Карэспандэнтка: “Як вы лічыце, якая мэта візыту Уладзімера Пуціна ў Беларусь?”
Спадарыня: “Ну, я думаю, каб вырашаць палітычныя пытаньні. Да прыкладу, пра наш расейска-беларускі саюз, саюз Расеі й Беларусі”.
Хлопец: “Я ўвогуле ня ведаю, што ён да нас едзе. Можа, дзеля ягонае бясьпекі гэта шырока не разгалошваецца?”
Дзяўчына: “Калі шчыра, то ніякіх адносінаў да палітыкі ня маю. І таму ня ведаю”.
Спадар: “Ня ведаю. І меркаваньняў пра гэта ніякіх няма”.
Спадар: “Пэўна, аб’яднацца ўсё спрабуюць. Можа, падпішуць Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы. Я думаю, так будзе”.
Спадарыня: “Я думаю, пра прадпрыемствы нейкія высновы зробяць. Але пра прыватызацыю наўрад ці. Не пра тое, каб выкупіць камусь, а пра супольныя прадпрыемствы размаўляць будуць, пра супольныя расейска-беларускія прадпрыемствы. Што-небудзь накшталт гэтага”.
Хлопец: “Можа, Пуцін шукае ў нас якой-небудзь падтрымкі. Мажліва, што й палітычнай”.
Спадар: “А можа, ён едзе проста так. Проста горад паглядзець! Ён жа быў у Беларусі, і, можа, яму тут спадабалася! Прыяжджаў жа ён да нас на “Славянскі базар”, а цяпер на Менск хоча паглядзець — сталіца ўсё-ткі, чаму ж не наведаць?”
Дзяўчына: “Ня ведаю. Можа, проста гарэлкі папіць. Я думаю, бяз гэтага не абыдзецца!”
Хлопец: “Ну, каб проста гарэлкі папіць — гэта наўрад ці. Мусіць быць нейкая важная прычына. Але якая — ня ведаю”.
Спадар: “Чаго едзе Пуцін, цяжка сказаць. Паведамленьні пра парадак дня сустрэчы нейкія няпэўныя. І канкрэтна сказаць, чым на ёй будуць займацца, цяжка. Але ў кожным выпадку беларусы павінны быць пільнымі, бо любы кантакт з Пуціным зараз — гэта пагроза нашай незалежнасьці”.