Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Лаўроў: “Ізаляцыя ніколі не прыносіла посьпеху”


Сёньня ў Менску адбылося супольнае паседжаньне калегіяў Міністэрстваў замежных справаў Расеі і Беларусі, на якім была зацьверджаная супольная праграма дзеяньняў на міжнароднай арэне ў 2008-09 гадах.


Пасьля завяршэньня калегіі міністры Сяргей Лаўроў і Сяргей Мартынаў адказалі на пытаньні журналістаў. Лаўроў сказаў, што ён нэгатыўна ацэньвае спробы “некаторых краінаў Захаду” дыктаваць сваю волю Беларусі. “Рашаць праблемы трэба не праз дыктат і ціск, а праз узаемна паважлівы дыялёг. Такія прыклады ў гісторыі ёсьць, а ізаляцыя ніколі і нідзе не прыносіла посьпеху.”

Лаўроў таксама сказаў, што ў гэтым сэнсе ён падтрымлівае палітыку Беларусі, якая хоча вырашаць свае пытаньні ў з Эўропай і ЗША менавіта праз дыялёг. Расейскі міністар сказаў, што магчымае паляпшэньне дачыненьняў Беларусі з Захадам не адаб’ецца нэгатыўна на адносінах Беларусі з Расеяй. “У нас такіх перасьцярог не існуе”.

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў заявіў: “Рэспубліка Беларусь лічыць крытыку на свой адрас, а тым больш аднабаковыя захады прымусу ў эканамічнай сфэры, неабгрунтаванымі і несправядлівымі. Мы ўдзячныя Расейскай Фэдэрацыі за падтрымку нашай пазыцыі ў гэтым пытаньні... Цяпер мы супольна з Расея і ў кантактах з Эўразьвязам ды іншымі заходнімі партнэрамі працуем над тым, каб гэтыя праблемы зьняць. Якія будуць вынікі – пабачым у далейшым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG