 29% апытаных), стан нацыянальнай эканомікі (27%), падаражаньне «камуналкі» (25%) і пэрспэктывы захаваньня працоўных месцаў (24%).
Па-ранейшаму 92% беларусаў лічаць, што эканоміка краіны ў крызісе. Але цяпер крыху больш беларусаў кажуць, што маюць вольныя грашовыя сродкі: у III квартале 2016 году такіх было 75%, цяпер 78%. Таксама меней беларусаў сталі эканоміць на новым адзеньні (было 60%, стала 53%), забавах па-за домам (было 56%, стала 51%) і сьвятах (было 45%, стала 39%).
Тым часам афіцыйныя заробкі беларусаў растуць, а рэальныя даходы амаль перасталі падаць. Праўда, міністар эканомікі кажа, што заданьне Аляксандра Лукашэнкі давесьці заробкі да 1000 рублёў да канца году атрымаецца выканаць не для ўсіх, ды й рост заробкаў «адстае ад графіку».