Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчкі вакол льготаў


Празь месяц пасьля ўступленьня ў сілу закону аб упарадкаваньні льготаў некаторыя СМІ напісалі, што зноў вернуты бясплатны праезд для “воінаў-інтэрнацыяналістаў” і вэтэранаў вайны.


Прадстаўнікі гэтых сацыяльных групаў кажуць, аднак, што сталі закладнікамі заканадаўчай неразьбярыхі: паводле адных нарматыўных актаў яны сапраўды маюць права на бясплатны праезд, паводле іншых — такая магчымасьць выключаная.

Тэлефаную на чыгуначны вакзал, каб даведацца, ці сапраўды могуць, да прыкладу, “аўганцы”, як і раней, езьдзіць па Беларусі бясплатна?
Па хваробах у нас ільготаў няма


“Якая група вас цікавіць?.. Па захворваньнях у нас ніякіх ільготаў няма. Першая і другая група інваліднасьці — няма таксама. Льготы скасаваныя”.

Раней у інтэрвію “Эўрарадыё” адзін з кіраўнікоў агенцтва “Мінсктранс” сказаў, што вэтэраны і “аўганцы” маюць права бясплатна езьдзіць па Беларусі. Аднак сёньня ў аддзеле цэнаў і тарыфаў агенцтва гэтага не пацьвердзілі:

“Я ведаю, што такая інфармацыя сыходзіла ад дырэктара агенцтва. Але калі ён такое заявіў, то за свае словы і павінен адказваць, так жа? А я нічога вам канкрэтнага не магу сказаць”.

У Міністэрстве транспарту і камунікацыяў магчымасьць самастойных рашэньняў з боку “Мінсктрансу” не выключаюць, але пра крок да “лібэралізацыі” ня ведаюць. У аддзеле пасажырскіх перавозак упраўленьня аўтатранспарту гэтага міністэрства заявілі, што ня бачылі ніякіх дакумэнтаў, якія дазвалялі б бясплатны праезд асобным катэгорыям:

“Не магу кампэтэнтна адказаць на пытаньне ў дадзены момант, наколькі гэтая інфармацыя праўдзівая. Увогуле ў паведамленьнях спасылка ідзе на “Мінсктранс”. І калі “Мінсктранс” на сябе ўзяў такую адказнасьць, то гэта не структурнае падразьдзяленьне Міністэрства транспарту, гэта камунальнікі, і яны наўпрост падпарадкоўваюцца Менгарвыканкаму”.

Праваабаронца і ўдзельнік савецка-аўганскай вайны Алег Воўчак перакананы, што розначытаньню спрыяе юрыдычная блытаніна. З уласнага досьведу расказвае: у грамадзкім транспарце ён як пасажыр спасылаецца на законы, якія даюць права на бясплатны праезд, а кандуктары ды кантралёры — на іншыя:
Атрымалася дваістае трактаваньне


“Ёсьць закон Рэспублікі Беларусь 2007 году “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў”. У адпаведнасьці з артыкулам, які тычыцца транспарту, карыстаюцца льготамі толькі воіны-інтэрнацыяналісты, якія атрымалі раненьні, калецтвы, кантузіі і якія не працуюць. Усё! Шараговец Воўчак, які не кантужаны, не атрымаў раненьняў і яшчэ ня выйшаў на пэнсію, бясплатна ў транспарце езьдзіць ня можа. Але ёсьць пастанова, на якую спасылаюцца і якую падпісваў Кебіч. Яна дае мне права льготнага праезду. Атрымалася дваістае трактаваньне. Ёсьць закон, які забараняе, а ёсьць пагадненьне аб узаемным прызнаньні гарантыяў для ўдзельнікаў баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў, якое набыло законную сілу ў 1993 годзе. Паводле гэтага пагадненьня Воўчак і ўсе астатнія, не кантужаныя і ня раненыя, маюць права езьдзіць бясплатна”.

Алег Воўчак зьбіраецца зьвярнуцца з гэтай нагоды ў Канстытуцыйны суд.

Начальнік службы руху Менскага мэтрапалітэну Георгій Ткач удакладняе: нават сярод вэтэранаў і “аўганцаў” ёсьць групы, якія плацяць, а ёсьць — якія не:
Хто вярнуўся здаровы, той плаціць


“Ёсьць закон аб ільготах, і мы гэты закон выконваем. Так, існуюць якіясьці заканадаўчыя акты, пагадненьні краінаў СНД, якія да гэтага моманту пакуль не скасаваныя, не адмененыя ў сувязі з прыняцьцем гэтага закону аб ільготах. То бок старыя законы таксама не адмененыя. Гэта зусім розныя і законы, і ўказы прэзыдэнта. Таму штосьці камэнтаваць складана”.

Карэспандэнт: “І тыя ж “аўганцы” цяпер плацяць за поўны квіток?”

“Пэўная катэгорыя плаціць, а пэўная катэгорыя — не. Хто проста ўдзельнічаў у гэтых дзеяньнях і вярнуўся, дзякуй Богу, здаровы, той плаціць”.

Паводле Воўчака, існуе негалоснае распараджэньне не чапаць аўганцаў да 15 лютага, калі адзначаецца гадавіна вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. А вось празь месяц ён прагназуе “маштабнае паляваньне”.

Ня хочуць адмаўляцца ад ільготаў і “сілавікі”, якія апэлююць да прэзыдэнцкага ўказу 1995 году. Дакумэнт таксама пакуль не адменены і прадугледжвае права супрацоўнікаў органаў унутраных справаў на бясплатны праезд паводле спэцыяльнага знаку на ўсіх відах грамадзкага транспарту. І, як сьведчыць практыка, кантралёры на безьбілетнікаў у пагонах звычайна заплюшчваюць вочы. У адрозьненьне ад “чарнобыльцаў”, студэнтаў і пэнсіянэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG