Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павучыў будучых журналістаў


Новы будынак журфаку БДУ
Новы будынак журфаку БДУ

Сёньня Аляксандар Лукашэнка наведаў новы будынак на вуліцы Кальварыйскай у Менску, куды днямі пераехаў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту.


Кіраўніку краіны паказалі аўдыторыі і новы тэлецэнтар БДУ. Пасьля гэтага Лукашэнка прачытаў перад дзьвюма сотнямі адмыслова выбраных студэнтаў і выкладчыкаў лекцыю “Беларусь у сучасным сьвеце”. У жывым эфіры выступ трансьляваўся ў аўдыторыі 11-ці факультэтаў БДУ, а агульная колькасьць слухачоў перавысіла 3 тысячы.

Да прыезду Лукашэнкі рыхтаваліся ад пачатку году. З дапамогай бацькоў студэнтаў даводзілі да ладу аўдыторыі і тэрыторыю. Савецкі даўгабуд, які месьціцца недалёка ад калёніі № 1, не маглі дабудаваць амаль 20 гадоў. За гэты час безгаспадарны гмах трухлеў, потым зноў крыху абнаўляўся, таму геамэтрыя сьценаў, столі, парэнчаў, як кажуць журфакаўцы, далёкая ад ідэальнай. Перад візытам высокага госьця зрабілі рамонт, збольшага касмэтычны.

Дапусьцілі толькі самых надзейных

На факультэце журналістыкі навучаюцца больш за 1300 студэнтаў, зь іх 900 — на дзённай форме. Аднак на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам дэлегавана ўсяго 150 чалавек. Допуск атрымалі перадусім дзеці выкладчыкаў і ўзорныя сябры БРСМ, якім было даручана агучыць загадзя падрыхтаваныя пытаньні. Як расказалі студэнты, сьпісы пачалі складацца задоўга да падзеі, а апошняя “фільтрацыя” адбылася напярэдадні, калі забракавалі апошніх “сумнеўных”. Яшчэ паўсотні дэлегатаў вылучыў факультэт філязофіі і сацыяльных навук, “падселены” да журфаку ў адно з крылаў будынка.

Як і бальшыню навучэнцаў, студэнта 4 курсу журфаку Франка Вячорку на сустрэчу з Лукашэнкам не пусьцілі. Аднак ад візыту кіраўніка дзяржавы Вячорка вялікага плёну не чакае:

“Лукашэнка даў зразумець, што факультэт журналістыкі цалкам упісваецца ў ягонае ідэалізаванае бачаньне беларускай адукацыі — падкантрольнай, вельмі абмежаванай і спэцыялізаванай, цалкам пабудаванай на Лукашэнкавай ідэалёгіі. Лукашэнка адкрывае новы будынак і ў той жа самы час пераймяноўвае факультэт у факультэт журналістыкі і ідэалёгіі. І ўсе тыя заявы, якія ён зрабіў напярэдадні, і ўсе тыя рашэньні Мінадукацыі пра тое, што на журфак будуць браць толькі з рэкамэндацыяй, сьведчаць: ніякай лібэралізацыі, прынамсі ў сфэры адукацыі, бліжэйшым часам не чакаецца”.

Карэспандэнт: “Факультэт журналістыкі і ідэалёгіі ў двукосьсі, вобразна?”

“Наколькі мы зразумелі, ад гэтага навучальнага году факультэт журналістыкі будзе пераўтвораны ў дзяржаўны Інстытут журналістыкі і ідэалёгіі пры БДУ. І браць туды будуць толькі па рэкамэндацыях”.

Пра ідэалягічны складнік назвы ў дэканаце не ўдакладнілі, але пацьвердзілі: сёлета факультэт будзе пераўтвораны ў Інстытут журналістыкі. Яго структуру складуць журфак і факультэт перападрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. Ад наступнага году пачнецца падрыхтоўка ў галіне вэб-журналістыкі.

Гэта ўжо ня першы выступ Лукашэнкі ў актавых залях ВНУ. Пяць гадоў таму ён выступаў у БДУ, калі ім яшчэ кіраваў Аляксандар Казулін. У 2004-м трымаў даклад перад студэнтамі Берасьцейскага тэхнічнага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Наступным годам наведаў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова. Былі таксама лекцыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Журналістыка стала інструмэнтам ідэалёгіі

Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая некалькі апошніх гадоў жыве ў Швэцыі, кажа, што не была “любімай выпускніцай” журфаку. Цяперашняе прызначэньне беларускай журналістыкі яна клясыфікуе перадусім як “абслугу рэжыму”, а не прафэсію:

“Пры любым рэжыме моцнай улады журналістыка заканчваецца, яе няма. Мы проста бачым гэта ўжо як факт, з улікам усіх пераменаў, якія адбываюцца ў нашай краіне. Іншымі словамі, бярэцца пад кантроль гэтая сыстэма ўплыву, яна пераўтвараецца ў ідэалягічны інструмэнт абсалютна. І адна з самых вялікіх праблемаў пры гэтым — як ацалець. Як ацалець асобе, сапраўднаму журналісту. Сёньня людзі, якія паступаюць, — перад імі, па-першае, жорсткія фільтры. Па-другое, у часе самой вучобы будзе магутная фільтрацыя. А потым яшчэ важна захавацца, калі ты прыйшоў на працу. Мне падаецца, што часы робяцца ўсё больш жорсткія. Гэта вельмі складана Таму я на ўсё гэта гляджу як яшчэ на адну паразу, на яшчэ адно наша адставаньне ў часе. Мы ўсё далей адсоўваемся, калі сказаць папраўдзе, ад цывілізацыі”.

Сёньняшнюю амаль чатырохгадзінную лекцыю Лукашэнка пачаў з таго, што Беларусь самастойна выбірае сяброў-саюзьнікаў, не пытаючыся дазволу ў “амэрыканскіх мудрацоў”. Беларусь не імкнецца ў НАТА і не дапусьціць разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі ракет, нацэленых на братнюю Расею, хоць тая “не гатовая будаваць саюзныя дачыненьні зь Беларусьсю”. Заявіў, што датэрміновае вызваленьне з турмаў некаторых апазыцыянэраў, да якіх “Захад мае асаблівыя пачуцьці”, выкліканае “гуманнымі памкненьнямі” і што гэта крок да нармалізацыі стасункаў з Эўразьвязам. Разам з тым ён назваў апазыцыю, якая існуе “на замежныя сродкі”, “баявымі атрадамі ў правядзеньні чужой палітыкі ў Беларусі”. Лукашэнка перакананы, што барацьба за энэргарэсурсы вядзе да новага падзелу сьвету, прычым у ход ідуць любыя сродкі, ажно да акупацыі краінаў (менавіта таму пытаньне будаўніцтва АЭС у Беларусі рэвізіі не падлягае). Пракамэнтаваў прыняты Польшчай закон пра “Карту паляка”: “Ворагі Беларусі ня раз рабілі спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы краіны, разыгрываючы нацыянальную карту. Не атрымаецца!” — падсумаваў Лукашэнка. Прайшоўся ён і па прадпрымальніках, якіх колісь “падняў са спэкулянтаў да цывілізаванага ўзроўню”, а тыя замест удзячнасьці пачалі выбудоўваць “шэрыя схемы”. З чым, уласна кажучы, вырашана было пакончыць.

Адказваючы на пытаньні з залі, Лукашэнка рэзюмаваў, што ў інтарэсах грамадзтва мэдыі павінны кантралявацца дзяржавай, паколькі ў руках СМІ – “зброя самай разбуральнай сілы”. Ён ня згодны, што ў беларускай прэсе існуе толькі адзін пункт гледжаньня – пазыцыя ўлады. “Ёсьць маса СМІ, якія выказваюць розныя пункты гледжаньня, у тым ліку і паліваючы прэзыдэнта”, — запэўніў Лукашэнка.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які чарговым разам рэгулюе правілы паступленьня ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. У ім зьмешчаны пералік спэцыяльнасьцяў, пры паступленьні на якія абітурыентам будуць выстаўляцца асаблівыя патрабаваньні і будзе праводзіцца ““прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе”. Перадусім гэта гуманітарныя дысцыпліны, сярод якіх — журналістыка, правазнаўства, дзяржаўнае кіраваньне, міжнародныя адносіны, міжнароднае права. Умовы тэставаньня ў кожным выпадку называе Міністэрства адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG