Дзясятак актывістаў прыйшлі да ракі Дубравенка па берагах якой амаль шэсьдзесят сем год таму фашысты ўтварылі гета. Да сымбалічнага месца актывісты ўсклалі кветкі, вянок ды запалілі сьвечкі памяці.
Сёньня ж у гарадзкой габрэйскай нядзельнай школцы таксама гаварылі пра Галакост. Гаварылі пра талерантнасьць ды ідэалёгію фармаваньня вобразу ворага ў фашысцкай Нямеччыне.
Дакладных зьвестак пра тое, колькі габрэяў знаходзілася ў гета няма. Вядома, што за час фашысцкай акупацыі Магілёва былі расстраляныя каля дзесяці тысяч чалавек.
Цяпер на месцы гета знаходзіцца прыватны сэктар, побач – новы мост праз раку Дубравенку. Жыхары дамоў ня ведаюць, што некалі было на месцы іхных сядзібаў. На сьценах дамоў няма шыльды, якая нагадвала б пра падзеі 67-мі гадовай даўніны.
Афіцыйна ў Магілёве Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту не адзначаўся.