Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі "супэраўторак"


Сёньня ў 24 штатах ЗША праходзяць папярэднія выбары, іх вынікі ў значнай ступені вызначаць, хто стане кандыдатамі на прэзыдэнта ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый.


Гэты дзень атрымаў назву “супэраўторка”. Амаль у палове штатаў, у тым ліку і ў найбуйнейшых Каліфорніі і Нью-Ёрку пройдуць папярэднія выбары: у 19 штатах адбудуцца праймэрыз, таемнае галасаваньне, у астатніх – кокусы, адкрытае галасаваньне на партыйных сходах.

Так шмат штатаў праводзяць папярэднія выбары так рана ўпершыню ў амэрыканскай гісторыі. Традыцыйна раней за ўсіх праводзілі папярэднія выбары Аёва і Нью-Гэмпшыр. Праймэрыз і кокусы ў іншых штатах, наладжаныя ўвесну, ужо нічога ў пэўным сэнсе не вырашалі: выбаршчыкі і мэдыі арыентаваліся на волевыяўленьне штатаў, якія правялі папярэднія выбары раней. Таму зараз штаты імкнуліся прызначыць папярэднія выбары як мага раней.

Праймэрыз і кокусы, што прайшлі шмат у якіх штатах да 4 лютага, вызначылі галоўных прэтэндэнтаў у межах кожнай з галоўных партыяў: у рэспубліканцаў – гэта сэнатар Джон Маккейн і былы губэрнатар Мітт Ромні, у дэмакратаў – сэнатары Гілары Клінтан і Барак Абама.

Напярэдадні "супэраўторка" большасьць апытаньняў прадказваюць перамогу ў рэспубліканскім лягеры Джону Маккейну. Тут справа яшчэ і ў асаблівасьцях вылучэньня дэлегатаў на зьезд партыі рэспубліканцаў: калі кандыдат перамагае на праймэрыз у нейкім штаце, на зьезд ад штату едзе дэлегацыя з адных ягоных прыхільнікаў. Маккейн і зараз мае перавагу над Ромні, у выніку "супэраўторку" гэта перавага можа стаць вырашальнай.

Праблема сэнатара-вэтэрана віетнамскай вайны ў тым, што яго кандыдатура ня вельмі падабаецца кіраўніцтву Рэспубліканскай партыі, якое аддае перавагу Ромні.

У дэмакратаў - іншыя праблемы. Клінтан і Абама ідуць у гонцы галава да галавы, пачынаючы з сэнсацыйнага трыюмфу Абамы ў Аёве і ня мянш сэнсацыйнага рэваншу Клінтан у Нью-Гэмпшыры, сюрпрызы даюць праймэрыз у кожным штаце.

На думку экспэртаў, і галасаваньне ў "супэраўторак" можа ня вырашыць, што ж стане першым нумарам ад дэмакратаў: па-першае, невялікі разрыў паміж кандыдатамі, па-другое, дэлегацыі на зьезд дэмакратаў фармуюцца прапарцыйна вынікам праймэрыз, калі ў нейкім штаце на праймэрыз адзін кандыдат набраў 60% галасоў , а другі 40%, то такой жа будзе прапорцыя іх прыхільнікаў у дэлегацыі ад штату на зьезд.

Аднак у любым выпадку сёньняшняе галасаваньне у 24 штатах – стане самым важным этапам выбарчай кампаніі да зьездаў абедзьвюх партый, якія адбудуцца ўвосень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG