Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч пачынае паездкі па краіне


Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч ладзіў сустрэчу з грамадзянамі каля будынку Першамайскага райвыканкаму.


Людзей прыйшло няшмат, але міліцыянты ў форме і ў цывільным прысутнічалі на сустрэчы і суправаджалі апазыцыянэра пасьля яе заканчэньня.

Аляксандр Мілінкевіч прыйшоў на сустрэчу з выбаршчыкамі а 6-й вечара, у той час, які быў пазначаны ва ўлётках, якія былі раскіданыя ў паштовыя скрыні жыхароў мікрараёну. На сход гарадзкія ўлады не далі дазволу.

Акрамя журналістаў і паплечнікаў Аляксандра Мілінкевіча на сустрэчы прысутнічалі некалькі жыхароў гораду. Аляксандр Мілінкевіч зьвярнуўся да прысутных:

“Не прыйшло шмат людзей, бо сустрэча была забароненая. Улада баіцца, баіцца проста людзкай размовы, баіцца праўды. На чым трымаецца яна, мы добра ведаем. Яна хлусіць, не дае свабоднай інфармацыі і палохае людзей. Але нас не застрашыш. Мы гэтыя паездкі, якія заплянавалі на два з паловай месяцы, будзем рабіць. Кожную пятніцу і суботу будзем выяжджаць і будзем езьдзіць-езьдзіць па ўсёй краіне і сустракацца з людзьмі. Людзі хочуць размовы, хочуць іншага, хочуць падыскутаваць. Для нас гэта вельмі важна”.

Адна жанчына падарыла Аляксандру Мілінкевічу кветку. Яна паразмаўляла з лідэрам руху. Жанчына прадставілася як Людміла Саром.

Саром: “Ён жа, Лукашэнка, ня пойдзе на вызваленьне Казуліна ды іншых палітвязьняў”.

Мілікевіч: “Ведаеце, калі мы будзем спаць у шапку, калі мы нічога рабіць ня будзем, то, канешне, ня пойдзе. Таму што ім вельмі балюча прызнацца, што яны саграшылі, што ні за што людзей пасадзілі. Вось тут ёсьць людзі, якія сядзелі ні за што, але іх удалося выцягнуць. Думаю, што гэта й наша салідарнасьць, і тых людзей, якія жывуць у дэмакратычных краінах. Таму будзем біцца за праўды і абаронім дакладна”.

Саром: “А зьніклыя... Ён жа дакладна ня скажа, дзе яны знаходзяцца”.

Мілінкевіч: “Калі будзе справядлівы суд і справядлівае расьсьледваньне, усё стане на свае месцы. Такія рэчы не схаваеш пад зямлю”.

Саром: “Я на вашым баку”.

Падчас сустрэчы міліцыянты ў форме і ў цывільным сачылі за тым, што адбываецца, але не ўмешваліся. Калі Аляксандр Мілінкевіч са сваёй жонкай сышлі, то некалькі супрацоўнікаў міліцыі пайшлі за імі. Міліцыянты сачылі за маладафронтаўцамі, але гэтым разам абышлося без затрыманьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG