Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч правёў сустрэчы ў Гомелі


Сёньня экс-кандыдат на прэзыдэнта, лідэр руху “За Свабоду” сустракаўся з жыхарамі Гомеля.


Пэнсіянэрка: “Нам трэба на двух тралейбусах дабірацца да сваёй паліклінікі. Туды адну тысячу і назад адну – дзьве тысячы рублёў за дарогу. А мы – пэнсіянэры, і за кватэру яшчэ трэба плаціць. Трэба, каб пабудавалі нам тут, у 17-м мікрараёне, дзьве паліклінікі: дзіцячую, каб дзяцей не вазіць і ня мучыць, і дарослую”.

Малады будаўнік: “Кажуць, што ў будоўлю ўкладваюцца вялікія грошы. Дзе яны? Мы як атрымлівалі заробак 500 тысяч рублёў, так і атрымліваем”.

Гараджанка сярэдняга ўзросту: “Дзеці багатых вучацца за дзяржаўны кошт, ім і будзе адрасная дапамога. А тым дзецям, якія за вучобу плацяць, і якім трэба за куском хлеба паехаць дахаты, – усё, няма нічога”.

Другая пэнсіянэрка: “Добра, дапусьцім, мы за вас прагаласуем…”

Мілінкевіч: “Я прыйшоў да вас не дзеля таго, каб вы галасавалі. Я прыйшоў паслухаць вас. І самому сказаць…”

Пэнсіянэрка: “Я непісьменная, шэсьць класаў скончыла. Вы, ці хто іншы – куды нас завядуць? У Амэрыку ці Польшчу? Калёніяй нас зробяць?”.

Мілінкевіч: “Я вам так скажу – яны ня хочуць нас браць. Гэта першае. Я вам проста скажу: хто б ні прыйшоў да ўлады, калі вы ня будзеце яго кантраляваць, ён сядзе сам на голавы”.

Пэнсыянэрка: “А што кантраляваць?”

Мілінкевіч: “Вы ў Гомелі мэра свайго выбіралі? Не выбіралі! Яго прызначылі. Начальніка вобласьці выбіралі? Не выбіралі! Яго таксама прызначылі. Так заўсёды будзе. І калі мяне выбяруць і вы ня будзеце кантраляваць, і я сапсуюся”.

Напярэдадні за распаўсюд улётак пра прыезд Мілінкевіча двое гомельскіх дэмакратычных актывістаў былі арыштаваныя на 7 і 5 сутак, яшчэ дваіх – аштрафавалі на буйную суму.

Гарвыканкам ня даў дазвол на правядзеньня сустрэчы з палітыкам у палацы культуры “Фэстывальны”, спаслаўшыся на яго занятасьць іншымі мерапрыемствамі.Таму сустрэчы з гараджанамі праходзілі на марозе ў дварах жылых дамоў. На іх зьбіраліся дзесяткі гараджанаў.

Найперш людзі абураліся адменай шэрагу сацыяльных льготаў дзецям, пэнсіянэрам, некаторым іншым катэгорыям насельніцтва.

Узьнімаліся пытаньні нізкіх заробкаў, бытавых нязручнасьцяў у жылых мікрараёнах.

Моладзь непакоіць адсутнасьць нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў.

Аляксандр Мілінкевіч так кажа пра свае сустрэчы з гамельчукамі:

“Я па краіне шмат ежджу, і на Гомельшчыне ня першы раз. Да людзей прыходзіць сьвядомасьць, што патрэбны перамены. Гэта адназначна. Яны ня ведаюць, як гэта зрабіць. Большасьць ня верыць яшчэ ў свае сілы. Але вось нават такія сустрэчы, нават на марозе стоячы, да людзей варта зьвяртацца.

Людзі пачынаюць разумець, што, па-першае, патрэбна салідарнасьць і патрэбна ўлада, якая адстойвае іх інтарэсы. Праз уладу людзі рэалізуюць свае правы, адстойваюць тое, што важна. Усе яны кажуць: у парлямэнце ёсьць чалавек, але ён ня можа іх адстаяць, галасуе супраць іх. Гэта важнае меркаваньне. Не таму, што мы змагаемся з канкрэтным дэпутатам – сыстэма ня тая.

Я ўпэўнены, што такія паездкі даюць штуршок для роздуму. Людзі прыйдуць дахаты, будуць абмяркоўваць. Прыйдуць на працу – таксама пачнуць казаць. Адзін ці дзесяць чалавек ня вырашаць праблему. А ўсе мы – павінны”.

Сустрэчы гараджанаў з Аляксандрам Мілінкевічам здымалі адразу на некалькі відэакамэраў людзі ў цывільным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG