Гэтым разам журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе зь ім пра тое, ці удаецца уладным структурам прыглушыць жорсткім ціскам палітычную актыўнасьць студэнтаў і навучэнцаў.
Уліцёнак: “Лічыцца, што моладзевы дэмакратычны асяродак вельмі вузкі – ці праўда гэта?”
Гарэцкі: “Не падзяляю такога меркаваньня. Хоць бы з той прычыны, што варта арыентавацца ня толькі на фіксаваных сяброў нейкіх арганізацый. А увогуле на тых маладых людзей, якія ходзяць на масавыя акцыі дэмакратаў. Падзеі Плошчы Каліноўскага засьведчылі: такіх вельмі шмат. Як хапае нават прыкладаў, калі ў кішэнях затрыманых на масавых акцыях, у тым ліку апошніх, прадпрымальніцкіх, знаходзілі білеты сяброў БРСМ. Гэта сталася вынікам штучнага разьдзіманьня праўладных структураў – удзел ва усіх гэтых бээрсээмах у большасьці прымусовы”.
Уліцёнак: “Мітынговая вулічная праўда, вулічнае змаганьне сьведчаць пра тое, што аснову дэмакратычнага моладзевага руху складаюць маладыя гараджане?”
Гарэцкі: “Так і ёсьць. Хоць у рэгіёнах вулічная праўда часта значна вастрэйшая”.
Уліцёнак: “А вось сытуацыя з братамі Шыламі (для слухачоў нагадаю – гэта маладыя салігорцы, якіх неаднаразова затрымлівалі і судзілі): ці памяняў ціск на іх адносіны гараджанаў да справы, за якую змагаліся хлопцы?”
Гарэцкі: “Калі ў горад прыяжджаюць сотні людзей для падтрымкі 16-гадовага хлапца, то падобная грамадзкая актыўнасьць прымушае любога зьвяртаць увагу на тое, што адбываецца. І рабіць высновы, нялюбыя уладам”.
Уліцёнак: “Ці дасягае свайго вэртыкаль, калі, напрыклад, дэманстратыўна перасьледуе па усёй краіне студэнтаў-апазыцыянэраў?”
Гарэцкі: “Апошнія падзеі: выгнаньне з унівэрсытэтаў гамельчука Зьміцера Жалезьнічэнкі і палачанкі Кацярыны Салаўёвай – гэта ня ёсьць добра. Самі яны разумеюць, што куды лепш было б працягнуць вучобу разам з аднакурсьнікамі. Але пры гэтым вельмі важна адчуваць, што ты застаўся пры праўдзівай пазыцыі, на асабістым узроўні гонару. Я веру, што яны атрымаюць адукацыю ці за мяжой, ці празь нейкае дыстанцыйнае навучаньне”.
Уліцёнак: “У зьвязку з чым – колькі словаў пра ваш асабісты студэнцкі досьвед?”
Гарэцкі: “Пасьля 10-суткавага пакараньня за удзел у апазыцыйных акцыях даведаўся пра сваё выключэньне са студэнтаў. Аднак цяпер працягваю сваё навучаньне. У Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце”.