Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 14 лютага


Агляд беларускага сеціва


На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра крушэньне самалёту авіякампаніі “Белавія” ў аэрапорце Ерэвану. Падчас узьлёту самалёт сышоў з паласы, потым перакуліўся некалькі разоў, грымнуў выбух і адначасова пачаўся пажар. Самалёт раскалоўся на дзьве часткі. Служба ратаваньня, пажарная служба і хуткая дапамога аэрапорту адрэагавалі імгненна. Усе 18 пасажыраў, а таксама 3 члены экіпажу былі вынесены з агню.

Самалёт быў набыты кампаніяй у 1999 годзе. Камэнтары:

“Нічога. Перад тым лётаў 10 гадоў, і яшчэ столькі ж палётаюць. Вось толькі склеяць кавалачкі скотчам, і нармальна”;

“Ня варта лічыць дзесяцігадовыя самалёты старызнай”;

“Армяне спрацавалі добра (па ратаваньні) і заслугоўваюць толькі добрых словаў”.

Блогер burbalka піша пра палітычныя акцыі на Дзень сьвятога Валянціна: “Быў час – не прапускала ніводнага мітынгу. А цяпер хаджу толькі на Дзяды, Дзень волі і Чарнобыльскі Шлях, ну і яшчэ кшталту "без сацыяльных лёзунгаў" – ціпа Маршаў Свабод. ...Адна толькі акцыя заўжды для майго мозгу заставалася незразумелай, а для душы – непрымальнай. Гэта т.зв. Дзень сьв.Валянціна з раздачай. Яшчэ не хапала мітынгаваць на навагоднюю тэматыку”. Камэнтар: “Давайце навагоднія шэсьці!”

На сайце “Комсомольской правды в Белорусиии” абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што дзяржава спаганяе падатак за дабрачынныя ахвяраваньні, сабраныя людзьмі на выратаваньне маленькага хлопчыка. Для апэрацыі сабралі 162 млн. рублёў. Падаткавыя органы запатрабавалі 45 млн. падаткаў. Урэшце скінулі суму да 9 млн, але і гэтых грошай у сям’і няма. Камэнтары:

“Цікава, ці доўга яшчэ чакаць боскай кары для прыдумляльшчыкаў такіх законаў?”;

“Гэта адкрыты падман. Ахвяраваньні даваліся з сумаў, якія ў даравальнікаў заставаліся пасьля ўплаты падаткаў”;

“У нармальных краінах людзям, якія ахвяруюць свае грошы, даюць зьніжкі”.

У суполцы ЖЖ by_mova публікуецца інфармацыя пра тое, што зь бягучага году можна будзе выбіраць мову навучаньня ў вышэйшых навучальных установах:

“Але беларускамоўныя і рускамоўныя групы (патокі) утвараюцца на падставе рашэньня кіраўніка вышэйшай навучальнай установы з улікам неабходнасьці грамадзтва і дзяржавы ў кваліфікаваных спэцыялістах па профілях, якія валодаюць на прафэсійным узроўні дзяржаўнымі мовамі. Такім чынам, на спэцыяльнасьцях з большай колькасьцю студэнтаў такая магчымасьць становіцца рэальнай. Трэба толькі даводзіць гэтую інфармацыю да абітурыентаў!!!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG