Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйкавалі каля 50 працэнтаў прадпрымальнікаў


Сёньня апошні дзень страйку прадпрымальнікаў. Паводле лідэраў прадпрымальніцкага руху, у двухтыднёвым страйку ўзялі ўдзел каля 50 працэнтаў дробных бізнэсоўцаў.


У гандлёвым цэнтры “Імпульс” каля 40 працэнтаў гандлёвых пунктаў зачыненыя. На ралетах — аб’явы пра тое, што прадпрымальнікі ў адпачынку. Іхнія калегі, якія не спыняюць працу, з разуменьнем ставяцца да рашэньня страйкоўцаў.


“Гэта наша адзінае месца і адзіны сродак існаваньня”
Сам уладальнік месца хадзіў на мітынг пратэсту, а мы працавалі

Гандлярка: “З усіх гандлёвых месцаў працэнтаў сорак былі закрытыя”.

Карэспандэнтка: “А вы не далучаліся да страйку?”

Гандлярка: “Непасрэдна я – не, а сам уладальнік месца — так. Ён хадзіў на мітынг пратэсту, а мы працавалі”.

Карэспандэнтка: “А самі вы як ставіцеся да ўказу № 760?”

Гандлярка: “Нэгатыўна, бо ён дрэнным чынам адбіваецца на мне асабіста, я не змагу працаваць. Але мы вырашылі пераафармляцца, таму і працуем”.

Спадарыня: “У асноўным усе месцы цяпер закрытыя. Мы вырашылі пакуль застацца індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Настроіліся, што гэты год будзем так працаваць, калі нам, канечне, дадуць магчымасьць так працаваць, бо такі прэсінг на нас... Кожны дзень ходзяць, нешта перапісваюць. А калі не, то мы як прадпрымальнікі спынім дзейнасьць. Гэта наша адзінае месца і адзіны сродак існаваньня”.

Карэспандэнтка: “А хто ўладальнік гандлёвага пункту — вы самі?”

Спадарыня: “Не, мой сын. Але ён сёньня здае ў падатковай дэклярацыю. Ён адзін, і ў яго толькі я, хворая маці, такім чынам, ён працуе практычна без выходных”.

Уладальнік гандлёвага пункту: “Хочам застацца індывідуальнымі прадпрымальнікамі і каб нам дазволілі мець хаця б аднаго найманага работніка. А вось нам прыходзіцца самім сядзець на пункце”.

Карэспандэнтка: “Вы ня бралі ўдзелу 10 студзеня ў мітынгу прадпрымальнікаў?”

Уладальнік гандлёвага пункту: “Мы працавалі. Такімі рэчамі не займаліся. Будзем чакаць нармальных дзеяньняў ад нашых уладаў”.


“Зьявіліся дзясяткі, сотні новых лідэраў”

Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў кажа, што цягам двух тыдняў каля 50% прадпрымальнікаў у краіне падтрымалі страйк.

“Некаторыя на выходныя выходзілі працаваць, хтосьці зусім не працаваў. Ёсьць нават прадпрымальнікі, якія працягваюць і надалей страйкаваць. Страйк ахапіў усю краіну. Недзе болей, недзе меней, у некаторых рэгіёнах. Але пра праблемы прадпрымальнікаў пачулі, і гэтыя праблемы засталіся нявырашанымі”.
Народ прыняў рашэньне 21 студзеня сустрэцца, значыць, так і будзе. Тут ад лідэраў ужо нічога не залежыць.

21 студзеня прадпрымальнікі плянуюць правесьці наступную акцыю пратэсту ў Менску. Віктар Гарбачоў перакананы, што арышты лідэраў прадпрымальніцкага руху падчас мітынгу 10 студзеня не паўплываюць на колькасьць удзельнікаў пратэсту.

“Народ прыняў рашэньне 21 студзеня сустрэцца, значыць, так і будзе. Тут ад лідэраў ужо нічога не залежыць. Прадпрымальнікі настолькі самаарганізаваліся за гэтыя два-тры месяцы пратэстаў! Зьявіліся дзясяткі, сотні новых лідэраў. Арышты і штрафныя санкцыі толькі абвастраюць сытуацыю. Прадпрымальнікі на гэтай глебе толькі гуртуюцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG