Газэта “Народная воля” паспрабавала высьветліць, ці гатовая сыстэма аховы здароўя Беларусі да ўсеагульнай дыспансэрызацыі? Дзеля гэтага карэспандэнт газэты накіраваўся ў раённую паліклініку на абсьледаваньне. Там не было чаргі, дактары аказаліся надзвычай ветлівымі і зрабілі сваю працу бездакорна. Але пры гэтым паскардзіліся на ўласныя праблемы. Галоўная зь іх – на дыспансэрныя агляды бяруць грошы зь іншых артыкулаў бюджэту паліклінікі, паколькі выдаткі на гэтую працу не заплянаваныя. Распавядае журналістка газэты Марыя Эйсмант:
“Гэта вельмі немалыя грошы. Абсьледаваньне аднаго наведніка ў паліклініцы – гэта агляд тэрапэўтам і неабходныя аналізы – каштуе 11 тысяч рублёў. І гэта мінімум. Калі па дыспансэрызацыю зьвернуцца людзі працоўнага ўзросту, а гэта болей за 4 мільёны грамадзянаў, уявіце, колькі сродкаў трэба? А яны не заплянаваныя. Таму, па-шчырасьці, ня ведаю, як яны далей зьбіраюцца праводзіць гэтую дыспансэрызацыю”.
“Газета для вас”, якая выходзіць ў Івацэвічах, распавядае пра інцыдэнт на ўрачыстым мерапрыемстве ва ўрочышчы Марачоўшчына, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. Напярэдадні там адзначалі 262-я ўгодкі з дня нараджэньня славутага змагара за незалежнасьць Бацькаўшчыны і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Пасьля ўскладаньня кветак афіцыйныя асобы і госьці накіраваліся ў дом-музэй Касьцюшкі, але раптам мясцовы чыноўнік не пусьціў туды журналіста “Газеты для вас” Аляксея Грышына. Рэдактар выданьня Лідзія Цалуйка кажа:
“Гэта было адкрытае мерапрыемства, прыехалі прадстаўнікі дыпляматычных місій! Заўсёды на такія мерапрыемствы журналістаў пускалі, а чаму зараз нельга – нават не здагадваемся. Мы пра гэта паведамляем з нашым камэнтаром. Таксама накіравалі запыт у райвыканкам і абяцаем паведаміць, што нам адкажуць”.
Газэта Таварыства беларускай мовы “Наша слова” як звычайна шмат увагі надае гісторыі роднага краю. У чарговых успамінах вядомага грамадзкага і палітычнага дзеяча Беларусі пачатку 20-га стагодзьдзя Эдварда Вайніловіча – пра пэрыяд, калі бальшавікоў з тэрыторыі Беларусі пагнала польскае войска. Сярод прычынаў посьпехаў маладога войска, паводле Эдварда Вайніловіча, актыўны ўдзел беларускай шляхты і прадстаўнікоў магнацкіх родаў.
“Памешчыкі падтрымлівалі антыбальшавіцкі рух ня толькі матэрыяльна. Гэтак у Слуцкім павеце не было ніводнага маёнтку, дзе застаўся хаця б адзін сын. Ад павету пайшлі ў польскія легіёны й іншыя часткі, якія змагаліся з бальшавікамі, тры Радзівілы, тры Вайніловічы, два Залесскіх, два Адаманскіх, два Аколавых, два Чарноцкіх. Такім чынам, усе памешчыцкія сыны ваявалі, ніхто не адседжваўся дома. Таму і быў пэўны посьпех”, – расказвае галоўны рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік.