Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст прадпрымальнікаў пачнецца ў Баранавічах


Сёньня ў Баранавічах а 12-й гадзіне прадпрымальнікі плянуюць правесьці несанкцыянаваны мітынг пратэсту супраць прэзыдэнцкага ўказу №760.


Баранавіцкі гарвыканкам адмовіў прадпрымальнікам у правядзеньні акцыі пратэсту. Улады патлумачылі, што заяўнікі нібыта не ўказалі захадаў дзеля забесьпячэньня грамадзкага парадку, мэдычнага абслугоўваньня і прыбіраньня тэрыторыі. Аднак заяўнікі цьвердзяць, што папера была складзена адпаведна ўсім патрабаваньням. Актывіст прадпрымальніцкага руху з Баранавічаў Мікалай Чарнавус сказаў:

“Урад – “супраць”, народ – “за”. Гарвыканкам – “супраць”, а народ – “за”. Я думаю, што гэты камок пачнецца з Баранавічаў. Цяпер іншыя рэгіёны падхопяць і пойдзе. Усе рэгіёны глядзяць сёньня на Баранавічы. Бо ўсе ведалі, што Баранавічы зрабілі заяўку. Баранавічы актыўна ўдзельнічалі ў акцыях 10-га і 21-га. Вы ўявіце, чалавек 300 было з Баранавічаў на мітынгу ў Менску”.

Спадар Анатоль, прадпрымальнік з Баранавічаў, кажа, што на мітынг у Баранавічах таксама зьбярэцца многа ўдзельнікаў.

“Людзі хочуць аднаго: адмены пункта 1.1 указу №760. Вы паглядзіце газэту аб’яваў, колькі месцаў прадаецца, павільёнаў, ралетаў – мора! Такога ніколі не было. У людзей было 4-5 кропак, а цяпер сядзяць на 1-2, а астатняе куды?
Саліць жа ня будзеш. Пазвальнялі мора гандляроў, куды дзявацца?”

Сёньня ў Менскі райсуд выклікаюць актывістаў прадпрымальніцкага руху Віктара Крываля з Узды і Аляксандра Цацуру з Салігорску. Спадар Цацура адбывае 15-суткавы арышт. Яго затрымалі за збор подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў, а арыштавалі нібыта за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. У суд таксама выклікаюць жонку і сына Аляксандра Цацуры.

Нагадаем, 10 студзеня яны ехалі на мітынг у Менск на машыне спадара Цацуры, але па дарозе былі затрыманыя міліцыянтамі. Спадароў Крываля, Цацуру і яго сям’ю даставілі ў міліцыю Менскага раёна і склалі пратаколы, што яны нібыта не падпарадкаваліся патрабаваньням міліцыянтаў, хапалі іх за форменную вопратку, вырываліся і спрабавалі сысьці. Віктар Крываль сказаў:

“За сто мэтраў ад дарожнага знаку “Самахвалавічы” нас затрымалі. 14 супрацоўнікаў міліцыі. Чыстае поле. Якое там можа быць супраціўленьне, вырываньне і гэтак далей. З боку супрацоўнікаў міліцыі было хапаньне за вопратку і гэтак далей. Калі яны сказалі, што яны нам прапануюць прайсьці да службовай машыны, а потым ехаць у РУУС, то я адмовіўся і астатнія адмаўляліся, бо падставаў не было. І падстава была за сэкунду прыдуманая, што на гэтай дарозе аўтамабіль зьбіў чалавека.

Я думаю, не яны будуць мяне судзіць, а мы іх будзем судзіць на гэтым судзе”.

Асноўная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў заплянавана на 18 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Актывісты пагражаюць паставіць намёты на плошчы. Сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў сказаў:

“Трэба рабіць намёты, трэба заставацца на плошчы. І заклікаць усіх юрыдычных асобаў, найманых працаўнікоў падтрымаць гэту плошчу хто як можа, хто чым можа. Выставіць эканамічнае патрабаваньне – зьмена ўказу №760. Толькі арганізаваныя масы могуць адмяніць гэты ўказ, калі іх будзе шмат. І ня трэба гэтага баяцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG