Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін: “Зараз уладзе не патрэбна нацыянальнае...”


Іна Студзінская, Менск Беларусь, на шчасьце, не абдзеленая талентамі ў самых розных галінах – ёсьць кім ганарыцца і ў літаратуры, у мастацтве, у культуры. Стаўленьне ўлады да таленту заўсёды заўсёды зьяўлялася крытэрам разьвіцьця грамадзтва. Ёсьць у Беларусі і ганаровыя званьні, узнагароды. Вось толькі ўлада ўсё радзей зьвяртае ўвагу на дзеячоў культуры, мастацтва, літаратуры. Прысуджэньня ганаровых званьняў народнага пісьменьніка і паэта не было ўжо гадоў дзесяць. Некалькі гадоў ў галіне літаратуры нават дзяржаўныя прэміі не прысуджаюць. Чаму так адбываецца?

У Беларусі жывуць два народныя пісьменьнікі – Янка Брыль і Іван Навуменка, два народныя паэты – Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. Барадулін званьне народнага атрымаў яшчэ пры Шушкевічу, пасьля яго прысуджаліся ганаровыя званьні Івану Чыгрынаву ды Івану Навуменку. І ўсё – гадоў 10 цішыня. Народных мастакоў 12 – Савіцкі, Шчамялёў, Данцыг, Шаранговіч, Вашчанка, Грамыка, Кашкурэвіч, Гумілеўскі, Герлаван, Паплаўскі, Стэльмашонак, Чамадураў. Народных артыстаў крыху больш – там і балет, опэра, драма…

Праўда, ніякіх прывілей званьне народнага не дае - ні ільготаў, ні даплат, ні надбавак. Толькі павага і гонар. Паслухаем вядомага мастака Леаніда Шчамялёва.

(Шчамялёў: ) “Я – народны мастак. Ніякіх надбавак няма, і ніколі іх не было. Наагул не было. Ёсьць толькі гонар, павага. Канешне, напэўна, і ў сьвеце так. Хто штосьці робіць, за гэта атрымоўвае ўзнагароды грашовыя. А так – “укалваць” трэба, і больш, больш, больш…

Народны паэт Рыгор Барадулін вельмі ганарыцца, што званьне народнага атрымаў, калі Беларусь набыла незалежнасьць, на пачатку 90-х. Што да сёньняшняга становішча, дзядзька Рыгор выказаўся наступным чынам:

(Барадулін: ) “Усё залежыць ад улады. Некалі званьне было падмацаванае, а зараз нічым матэрыяльным не падмацаванае. Зараз уладзе наагул не патрэбна нацыянальнае, вось у чым справа, што самае галоўнае. Яны апякліся з Быкавым, не маглі назад забраць, і як бяльмо было. Я таксама хаджу ў сьпісах забароненых. Ні па радыё, ні па тэлебачаньні, не выдаюць кніг…”

Сапраўды, дзіўна атрымліваецца, абодва народныя паэты – і Ніл Гілевіч, і Рыгор Барадулін – увагай з боку ўлады зараз не аблашчаныя, больш за тое, сапраўды, не чуваць іх па радыё, тэлевізіі, кніг не выдаюць. А ў чым прычына – вельмі трапна выказаўся паэт Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Само званьне “народны” у нейкай ступені – сымбаль увагі і павагі. Ва ўсім гэтым ёсьць нейкая ўмоўнасьць. Але ва ўсіх гэтых званьнях ёсьць адно – праяўленьне ўвагі і павагі дзяржавы і яе інстытутаў да таленавітых сыноў і дачок. І калі дзяржава ня хоча ні ведаць сваіх пісьменьнікаў таленавітых, ні тым боль ставіцца да іх талентаў адпаведна, дык і званьняў няма. Самае цікавае, што ўлада не заўважае, што яна сама сябе і высякае, як тая вядомая жанчына ў клясычным творы…”

Пра дзяржаўную падтрымку талентаў – навукі, культуры, літаратуры – з экрану БТ можна чуць пастаянна. Прэзыдэнцкіх фондаў падтрымкі каго толькі няма – і таленавітых студэнтаў, і дзяцей. Але той факт, што цягам апошніх гадоў не прысуджаюцца нават дзяржаўныя прэміі ў галіне літаратуры, ён кажучы ўжо пра ганаровыя званьні, вельмі красамоўна кажа часам за сябе. І справа ня тым, што няма годных людзей, таленавітых твораў, лічыць таксама і Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Я не згодзен, што іх няма. Яны ёсьць. Іншая справа, што лепшыя, сапраўды таленавітыя, яны гэтай дзяржаве не патрэбныя. І гэта няпраўда, што, маўляў, ай, усё гэта пустое, на гэта няма ніякага сэнсу траціць нэрвы ці ўвагу… Не, ласка патрэбна. А творчасьць – гэта вельмі тонкая, нават інтымная справа, і ласка тут патрэбна таксама. Ёсьць дастаткова творцаў выдатных. А чаму дзяржава ня хоча ні бачыць, ні прызнаваць – зноў жа, гэта трэба спытаць у гэтай дзяржавы, у тых чыноўнікаў, якім, на жаль, у свой час не далі сапраўднай адукацыі, выхаваньня...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG