Якое значэньне мае тое, што ў Сочы адбылася сустрэча кіраўніка Беларусі з кандыдатам на прэзыдэнта Дзьмітрыем Мядзьведзевым?
Гэтыя пытаньні ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, рэдактар часопісу “Россія в глобальной політіке” Фёдар Лук'янаў і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.
Прапануем вашай увазе другую частку перадачы
Першую частку глядзі тут
Дракахруст: "Фёдар Лук'янаў, ці магло быць мэтай сустрэчы ў Сочы знаёмства Лукашэнкі з Мядзьведзевым у новай якасьці?"
Фёдар Лук'янаў
Мядзьведзеў суправаджае Пуціна ва ўсіх паездках. Беларусь, пры ўсёй складанасьці сытуацыі ў адносінах, безумоўна, адзін з ключавых партнэраў Расеі і наладжваньне асабістых кантактаў будучага прэзыдэнта Расеі і цяперашняга прэзыдэнта Беларусі - гэта пытаньне істотнае.
Пры гэтым трэба падкрэсьліць, што Дзьмітры Мядзьведзеў да нядаўняга часу ня меў ніякага дачыненьня да міжнародных спраў, а кантакты з суседнімі краінамі курыраваў толькі як старшыня рады дырэктараў "Газпрому", што вельмі важна, але ўсё ж такі бізнэс-роля і кіраўнік дзяржавы - гэта розныя рэчы. Так што мне здаецца, што знаёмства адбылося і Пуцін разам зь іншымі праблемамі перадаў пераемніку і беларускую".
Дракахруст: "Аляксандар, здаецца самае складанае пытаньне: на падставе тых фактаў, якія мы ведаем, на падставе тых заяваў, якія прагучалі з вуснаў Мядзьведзева ці можна сказаць, у чым адносіны Беларусі з Расеяй пры прэзыдэнце Мядзьведзеве будуць адрозьнівацца ад адносінаў Беларусі з пуцінскай Расеяй?"
Вялікая краіна зь вялікім патэнцыялам нестабільнасьці ёсьць пэрманэнтнай крыніцай пагрозы для Беларусі і беларускай незалежнасьці
А. Класкоўскі
А. Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
У гэтым сэнсе я цалкам разумею адэптаў беларускай незалежнасьці, якія кожным разам б'юць у званы і кажуць, што, у прынцыпе, ад імпэрскай Расеі трэба трымацца падалей. Бо сапраўды вялікая краіна зь вялікім патэнцыялам нестабільнасьці ёсьць пэрманэнтнай крыніцай пагрозы для Беларусі і беларускай незалежнасьці.
Разам з тым занадта трывожныя і занадта змрочныя прароцтвы наконт немінучага рэфэрэндуму ёсьць перабольшаньням. Мне здаецца, што гэтая піцерская каманда дастаткова прагматычная і аншлюс для яе - не самамэта, ёсьць горкі досьвед Чачэніі, ёсьць перасьцярогі, што міжнародная супольнасьць зрэагуе вельмі кісла і гэта не палепшыць імідж Расеі.
Таму я думаю, што такая магчымасьць захоўваецца, як запасная - а раптам гэты плод сам зваліцца ў рукі.
Зараз галоўнае - мэтадычна даціскаць і прасоўваць свае эканамічныя інтарэсы ў Беларусі. І рэальнай альтэрнатывы тут ня бачна, бо інтэгравацца ў Эўропу цяперашні беларускі рэжым не наважаны. І небясьпека, што пакрысе будуць прыціскаць да сьценкі, застаецца і можа ў пэрспэктыве нарастаць".
Пытаньне ў тым, ці захоча Мядзьведзеў ці новае кіраўніцтва Расеі канвэртаваць эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі ў палітычную, і калі захоча, то якім чынам
Ф. Лук'янаў
Ф. Лук'янаў
Лук'янаў: "Пры пераходзе ад Ельцына да Пуціна ў выпадку Беларусі ўсё зьмянілася прынцыпова. Ельцын быў бацькам праекту саюзнай дзяржавы і, як мне здаецца, быў у ім зацікаўлены. Пуцін у ім зацікаўлены ня быў, гэта стала зразумелым даволі хутка і трэнд зьмяніўся якасным чынам.
Рэзкіх перамен, зразумела, ня будзе. Невыпадкова ўся інтранізацыя Мядзьведзева праходзіць пад лёзунгам "Стабільнасьць і пераемнасьць" і менавіта гэтага ад яго будуць чакаць і патрабаваць працяглы час. Занадта ўжо Пуцін папулярны, моцны і г.д.
Я мяркую, што прынцыповых зьменаў не адбудзецца, і на вялікую пэрспэктыву Беларусь застанецца для Расеі перш за ўсё транзытнай краінай для энэрганосьбітаў і важным эканамічным партнэраў, які з прычыны падзеяў пуцінскага часу робіцца ўсё больш залежным ад Расеі.
І вось гэтая эканамічная залежнасьць будзе павялічвацца. Пытаньне ў тым, ці захоча Мядзьведзеў ці новае кіраўніцтва Расеі канвэртаваць гэтую эканамічную залежнасьць у палітычную, і калі захоча, то якім чынам.
Мяркую, што гэта не пытаньне бліжэйшага году ці палутара гадоў, калі будзе ісьці працэс "урастаньня" Мядзьведзева ва ўладу. А ў далейшым ўсё будзе залежыць ад, па-першае, эканамічнага стану Беларусі і здольнасьці Лукашэнкі супрацьстаяць пагружэньню Беларусі ў залежнасьць ад Расеі, а па-другое, разьвіцьця адносінаў Расеі з Эўразьвязам.
Ужо зразумела, што ні Беларусь, ні Ўкраіна, пры ўсёй важнасьці гэтых краін, ў шырокім сэнсе не іграюць самастойнай ролі ў расейскай зьнешняй палітыцы, яны разглядаюцца перш за ўсё, як транзытныя тэрыторыі ў шырокім сэнсе.
І таму шмат будзе залежыць ад пазыцыі Эўропы, ад таго, чаго Расея будзе хацець ад Эўропы і наадварот. У пакуль ня надта імаверным выпадку новага старту ў адносінах паміж Расеяй і ЭЗ можа здарыцца, што сытуацыя для Беларусі зьменіцца прынцыповым чынам, бо тады з двух бакоў пастаўшчык і спажывец будуць зацікаўленыя ў адным тыпе палітыкі на гэтай тэрыторыі. Але яшчэ раз паўтару, што на сёньняшні дзень гэта ўяўляецца ня надта імаверным."
Дракахруст: "Віталь Цыганкоў, а які Ваш адказ на гэтае пытаньне? Я тут хачу нагадаць такую сымбалічную рэч, што калі ў 2000 годзе адбывалася перадача ўлады ад Ельцына да Пуціна , то Пуцін атрымаў у спадчыну дамову "Аб стварэньні саюзнай дзяржавы", на той момант яна была "сьвежай", яе падпісалі яшчэ Лукашэнка і Ельцын у сьнежні 1999 году.
Цяпер прэзыдэнт Мядзьведзеў атрымлівае ў спадчыну фактычна дохлую саюзную дзяржаву і іншую дамову, таксама сьнежаньскую, толькі 2006 году, у якой прапісаная формула падвышэньня цаны газу для Беларусі з выхадам да 2011 году на сярэднеэўрапейскі ўзровень. Што можна сказаць пра будучую палітыку Расеі ў сьвятле гэтых спадчын?"
Мядзьведзеў будзе праводзіць тую ж палітыку, што і Пуцін, але ў яшчэ больш прагматычным ключы, бо ён сапраўды не абцяжараны той спадчынай, якая дасталася Пуціну ад Ельцына
В. Цыганкоў
В. Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Але з таго, што мы бачым у адкрытых крыніцах, што мы бачым у тэндэнцыях, можна меркаваць, што Мядзьведзеў - больш лібэральны чалавек, па меншай меры ў эканамічнай сфэры. За апошнія тыдні і месяцы ён зрабіў некалькі важных заяваў, якія былі станоўча ўспрынятыя на Захадзе, заяваў і наконт міжнароднай і наконт унутранай палітыкі, ён гаварыў пра свабоду і дэмакратыю, пра якія апошнія гады расейская ўлада ўжо не гаворыць.
Чаму гэта тычыцца нашага пытаньня? Бо гэта аргумэнты на карысьць той вэрсіі, што Мядзьведзеў будзе праводзіць тую ж палітыку, што і Пуцін, але ў яшчэ больш прагматычным ключы, бо ён сапраўды не абцяжараны той спадчынай, якая дасталася Пуціну ад Ельцына.
Нагадаем, што сэнтэнцыя пра "мух і катлеты" прагучала не адразу пасьля абраньня прэзыдэнтам, а толькі ў 2002 годзе, 2 гады спатрэбілася Пуціну, каб разабрацца ў складаных камбінацыях, зьвязаных з гэтай дамовай. І вось праз 8 гадоў мы прыйшлі да таго, што рэальна яна ня дзейнічае як палітычны факт.
Тут варта пералічыць тыя аб'ектыўныя абставіны, якія будуць спрыяць гэтай прагматызацыі адносінаў. Па-першае, гэта пабудова Расеяй знакамітага Nord Stream - Паўночнага патоку, газаправоду, які будзе наўпрост злучаць Расею і Заходнюю Эўропу, што істотна зьнізіць транзытную прывабнасьць Беларусі.
Па-другое, гэта нядаўняя заява высокапастаўленага расейскага вайскоўца, што Расея не зьбіраецца залежыць ад РЛС, якія знаходзяцца ў краінах былога СССР - Азэрбайджан, Беларусь, Казахстан, Украіна. Па-трэцяе, гэта працэс , які ідзе да свайго лягічнага завяршэньня - гэта ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, якое таксама прымусіць Маскву аднолькава ставіцца да сваіх гандлёвых партнэраў, у тым ліку і да Беларусі".