Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “Прададзена зямля разам з народам”


Будуюцца кватэры "бізнэс-клясы"
Будуюцца кватэры "бізнэс-клясы"

Жыхароў двух старых дамоў у цэнтры Горадні высяляюць, каб пашырыць будоўлю. Фірма “Кансэнт” будуе побач кватэры “бізнэс-клясы”. Людзі абураныя, што іх высяляюць у старое жытло, а элітныя кватэры прадаюць па 950-1300 даляраў за квадратны мэтар. Сёньня а 10-й раніцы незадаволеных выклікалі на размову да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі.


Карэспандэнт: “У Горадні ўзьнікла канфліктная сытуацыя: фірма “Кансэнт” будуе вялікі дом з элітным жыльлём, як было абвешчана. На месцы будоўлі былі зруйнаваныя некалькі старых дамоў, і цяпер будаўнікам спатрэбілася разбурыць яшчэ два, яны на вуліцы Антонава, 4а і 4б”.

Жыхар: “Я ўсе свае сорак сем гадоў тут жыву, з 1961 году, на другім паверсе, на першым – мая маці, ёй 81 год. Яны спачатку хочуць мяне выселіць, а куды маці пашлюць – без паняцьця, а хто яе даглядаць будзе?”

Карэспандэнт: “Хто гэта высяляе – фірма “Кансэнт” ці ўлады?”

Другі жыхар: “Фірма “Кансэнт”, што за нашым домам свой будуе”.

Першы жыхар: “Прыйшлі і адразу ў суд, на мяне ідзе разбор зь верасьня. Нам прапануюць “бамжатнік”: адзінаццаць тысяч кошт кватэры той, уяўляеце?”

Жыхарка: “У гэтай фірмы зусім няправільныя мэтады работы зь беларускім народам, мы засталіся бяспраўныя. Калі гарвыканкам бурыць у цэнтральнай частцы гораду дамы на Савецкай, на Гарнавых, на Даватара, то людзям даюць новыя кватэры ў новых дамах. А нам вельмі не пашанцавала зь фірмай, якая ўціскае нашыя правы і глядзіць толькі свае камэрцыйныя інтарэсы”.

Карэспандэнт: “Скажыце, а вас таксама праз суд высяляюць?”

Другая жыхарка: “Так, таксама гэтак высяляюць, і, як казала суседка, вельмі крыўдна праз тое, што нашыя беларускія ўлады не абараняюць свайго народу, нашых правоў. Мы кінутыя людзі і наймаць адвакатаў ня можам, і на якой падставе павінны гэта рабіць?”

Першая жыхарка: “Прададзена беларуская зямля разам з народам. Вельмі крыўдна, што яны гатовыя зьнесьці дамы, не цікавячыся, дзе мы будзем жыць. Гэта ўсё, што ў нас ёсьць. У нас тут пятае пакаленьне пачынае гадавацца ў гэтых дамах. У нас карані ў гэтую зямлю ўрасьлі”.

Карэспандэнт: “Скажыце, а хто зьбіраецца ісьці да Ўладзімера Саўчанкі ў аблвыканкам?”

Галасы: “Усе!”

Спадарыня: “Ідзем ўсе. Мы пісалі грамадзкі ліст ад жыхароў прэзыдэнту нашай краіны Лукашэнку. Таму, мы так думаем, напэўна, прыйшла нейкая папера, і таму нас выклікаюць. Дагэтуль нас ніхто не выклікаў”.
Жыхары, якіх высыляюць праз суд

Фірма “Кансэнт” была заснаваная ў 1993 годзе як расейска-беларуская, а сёньня называецца проста сумесным таварыствам з абмежаванай адказнасьцю “Кансэнт”. Тым ня менш у размове з нашым карэспандэнтам жыхары, якіх высяляюць, называлі фірму проста “расейскай”. Ён пацікавіўся, што думаюць наконт змаганьня жыхароў за свае кватэры ў самім “Кансэнце”. Яму адказалі, што пакуль нічога невядома і ўсё можа зьмяніцца пасьля размовы ў старшыні аблвыканкаму Саўчанкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG