Раней гэтыя альбомы існавалі толькі на вінілавых плытках і даўно зрабіліся музычнымі рарытэтамі. У межах прэзэнтацыі будзе паказаны таксама фільм “Данчык” і рэдкія відэаматэрыялы зь ягонай творчай біяграфіі. Пра гэта паведаміў выдавец альбомаў Віталь Супрановіч.
Упершыню на дыску сьпевы Данчыка былі выдадзеныя ў Беларусі ў 2005 годзе. Гэта была пласьцінка “Я ад вас далёка”, запісаная ў Нью-Ёрку яшчэ 1985 годзе.
Летась “Беларускай музычнай альтэрнатывай”, якой належыць ідэя гэтага праекту і яе ўвасабленьне, перавыдала на CD альбом 1992 году “Мы яшчэ сустрэнемся”. І вось цяпер выдадзены адразу тры новыя дыскі знакамітага сьпевака.
“Яны выходзяць у сэрыі “Беларускі музычны архіў”, – распавядае кіраўнік праекту Віталь Супрановіч. – Гэта дыскі “Беларусачка”, сумесны з Барткевічам “Мы адной табе належым” і ўкраінскамоўны “Равесьнікі”. Цяпер можна сказаць, што практычна ўсе альбомы Данчыка, якія былі раней, выйшлі на дысках. Да гэтага яны існавалі толькі на пласьцінках, і новыя людзі, якія цяпер слухаюць музыку на сучасных носьбітах, ня мелі такой магчымасьці”.
У межах прэзэнтацыі адбудзецца сустрэча з сябрамі фан-клюбу Данчыка, які існуе ў Беларусі ўжо амаль дваццаць гадоў. Будзе паказаны фільм “Данчык”, які зьняты калісьці “Беларусьфільмам”, але даўно ўжо не дэманструецца. А яшчэ спадар Супрановіч абяцае прагляд рарытэтных відэазапісаў:
“Нам Данчык перадаў шмат гадзін сваіх архіўных запісаў. Там ёсьць ягоныя самыя першыя інтэрвію і тое, як ён сюды прыяжджаў, ягоныя першыя канцэрты, першыя сустрэчы тут, у Беларусі. Штосьці з гэтага мы выберам самае цікавае і пакажам”.
На сёньняшняй вечарыне, якая пачнецца а 18-й гадзіне ў сядзібе Ўправы БНФ у Менску, будуць прэзэнтаваныя ўсе пяць дыскаў студыйных альбомаў Данчыка. Якія, дарэчы, можна будзе тут і набыць.
Існуе яшчэ шосты канцэртны альбом знакамітага сьпевака – “Калядныя песьні”. Гэта запіс шматмоўных калядак, зроблены на канцэртах Данчыка ў Беларусі і ў ягонай нью-ёркскай кватэры. Выданьне яго на CD плянуецца “Беларускай музычнай альтэрнатывай” у наступным годзе.