Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вось чаму я ніколі не насіў значкоў ударніка”


Пра што пісалі беларускія газэты 11 лютага ў розныя гады мінулага.


“Звязда” ў 1938 годзе піша пра дасягненьні швейнай прамысловасьці Беларусі: “Швейныя фабрыкі рэспублікі ўпершыню будуць выпускаць суконныя гімнасцёркі, штаны галіфе фасону “брыджы”, новы від мехавых шапак — фінкі і ўшанкі. Бабруйская фабрыка імя Дзяржынскага выпусціць 4.800 белых фрэнчаў (кіцелі)... Для дзяцей будуць вырабляцца баваўняныя штаны фасону “гольф”, верхнія сарочкі фасонаў “каўбойка” і “фантазі”. Павялічваецца выпуск суконных польтаў, дзіцячых сарочак і сукенак”.

“Вячэрні Мінск”, год 1988. Інжынэр ВА “Інтэграл” В.Ішчанка разважае: “Вось чаму я ніколі не насіў значкоў ударніка камуністычнай працы і ГПА. Мне незразумела, чаму ўвогуле ўвялі званне ўдарніка камуністычнай працы, а не сацыялістычнай, бо да камунізму яшчэ шлях няблізкі... Граматы, званні ўдарнікаў, іншыя маральныя заахвочванні настолькі абясцэніліся, што іх сур’ёзна ніхто не прымае. За два дзесяткі гадоў работы я не ўспамінаю выпадку, каб калі-небудзь за парушэнні пазбавілі звання ўдарніка”.

“Навіны” ў 1998 годзе паведамляюць: “Гаспадарчы суд Мінскай вобласці прызнаў незаконнымі большасць штрафных санкцыяў, якія падатковыя органы выставілі Беларускаму фонду Сораса. Такое рашэнне прыняла пазаўчора суддзя Эла Ануфрыевіч, але на гэтым канфлікт паміж Джорджам Сорасам і беларускімі ўладамі яўна не вычарпаны... Справа з перапынкамі разглядалася некалькі месяцаў, і вось нарэшце рашэнне — штрафныя санкцыі да фонду ў памеры 74 мільярдаў рублёў прызнаныя незаконнымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG