У Менску адбыўся мітынг прадпрымальнікаў Беларусі, у якім прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Яны пратэставалі супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні дробнага бізнэсу краіны. Акцыя пратэсту была гвалтоўна разагнаная супрацоўнікамі сілавых структур. Многія яе ўдзельнікі былі арыштаваныя і асуджаныя на 15 сутак зьняволеньня. Што пра гэта думаюць менскія мінакі?
Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да мітынгу прадпрымальнікаў і да ягоных вынікаў? Што вы пра гэта думаеце?”
Спадар: “Лічу, што нейкая праблема ёсьць, якую прадпрымальнікі зьбіраліся вырашыць. Але, на жаль, я не знаёмы з дэталямі і ня ведаю, што там адбывалася насамрэч на тым мітынгу. Таму мне складана даваць нейкую ацэнку тым падзеям, якія адбыліся”.
Юначка: “Я лічу, што яны правільна пратэстуюць, бо гэты закон несправядлівы. Наколькі я ведаю, ён забараняе прымаць на працу не сваякоў. Я лічу, што гэта няправільна. Чаму ня могуць працаваць іншыя людзі, калі ў гэтым ёсьць патрэба?”
Спадар: “Як я да гэтага стаўлюся? Мне вельмі непрыемна, што ўлады гэтак абышліся зь людзьмі, якія сапраўды выйшлі абараняць свае правы. Бо гэты ўказ карэнным чынам пагаршае працу прадпрымальнікаў. А кожны ўказ, які пагаршае працу людзей, ён незаконны”.
Спадарыня: “Я лічу, што людзі маюць права на пратэст. Калі іх нешта не задавальняе, яны павінны мець права гэта выказаць. Іншая рэч, што варта ўлічваць, у якой дзяржаве мы жывем, зь якімі законамі. І таму яны павінны былі прадбачыць тыя праблемы, якія яны зьведаюць, ідучы на мітынг, не дазволены ўладамі. Таму, я лічу, што няма ні правых, ні вінаватых. Ёсьць неахайнасьць у дзяржаве, але, падобна, што не такімі сродкамі мы іх вырашым”.
Юнак: “Трэба даваць прадпрымальнікам больш свабоды, каб разьвіваць краіну”.
Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да мітынгу прадпрымальнікаў і да ягоных вынікаў?”
Юнак: “Да мітынгу станоўча, але засмучае, што вынікаў яны не дамагліся, па-мойму. Акрамя мітынгу гэта, магчыма, нічым больш не закончыцца. Праблема нязгуртаванасьці, напэўна, студэнтаў, прадпрымальнікаў, палітыкаў. Кожны цягне коўдру на сябе і ўсе разам ніяк сабрацца ня можам”.
Юначка: “Я лічу, што пратэставалі правільна. Але я ня веру, што нашы, простыя людзі здолеюць чагосьці дамагчыся. Я іх падтрымліваю ўсімі сіламі, бо лічу, што яны маюць рацыю, але ня веру, што нешта атрымаецца”.
Юнак: “Я станоўча да гэтага стаўлюся, бо лічу, што прадпрымальнікі павінны адстойваць свае правы, як і ўсе мы. Я цалкам згодны зь імі і лічу, што яны правільна паступілі”.