Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 1 лютага


Агляд беларускага сеціва.


На сайце Хартыі'97 абмяркоўваецца намер прадпрымальнікаў ад 1 лютага не плаціць падаткі. Гэтак прадпрымальнікі выкажуць свой пратэст супраць больш жорсткіх правілаў вядзеньня бізнэсу. Ад новага году ўлады забаранілі прыватным прадпрымальнікам прымаць на працу больш за трох работнікаў, прычым усе яны павінны быць зь ліку сваякоў. У выніку многія прадпрымальнікі вымушана спынілі працу. Свой пратэст яны выказалі на акцыях 10 і 21 студзеня.

У камэнтарах наведнікі сайту выказваюцца наступным чынам. Міхась: «Будзе як заўсёды, 3 тышчы ня плацяць, а рэшта бабло косіць... Вось каб забаставалі ўсе ІП, тыя, хто ў ПУПы перайшоў, з салідарнасьці, увесь недзяржаўны бізнэс, тады можа і быў бы вынік. А так... Крэдыт папросіць у сябра Уга... Лепш правесьці тыдзень пратэсту, кожны дзень выходзіць, хоць бы тым складам, як выходзілі. А то раз на паўмесяца...»

Дэн: «Бярыце прыклад з польскіх мытнікаў: баставаць так баставаць, па-сур'ёзнаму».

Фіскал: «Вой які цуд! Наініцыюем адкрыцьцё столькіх крымінальных спраў, наканфіскуем столькі тавараў!.. Не плаціце, спадары, не плаціце».

Валеры С.: «Такія разумныя сабраліся. А вы самі не хадзіце ў дзяржкрамы, не вучыцеся ў дзяржаўных установах, не працуйце на дзяржпрадпрыемствах, і за хаты свае не плаціце, і ў туалет бегайце ў бліжэйшыя кусты, бо каналізацыя дзяржаўная. "Бярыце прыклад з польскіх мытнікаў". Вось гэта я разумею: апазыцыя!»

Сайт нефармальнага руху Бунт паведамляе пра распачатую актывістамі руху ініцыятыву: «Актывістамі БУНТу праводзіцца распаўсюд друкаваных матэрыялаў з інфармацыяй аб абсурдным прысудзе журналісту Аляксандру Зьдзьвіжкову, які быў пакараны трыма гадамі калёніі за карыкатуры. Ва ўлётцы гаворыцца: «Беларусы! Прачытайце гэтую ўлётку яшчэ раз і падумайце, ці сапраўды вы хочаце жыць у такой краіне? У краіне, дзе ў дзяцей, пэнсіянэраў і чарнобыльцаў адбіраюць льготы, за іншадумства выганяюць з унівэрсытэтаў, а за карыкатуру саджаюць на тры гады? У краіне, дзе ня ведаеш, што ўлады прыдумаюць заўтра? Скажы “НЕ” тупасьці і хамству лукашысцкай улады!»

Сайт «Вернем сваё!» заяўляе: «Мы верым, што ў нашай краіне парушана справядлівасьць, таму што сацыяльныя льготы адмянілі простым людзям, але ўлада пакінула свае льготы сабе. Мы ведаем, на што мы ў гэтым выпадку маем права і як свае правы скарыстаць. Мы вырашаем свае праблемы самі, яднаючыся зь іншымі пацярпелымі беларускімі грамадзянамі, патрабуючы свайго!» На гэтым жа сайце можна спампаваць налепкі, буклеты і нават газэту пад назваю «Компостер».

Блогер ales_chyhir ва ўласным дзёньніку выклаў некалькі фота. На першым — плот з надпісам “Свабоду Дашкевічу”. Блогер піша: “Заўсёды зьдзіўляўся таму, як апэратыўна бабруйскія камунальнікі па загаду чыноўнікаў з выканкаму зафарбоўваюць надпісы на платах і сьценах. Але не ўсё. Гэты надпіс зафарбавалі праз дзьве гадзіны!» Побач яшчэ тры здымкі з выявамі малюнкаў яўна фашыстоўскага характару і заўвага блогера: «А вось гэтым надпісам каля двух месяцаў!»

На сайце музычнага парталу “Тузін гітоў” зьмешчана інфармацыя пра тое, што выканаўца папулярных песень Аляксей Хлястоў выдаў інтэрнэт-сінгл зь беларускамоўнай песьняй “Погляд дзявочы”. Пры гэтым сьпявак не выключае, што неўзабаве можа запісаць цалкам беларускамоўны альбом, а таксама рыхтуецца ўзяць удзел у трыб’юце групы “Нэйра-дзюбель”. Свой выбар Аляксей тлумачыць наступным чынам: “Усё больш зьяўляецца нейкіх тэматычных аўтарскіх праграмаў пра беларускую музыку, дзе даволі часта гучаць цікавыя творы на нашай мове. Мяркую, што гэта першы крок да папулярызацыі нашай культуры. Мы не павінны забывацца на сваю родную мову, сьпяваць на ёй і размаўляць».

Камэнтары на сайце «Нашай нівы»:

Алесь: “Малаток! Наш хлопец! Беларус!”

Muzzy: “Рэспэкт, не тое што Руслан Аляхно”.

Незалежны: «Сапраўды, малайчына. А то я ўжо думаў, што на нашай поп-эстрадзе толькі такія, накшталт ...Аляхно. Аляксей падаў добры прыклад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG