Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пуцін у Менску спрабаваў сябе ў ролі прэм'ера"


На пытаньні “Праскага акцэнту” адказвае аглядальнік расейскага выданьня “Газэта” Вадзім Дубноў.


Дзеля чаго Ўладзімір Пуцін прыяжджаў у Беларусь? Чаму ён нарэшце пагадзіўся даць Беларусі крэдыт у паўтара мільярды даляраў? Што азначаюць заявы Аляксандра Лукашэнкі пра супрацоўніцтва з Расеяй у ваена-стратэгічна сфэры?

Дракахруст: “Зь якімі мэтамі прыяжджаў у Менск Уладзімір Пуцін? Напярэдадні яго візыту актыўна распаўсюджвалася інфармацыя, што ў Менску Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін хуценька падпішуць Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы з разьмеркаваньнем роляў: Пуцін – саюзны прэзыдэнт, Лукашэнка – сьпікер саюзнага парлямэнту.

Але гэтага не адбылося. Сэнсацыя, калі і адбылася, то зусім у іншай сфэры – эканамічнай: Пуцін паведаміў, што Расея нарэшце дае Беларусі доўгачаканы стабілізацыйны крэдыт у памеры 1.5 мільярдаў даляраў, а таксама сказаў пра тое, што цана на газ у 2008 годзе ўзрасьце ў межах раней заключаных кантрактах.

Дык чаму ж ня спраўдзіліся надзеі адных і перасьцярогі другіх наконт таго, што 13-14 сьнежня ў Менску нарэшце збудуюць саюзную дзяржаву?”

Дубноў: "Пытаньне пра тое, што вось-вось будзе саюзная дзяржава, мы ўжо абмяркоўваем шмат гадоў. І тут насамрэч унутраная інтрыга не мяняецца. Праходзіць у Расеі адна перадвыбарчая кампанія за другой, але гэты дамоклаў меч аб'яднаньня застаецца ўвесь час, пры любых аб'ектыўных абставінах.

Мне здаецца, што гэта была такая рэжысэрская знаходка – прымусіць людзей падумаць, што Пуцін будзе прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы. Бо калі распрацоўвалася апэрацыя "Пераемнік", на нейкай стадыі такі варыянт існаваў і сьведчыў пра адчай крамлёўскай эліты, бо калі яны пайшлі на распрацоўку такога варыянта, то гэта значыць, што нічога добрага ў іх не заставалася. Дзякаваць Богу, што яны адмовіліся ад гэтага сцэнару.

Зараз яны маглі дазволіць сабе зрабіць такую дымавую заслону ў чарговы раз. І цалкам відавочна, што нічыім інтарэсам гэта не адпавядае: гэта не адпавядае інтарэсам Беларусі, гэта абсалютна нецікава Пуціну, і ўжо тым больш гэта нецікава таму, хто будзе пасьля яго, будзе гэта Мядзьведзеў ці хто іншы. Пасьля Пуціна ці разам з Пуціным – гэта ўжо не настолькі важна.

Справа ў тым, што трэба знайсьці нейкую цікавую нішу для Беларусі, гэта значыць, з аднаго боку, не ствараць зь ёй саюзную дзяржаву, аднак працягваючы разьвіваць гэтую тэму, а з другога боку, Расея відавочна ўзяла курс на жорсткую канфрантацыю з Захадам, саюзьнікаў усё менш, і Аляксандар Рыгоравіч – гэта такі саюзьнік, які пры любой магчымасьці можа нечакана салідарызавацца і з Польшчай, і з Грузіяй, і яшчэ з кім бы там ні было.
Лукашэнка – такі саюзьнік, які пры любой магчымасьці можа нечакана салідарызавацца і з Польшчай, і з Грузіяй, і яшчэ з кім бы там ні было.


І паколькі ў нас зараз ёсьць чаканьне таго, што праціўнікаў будзе шмат, то хацелася б пазбавіць Аляксандра Рыгоравіча спакусы выступіць на тым баку, пазбавіць яго прасторы манэўру. Так што ў гэтым сэнсе крок зроблены абсалютна лягічны, але я абсалютна ня ўпэўнены, што Аляксандар Рыгоравіч выканае свае абавязкі, калі ён іх даваў”.

Дракахруст: "Вось далей я і хацеў бы пагаварыць пра гэтыя абавязкі. Падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт каардынацыі беларускай палітыкі з расейскай у пытаньні супрацьдзеяньня амэрыканскай сыстэме СПА, якую ЗША зьбіраюцца разьвярнуць у Польшчы і Чэхіі, а таксама выхаду з Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе.

Але заявы кіраўніка Беларусі на гэты конт былі сфармуляваныя надзвычай асьцярожна. Атрымалася нават такая дзіўная фармулёўка, што "Беларусь гатовая адыграць сваю ролю ў пытаньні меркаванага разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў сыстэмы проціракетнай абароны ЗША".

Калі чытаць заяву літаральна, то з такімі прапановамі Лукашэнку варта было б зьвяртацца да Джорджа Буша, а не да Ўладзіміра Пуціна. Зразумела, што хацеў сказаць кіраўнік Беларусі, але нехлямяжасьць, так выглядае, атрымалася ад жаданьня сказаць як мага менш.

Тое самае – і наконт Дамовы аб звычайных узбраеньнях. Лукашэнка паабяцаў спрыяць Расеі ў адаптацыі дамовы, сяброўства ў якой Мсасква прыпыніла за дзень да візыту Пуціна ў Менск. Але абяцаньня ўсьлед за Расеяй прыпыніць сяброўства Беларусі ў Дамове Пуцін ад Лукашэнкі не дачакаўся.

Дык наколькі сур’ёзныя абавязкі ў ваенна-стратэгічнай галіне ўзяў на сябе Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным?”

Дубноў: "Мне здаецца, што адказ тут ляжыць у плашчыні палітычнай псыхалёгіі беларускага прэзыдэнта. Лукашэнка – чалавек глябальнай ідэі. Ён даволі доўга жыў пад уплывам ідэі, што ён можа ўзначаліць расейска-беларускі саюз. Потым, калі гэтая надзея памерла, яе месца заняла іншая думка – што ён можа згуляць ключавую ролю паміж Расеяй і Захадам, час ад часу выкарыстоўваючы сваё становішча для таго, каб калі не шантажаваць Расею, то хаця б вымушаць яе з сабой лічыцца. І ў гэтым ён знаходзіў магчымасьці часам нават гуляць першым нумарам, калі Расея гуляла другім.

І гэтая псыхалягічная ўпэўненасьць абумоўлівае тое, што ён нагэтулькі абцякальны і настолькі шчыра спрабуе пакінуць дзьверы адчыненымі з абодвух бакоў. Ну, у Расеі для яго дзьверы адчыненыя ўвесь час, ён ведае, што, як бы ні складваліся адносіны, Расея ня можа дазволіць сябе зрабіць Лукашэнку адкрытым ворагам. Ён даволі “граматна” гэта выкарыстоўвае.
Лукашэнка ведае, што Расея ня можа дазволіць сябе зрабіць яго адкрытым ворагам.


Але ён ужо даволі даўно спрабуе гуляць і на іншым полі. Ня надта ўмела, без асаблівых шанцаў, я ня думаю, што там у яго магчымасьцяў стаць ключавым гульцом больш, чым было магчымасьцяў стаць прэзыдэнтам расейска-беларускага саюзу. Але гэта рэальнасьць, зь якой даводзіцца жыць і Беларусі, і Расеі, і час ад часу да гэтага даводзіцца прыслухоўвацца і Захаду, ставячы сябе перад непрыемным выбарам. Але такі выбар будзе час ад часу ўзьнікаць, і Лукашэнка будзе яго выкарыстоўваць”.

Дракахруст: “Вадзім, а ці можна больш канкрэтна? Вось некалькі месяцаў таму пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў туманна намякнуў на магчымасьць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі ў адказ на амэрыканскую СПА ў Эўропе. Потым, праўда, гэтую заяву абвяргалі, у тым ліку і сам пасол, але слова было сказана.

У пятніцу, адразу пасьля завяршэньня візыту Пуціна ў Беларусь, расейскі генэрал Леанід Івашоў сказаў пра магчымасьць нацэльваньня беларускай ударнай авіяцыі на аб’екты СПА ЗША ў Польшчы і Чэхіі, а таксама разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх ударных і радыётэхнічных сродкаў. Спадар Івашоў таксама заявіў, што Беларусь, у выпадку абвастрэньня адносінаў паміж НАТА і ЗША, магла б выйсьці зь Лісабонскага пратаколу аб ядзерных узбраеньнях і дазволіць разьмясьціць у сябе расейскую тактычную ядзерную зброю. Як Вы лічыце, гэта рэальна?”

Дубноў: "Ну, нашы генэралы – таксама людзі ідэі, гэта таксама ня трэба забываць. Але нічога агульнага з рэальнасьцю гэта мець ня будзе, і ніякая ядзерная зброя, зразумела, у Беларусь ня вернецца. Мне здаецца, што наагул пытаньне пра СПА Лукашэнка цалкам слушна ўспрымае як рэч віртуальную, гэта пытаньне сымбаляў і барацьба сымбаляў. І тут вельмі зручна паказаць сябе так, як ён сябе паказваў.
Пытаньне пра СПА Лукашэнка цалкам слушна ўспрымае як рэч віртуальную, гэта пытаньне сымбаляў і барацьба сымбаляў.


З аднаго боку, Масква можа дазволіць сабе такія генэральскія эскапады, зь іншага боку, Лукашэнка даволі асьцярожны ў сваіх выказваньнях. Нічога рэальнага за гэтым усё роўна не стаіць, ніякай рэальнай пагрозы сутыкненьня тут няма, ўсё адбываецца ў віртуальнай ідэалягічнай плашчыні.

І таму Лукашэнка працягвае гуляць у сваю гульню, выдатна ведаючы, што ніякай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ня будзе, што нічога з пункту гледжаньня балянсу сілаў мяняцца ня будзе, і тут можна дазволіць сабе ўсю тую ж сыстэму манэўраў”.

Дракахруст: “На Ваш погляд – чаму Пуцін ня ўзяў у паездку ў Менск крамлёўскага кандыдата на гэтых выбарах – Дзьмітрыя Мядзьведзева? І другое пытаньне: якімі будуць адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй пасьля расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў?”

Дубноў: "Калі пачаць з другога пытаньня, то я не гатовы на яго адказаць. Не гатовы таму, што пакуль ня ўпэўнены, ці сапраўды Крэмль канчаткова вызначыў сцэнар. Калі ўсё пойдзе паводле агучанай схемы, што будзе прэзыдэнт Мядзьведзеў і прэм’ер Пуцін, то я ня думаю, што варта чакаць сур’ёзных зьменаў. Мядзьведзеў пакуль не падобны нават на Пуціна ўзору 1999 году, а ў Пуціна адаптацыя да Крамля заняла 2 гады. У Мядзьведзева гэта зацягнецца даўжэй, але і сам працэс пойдзе больш камфортна, бо вакол будуць усе свае людзі, ня трэба будзе змагацца зь мінулым, а толькі з канкрэтнымі людзьмі з канкрэтнага сучаснага.
Пуцін прыехаў у Беларусь як прэзыдэнт і ўжо як прэм’ер.


Што тычыцца Беларусі, я мяркую, што гэты фактар ня варта пераацэньваць. Як на культуру ў савецкія часы, на Беларусь будуць зьвяртаць увагу паводле "остаточного принципа" і ў бягучых сытуацыях: у пытаньнях газу, у пытаньнях транзыту, у сымбалічных бітвах супраць амэрыканскіх вайсковых праектаў у Чэхіі і Польшчы. І зараз Пуцін паспрабаваў закласьці падмурак таго, каб зрабіць Аляксандра Рыгоравіча калі не саюзьнікам, то хаця б нэўтралізаваць як праціўніка.

Што тычыцца таго, чаму ён ня ўзяў Мядзьведзева, а хто такі пакуль Мядзьведзеў? Пакуль ён – звычайны крамлёўскі чыноўнік. Пуцін прыехаў у Беларусь у вельмі цікавай якасьці: па-першае, як прэзыдэнт, а па-другое, ужо і як прэм’ер, прыехаў вырашаць канкрэтныя эканамічныя справы. Абмяркоўваць цэны на газ – гэта не прэзыдэнцкая справа. Ён правёў такі экспэрымэнт – як ён будзе выглядаць у гэтым сваім двуадзінстве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG