Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пакараньне без злачынства" прэзэнтаванае


Аўтары кнігі “Злачынства без пакараньня” Раіса Міхайлоўская і Алег Воўчак
Аўтары кнігі “Злачынства без пакараньня” Раіса Міхайлоўская і Алег Воўчак

Сёньня ў Менску ў сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя англамоўных кнігі “Пакараньне без злачынства” і дакумэнтальнага фільма “На перадавой праўды”.


Прэзэнтацыю ладзіла грамадзкая камісія “Свабоду Казуліну і ўсім палітычным зьняволеным!”

Каардынатар грамадзкай камісіі Раіса Міхайлоўская сказала:

“Сёньня на аднаго палітзьняволенага ў нашай краіне стала меней. Артур Фінькевіч выйшаў на свабоду. І мы вельмі радыя і шчасьлівыя. У няволі застаюцца іншыя вязьні. І грамадзкая камісія будзе працягваць сваю дзейнасьць, пакуль апошні са зьняволеных ня выйдзе на свабоду”.

Пад час прэзэнтацыі І.Рынкевіч, В. Казуліна, Р. Міхайлоўская і А.Воўчак

Кніга “Пакараньне без злачынства” і дакумэнтальны фільм — прававая экспэртыза справы палітзьняволенага Аляксандра Казуліна, які адбывае пакараньне ў калёніі “Віцьба-3”. Камісія плянуе наладзіць прэзэнтацыю кнігі і фільму ў розных краінах сьвету, а таксама ў эўрапейскіх парлямэнтах. Гэта зьвязана з ініцыятывай — вылучыць спадара Казуліна на прэмію Сахарава ў галіне правоў чалавека.

Кіраўнік юрыдычнай службы А.Казуліна Алег Воўчак заявіў:

“Мяне як юрыста асабліва турбуе, што рэпрэсіі не спыняюцца. Асабліва заява Ўладзімера Навумава, што, магчыма, яшчэ каля 50 чалавек могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за 10 студзеня. Трэба надаваць вельмі сур’ёзнае значэньне палітзьняволеным, бо ў нас адзіная краіна ў Эўропе, дзе за іншадумства сядзяць людзі”.

Паводле Ігара Рынкевіча, працэдуры вызваленьня палітвязьняў Аляксандра Казуліна і Андрэя Клімава — найбольш складаныя. Адносна справы А.Казуліна ён сказаў:

“Зь яго дэманічных 66 месяцаў, на якія ён асуджаны, 25 студзеня прайшла адна траціна. Ён мае права на замену неадбытай часткі пакараньня, вось гэтых 44 месяцаў, на мякчэйшы від пакараньня. Мы лічым, што чалавек абсалютна незаконна асуджаны. Няма ў яго дзеяньнях складу злачынства, і таму ён незаконна знаходзіцца ў турме”.

Спадар Рынкевіч заклікаў міжнародныя і беларускія структуры, каб яны запатрабавалі ад дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і начальніка калёніі накіраваць у суд прадстаўленьне аб замене А.Казуліну неадбытай часткі пакараньня на мякчэйшае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG