Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дзясяткі жанчын Аляксандра Тамковіча


Belarus -- Book of Journalist Alexander Tamkovich, Minsk, 10012008
Belarus -- Book of Journalist Alexander Tamkovich, Minsk, 10012008

Выйшла кніга журналіста Аляксандра Тамковіча “Жанчыны”. Гэта лягічны працяг папярэдняй працы “Лёсы”, дзе, праўда, не было падзелу паводле полавай прыкметы. У новай кнізе сабраныя інтэрвію з сацыяльнымі і палітычнымі актывісткамі, якія цягам апошніх гадоў яскрава прадэманстравалі свае арганізатарскія здольнасьці. У кнігу ўвайшлі 23 суразмоўніцы, аднак, ліча аўтар, гэта далёка ня поўны пералік годных і вартых грамадзкай увагі сучасьніц. Тым часам спадар Тамковіч кажа пра чарговы праекта, які маецца ажыцьцявіць неўзабаве.

Супадзеньне, але кніга “Жанчыны” зьявілася ў дзень абвяшчэньня прысуду Аляксандру Тамковічу. У апошнія дні мінулага году суд Першамайскага раёну Менску абавязаў журналіста выплаціць 1 мільён рублёў на карысьць Мікалая Чаргінца: пісьменьнік і сэнатар палічыў сябе абражаным артыкулам Тамковіча, надрукаваным у газэце “Новы час”. І хоць да друкарскіх выдаткаў дадаліся яшчэ і не запраграмаваныя, аўтар усьцешаны эфэктам ад кнігі.

“Мы палюбілі яго за папулярызацыю жаночай тэмы”

Старшыня Беларускай жаночай лігі, кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская першай пачала распаўсюджваць кнігі Аляксандра Тамковіча падчас сэмінараў, што ладзіць яе арганізацыя:

“Мая аўдыторыя вельмі зацікаўленая ў тым, каб жаночы досьвед, тым больш такіх сацыяльных, палітычных актывістак, быў вядомы ў грамадзтве. Таму, канечне, вельмі віталі гэтую кніжку. Намаганьнямі, магчыма, жаночых арганізацый, мне падаецца, у грамадзтве зьмяняюцца ацэнкі таго, што зрабілі жанчыны цягам вялікага гістарычнага адрэзку шляху...”

Карэспандэнт: “А тое, што аўтар – мужчына, нейкага калярыту дадало?”

“Абсалютна вітаем! Мы нават палюбілі Аляксандра (сьмяецца) за такую ягоную папулярызацыю жаночай тэмы. Гэта тым больш цікава. І падыход тут ня проста анкетны, як я кажу, пералік “нарадзіўся-хрысьціўся”. Ён вельмі ўдала як інтэрвіюер папрацаваў. І, шчыра кажучы, крануў. Тое-сёе я пачытала і думаю: сёньня, магчыма, такога б і не сказала. А вось у той момант ён змог знайсьці такі падыход, што некаторыя рэчы і расказала”.

На барыкады – без полавай прыналежнасьці

Што падштурхнула Аляксандра Тамковіча, які колісь пачынаў свой журналісцкі шлях у вайсковай газэце “Во славу Родины”, а потым быў намесьнікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка “Свободные новости”, узяцца за напісаньне сучасных жаночых гісторый? Магчыма, цяжкая хвароба, якая не адпускае Аляксандра вось ужо некалькі гадоў, спрычынілася да публіцыстычных экспэрымэнтаў? Вось як на гэта адказвае сам аўтар:

“Сэнс кніжкі ў тым, каб паказаць: жанчыны нічым не адрозьніваюцца ад тых, хто зараз лезе на барыкады. Жанчыны ня менш пакутуюць за свае думкі, а можа нават і больш – адрозна ад тых жа мужчынаў, у іх ёсьць яшчэ моцнае пачуцьцё сям’і, пачуцьцё дому. Жанчына – гэта гаспадыня перш за ўсё. У яе больш перажываньняў за сыноў, за мужоў, за бацькоў. Дарэчы, я адначасова пачаў рабіць “Жанчын” і другую частку “Лёсаў”. Дык вось, кніжка “Жанчыны” ужо ёсьць, а “Лёсы” –дзесьці толькі пасярэдзіне (тут 23 матэрыялы, а ў той сабрана толькі 12). То бок, і ў гэтым сэнсе жанчыны больш дысцыплінаваныя. Некаторых палітыкаў я “дабіваю” па тры гады і не магу зразумець: чым яны так заўжды занятыя? Так змагаюцца з рэжымам, што немагчыма да іх даступіцца”.

“Слабы пол” – толькі ў стэрэатыпным уяўленьні

У прадмове Аляксандар Тамковіч піша: кніга “Жанчыны” – ня спроба завастрыцца на гендэрных праблемах. А жанчыны выбраныя менавіта для таго, каб хоць неяк “нівеляваць” часам пагардлівае да іх стаўленьне “моцнай паловы чалавецтва”. “Гэтыя інтэрвію красамоўна паказваюць: нібыта “слабы пол” не такі ўжо і слабы”, -- піша аўтар. З гэтым ды такімі ж высновамі іншых гераіняў кнігі згодная мастацтвазнаўца, актывістка праваабарончага руху “За свабоднае веравызнаньне” Валянціна Трыгубовіч. Яна кажа, што Аляксандар Тамковіч робіць патрэбную справу:

“Гэта фактычна працяг праекту Тамковіча, які ён папярэдне рабіў. Толькі там былі ўперамешку, што называецца, і мужчыны, і жанчыны. Ён цікавую справу робіць, адназначна”.

Карэспандэнт: “А што да “выдзяленьня” жанчын у асобную кніжку?...”

“Чаму не? Выдзяляюць жа розныя сацыяльныя групы дзеля таго, каб больш пільна разглядзець нейкую зьяву. Асобна моладзь, асобна, умоўна скажам, прадпрымальнікаў, ці калгасьнікаў ці яшчэ каго-небудзь. Усё мае права на існаваньне. Ёсьць у гэтым штосьці... Тым больш, я пераканана, што нашае грамадзтва па-ранейшаму патрыярхальнае, і ўсе нават нашы самыя прасунутыя жанчыны ўсё роўна маюць у сабе вось гэты элемэнт прызнаньня як бы мужчынскага верхавенства. А грамадзтву ад гэтага кепска, таму што ў рэальным жыцьці жанчыны займаюць большае месца, чым у нашым грамадзка-палітычным жыцьці”.

Сярод гераіняў Тамковіча – вядомыя ў краіне актывісткі грамадзкага, сацыяльнага, палітычнага руху. Апроч ужо згаданых, тут Юлія Чыгір, Іна Кулей, Людміла Карпенка, Ірына Казуліна, Тацяна Процька, Людміла Гразнова, Валянціна Сьвяцкая, Вольга Іпатава, Сьвятлана Алексіевіч, Натальля Гайда, Кася Камоцкая ды іншыя.

Таксама знайшлося месца жанчынам, якія, магчыма, ня так навідавоку, аднак сваёй акрэсьленай грамадзянскай пазыцыяй ня толькі натхняюць, але даюць прыклад “моцнаму полу”: Ніна Даўгучыц, Зінаіда Цімошак, Галіна Сіўчык, Антаніна Кавалёва, Ірына Грушавая, Марыя Багдановіч.

Падчас падрыхтоўкі кнігі дапамогу аўтару аказалі Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG