Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Менску даюць фотаздымкі “на вынас”?


“Выстава на вынас” – пад такой назвай адкрылася ў Менску, у арт-галерэі “Падземка” інсталяцыя францускай фотамастачкі Мацільды Жыль.

Кожны з твораў, прадстаўленых на “Выставе на вынас”, наведнік можа забраць з сабой. Але з умовай: замест забранага фотаздымку ад яго чакаюць водгуку: чаму ён выбраў менавіта гэта? Распавядае Матыльда Жыль:
“На адваротным баку фотаздымку пазначаны адрас – куды можна адправіць водгук. Гэта не абавязкова фотаздымак – гэта можа быць тэкставы файл, музыка, карцінка... Гэта надасьць новы подых выставам, нейкае новае разьвіцьцё, новы віток бачаньня...”



У галерэю “Падземка” выстава Матыльды Жыль патрапіла амаль выпадкова,– распавядае дырэктарка галерэі Валянціна Кісялёва:
“Матыльда папросту зайшла да нас у галерэю, як наведнік. І прапанавала зрабіць тут сваю выставу. Натуральна, мы пагадзіліся, бо гэта вельмі цікава. І мне вельмі цікава, якое разьвіцьцё атрымае выстава – бо выставу-водгук Матыльда таксама плянуе рабіць у Беларусі”.


“Выстава на вынас” прэзэнтуе працы, зробленыя ў Беларусі, Літве, Польшчы ды Францыі. На погляд аднаго з наведнікаў, аўтарка вельмі трапна падкрэсьліла эўрапейскасьць Менску:
“Цікава, што людзі, якія прыяжджаюць да нас з Эўропы, кажуць, што бачаць перад сабой сапраўдны эўрапейскі горад".
Карэспандэнтка: “А Вы прыкмецілі ўжо той фотаздымак, якія б хацелі забраць з сабой”?
“Мне вельмі спадабаўся фотаздымак нашага Катэдральнага сабору”.
Карэспандэнтка: “І які б водгук Вы б пакінулі на ўзамен”?
“Мне вельмі б хацелася, каб гістарычныя назвы вуліц вярнулі. Там былі Малая Бенэдыктынская, Вялікія Бенэдыктынская. Вуліца Леніна называлася Францысканская. І вось каб гэтыя назвы вярнулі, гэта дадало б нам эўрапейскасьці, мы б вярнуліся ў Эўропу, у якой калісьці былі”.



Першая фотаінсталяцыя “Выстава на вынас” прайшла ў францускім горадзе Брэст, другая – у сталіцы Славакіі Браціславе. У менскай галерэі “Падземка” выстава будзе працаваць да 13 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG