Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску бураць камяніцу XVII стагодзьдзя


І зімой працягваюцца рэстаўрацыйна-будаўнічыя работы ў гістарычным цэнтры Менску – Верхнім горадзе.


Наш карэспандэнт паспрабаваў прайсьці па вуліцы Гандлёвай, дзе зараз сканцэнтравана найбольш будаўнікоў і будаўнічай тэхнікі.

Фотагалерэя

На вуліцы Гандлёвай зараз небясьпечна. Увесь час трэба азірацца, каб не патрапіць пад колы крану ці не зваліцца ў катлаван, пракапаны ўздоўж усёй вуліцы. На дно паклалі велізарную трубу, якая заплыла вадой. Па сьценах катлавану можна вывучаць гісторыю: вось кладка падмурку, вось чорны слой пасьля пажару.

Кавалкамі чорнай зямлі ды абломкамі чырвоных цаглінаў гісторыя асыпаецца на дно катлавану і зьнікае ў сьмярдзючай багне – прарвалася вада, што цяпер больш за ўсё турбуе будаўнікоў. Запытваюся ў стропальшчыка Аляксандра, ці не трапляліся гістарычныя знаходкі:

“Не, не трапляліся. А калі будуць? Ня ведаю. На гэта ёсьць начальства. Яно кажа, што ўсё тут будзе захаванае, як было. Тут пяць розных арганізацый, а мо і шэсьць. А мая справа простая – трубы”.

Калісьці Гандлёвая вуліца называлася Зыбіцкай. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі яна была заселеная ня вельмі заможнымі гандлярамі, якія трымалі лаўкі ў Верхнім горадзе. Падзеі 20-га стагодзьдзя істотна зьмянілі воблік старадаўняй вуліцы, на якой засталіся толькі некалькі старых будынкаў. Зараз і яны разламаныя. Рэканструкцыя, якая пачалася год таму, ператворыць старадаўнюю вуліцу ў своеасаблівы пасаж з элемэнтамі рэтра: сярэдзіну зойме бізнэс-цэнтар з падземнай паркоўкай, вакол, у тым ліку да самай Сьвіслачы, пабудуюць рэстараны ды іншыя забаўляльныя ўстановы. Каб забясьпечыць іх сучаснымі камунікацыямі, цяпер уздоўж вуліцы і цягнуць каналізацыю двухмэтровага дыямэтру.

Прадстаўнікі Менскага гарвыканкаму запэўніваюць: гэта верне вуліцы паўнавартаснае жыцьцё і адначасова захавае гістарычнае аблічча. А руйнаваньне некаторых пабудоў называюць “непазьбежнай зьявай” і абяцаюць ўсё аднавіць. Прадстаўнік дэпартамэнту аховы гістарычнай спадчыны і рэстаўрацыі міністэрства культуры Ігар Чарняўскі таксама згодны, што іншага выйсьця, як бурыць, не было.

“Там не разьбіраць сьцены было немагчыма. Бо там цэгла такая, што яе можна было браць ў рукі і згрэбсьці гліну”.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі зьвяртае ўвагу – паводле праекту рэканструкцыі на вуліцы Гандлёвай зьявяцца будынкі, якіх тут ніколі не было: бізнэс-цэнтар, асьветны праваслаўны цэнтар ды іншыя.

“Гэта брутальнае ўмяшальніцтва ў гістарычную структуру гораду. Несумаштабнае і несувымернае. З новых матэрыялаў, якія ніяк не адпавядаюць таму, што было раней”.

А ці заўважаць гэтыя разыходжаньні простыя менчукі? Будаўнік Аляксей, які залівае бэтон у катлаван бізнэс-цэнтру, новы выгляд вуліцы Гандлёвай вітае. А вось ягоны калега Анатоль, якога сябры назвалі карэнным менчуком, да навізны паставіўся скептычна.

Аляксей: “Будзе ўсё падобна”.

Анатоль: “Няма тут нічога падобнага на даўніну. Тады будавалі з цэглы, а тут будоўля сучасная: маналіт, арматура”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG