Аповесьць Вольгі Іпатавай “Прадслава” расказвае пра лёс асьветніцы Эўфрасіньні Полацкай. Сама аўтарка нават ня ведала пра выхад аўдыёвэрсіі свайго твору. Але яна не зьбіраецца зьвяртацца ў судовыя інстанцыі па абарону аўтарскіх правоў:
“У нас былі перамовы з Мазынскім, праўда, пра іншы твор – “Давыда Гарадзенскага”, але ў прынцыпе, як бы там ні было, я расцэньваю гэта як такі сюрпрыз прыемны і трошкі нечаканы. Ведаеце, у нас аўтарскія правы – гэта пакуль што terra incognita для шмат каго. Тут хоць нейкія перамовы ішлі. Таму я ацэньваю гэта станоўча. Лічу, што хай, вядома, будуць беларускія аўдыёкасэты, гэта добра. Тым больш, што “Прадслава” пакуль што ня выкрасьленая са школьнай праграмы, у адрозьненьне ад іншых твораў, то хай гэта разыходзіцца”.
У творчы калектыў “Белтонмэдыя”, які выпусьціў аўдыёкнігу, уваходзяць прадстаўнікі розных сфэраў – актывісты Партыі БНФ, прадстаўнікі суполкі “Беларускі Гольфстрым”, грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў “Адраджэньне”. Рэжысэр праекту – Валеры Мазынскі. Адміністрацыйнай справай займаюцца Франак Вячорка і Алесь Калоша. У пэрспэктыве творчы калектыў мае намер выдаваць беларускія паштоўкі і ствараць дакумэнтальныя фільмы.
Аўдыёкніга “Прадслава” Вольгі Іпатавай дзявятая ў актыве “Белтонмэдыя”. Раней на дысках выйшлі беларускія народныя казкі, аповесьці Оруэла і Ўладзімера Арлова.
“Аўдыёкніга – гэта сучасны від літаратуры, які дазваляе сучаснаму чалавеку, мабільнаму чалавеку слухаць літаратуру бяз творчых стратаў у цягніку, у транспарце, у басэйне... Мы спрабуем рабіць беларускую літаратуру або замежную, але па-беларуску, сучаснай, мадэрновай і даступнай шырокаму слухачу”, – сказаў у інтэрвію "Свабодзе" Франак Вячорка.
Неўзабаве выйдзе новая аўдыёкніга па-беларуску – “Дзікія лебедзі” (у ёй сабраныя швэдзкія казкі).