Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Дашкевіча не выключае скаргі на новы прысуд


Ці адпавядае закону той факт, што Зьміцер Дашкевіч на 4 месяцы “перасядзеў” свой новы тэрмін? Навіны пра беларускіх палітвязьняў.


23-га студзеня выйшаў на волю Зьміцер Дашкевіч. Вось як ён даведаўся пра сваё вызваленьне:

“Выклікалі ў штаб і кажуць: ідзі да хаты. Я спачатку падумаў, што жартуюць, бо яны любяць пагуляць на нэрвах, але не – усё было сур’ёзна. Такім чынам у тры гадзіны мне гэта сказалі, а ўжо ў пачатку на шостую фактычна выштурхнулі мяне з калёніі”.

Вызваленьне стала вялікай радасьцю для Зьмітра, бацькоў актывіста, ягоных сяброў і ўсіх прыхільнікаў дэмакратычных перамен ў Беларусі. Аднак паўстала пытаньне: якія юрыдычныя прычыны былі ўжытыя ўладамі? Фармальна палітвязьня вызвалілі праз рашэньне Вярхоўнага суду, які пераглядзеў ягоную справу 22-га студзеня і вынес Зьмітру новы прысуд – год зьняволеньня замест паўтара. Аднак у Вярхоўным судзе не тлумачаць, ці яны самі пераглядзелі справу, пасьля пратэсту пракуратуры ці з іншых прычын. Яшчэ адно пытаньне: як быць з чатырма месяцамі, якія Дашкевіч адбыў звыш прызначанага яму новага тэрміну? Адвакат Аляксандр Галіеў не выключае скаргі.

“На дадзены момант мы чакаем копіі пастановы Вярхоўнага суду, і пасьля гэтага будзем прымаць рашэньне. Калі ўбачым нейкае парушэньне і будзе жаданьне кліента, Зьмітра Дашкевіча, будзем вырашаць, ці падаваць скаргу і паводле якіх падстаў”.

Нагадаю, у Вярхоўным судзе Зьмітру Дашкевічу сказалі, што копію судовай пастановы ён атрымае пазьней у раённым судзе.

Зьміцер Дашкевіч тлумачыць сваё вызваленьне палітычнымі прычынамі. Актывіст ня лічыць, што ў ягоным выпадку адбылося выпраўленьне былой судовай памылкі.

“Толькі палітычная ізаляцыя і эканамічныя санкцыі”

Праз два месяцы будзе два гады, як знаходзіцца ў вязьніцы былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Палітыка ізалявалі, але ягоны голас ў Беларусі і сьвеце гучыць. Дачка палітыка Вольга Казуліна днямі была ў Страсбургу, удзельнічала ў паседжаньні камісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая абмяркоўвала сытуацыю ў Беларусі і такую складаную праблему, як дыялёг з беларускімі ўладамі. Шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў такі дыялёг не выключае. Пазыцыя Аляксандра Казуліна адрозьніваецца:

“Я ўзяла слова і сказала, што Аляксандар Казулін з турмы кажа пра іншае: што толькі ізаляцыя беларускага рэжыму прымусіць яго выконваць правы чалавека, дапаможа беларускаму народу і выкананьню 12-ці ўмоў Эўразьвяза. Толькі палітычная ізаляцыя, сьпісы неўязных чыноўнікаў, датычных да рэпрэсій, эканамічныя санкцыі. Ён ухваліў жорсткую пазыцыю Эўразьвязу што да беларускага рэжыму”.

Апошні ліст дамоў ад Андрэя Клімава прыйшоў 14-га студзеня, сказала жонка палітвязьня Тацяна Клімава. Прычын доўгага маўчаньня мужа Тацяна ня ведае. Нагадаю, Андрэй Клімаў адбывае ў Жлобінскай калёніі трэцяе пакараньне, гэтым разам за артыкул у інтэрнэце.

Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч даслаў дамоў кароткі ліст. “Піша, што ўсё добра, ні на што не скардзіцца”, – паведаміла маці актывіста Марыя Вячаславаўна. Нагадаю, новы прысуд Фінькевічу – яшчэ паўтара года зьняволеньня за парушэньне рэжыму адбыцьця “хіміі”.

Былога намесьніка рэдактара “Згоды” Аляксандра Зьдзьвіжкова, якому тыдзень таму далі тры гады зьняволеньня за карыкатуры на прарока Мухамэда, па-ранейшаму трымаюць ў ізалятары КДБ. “Скаргу мы яшчэ не падалі”, – паведаміла адвакат журналіста Мая Аляксандрава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG