Яшчэ адзін доказ існаваньня паралельных прастораў – рэгулярныя кніжныя агляды ў газэце “Советская Белоруссія”, у якіх аўтарка Людміла Рублеўская абавязкова прадстаўляе навінку беларускай кніжнай паліцы. Пры гэтым прафэсійныя агляды Рублеўскай маглі б без дысанансу з агульным кантэкстам друкавацца і ў якой-небудзь апазыцыйнай газэце ці гучаць, да прыкладу, ў перадачах Радыё Свабода”.
(Рублеўская: ) “Я чытаю заўсёды шмат, як вымагае мая прафэсія. Вельмі яркія ўражаньні – дзьве перакладныя кніжкі: Ганны Андранікавай “Гук сонечнага гадзіньніка”... Вельмі мяне ўразіла і незвычайным перакладам, і зьместам, і тым, што маладая аўтарка, якая сёньня актуальная ў суседняй краіне, зрабілася нам даступнай...
(Дубавец: ) “Гэта пераклад з чэскай. Сапраўды, перакладаюць найчасьцей прызнаных карыфэяў, а ня тых, хто ў сябе дома яшчэ ня стаў клясыкам. А другая кніга...”
(Рублеўская: ) “Генрык Жавускі, “Успаміны Сапліцы”. Гэта кніга, якая толькі цяпер да нас прыходзіць, хоць зьяўляецца часткай нашай жа гісторыі”.
(Дубавец: ) “Жавускі перакладзены з польскай. І гэта, між іншым, цэлая зьява апошняга часу, калі польскамоўная, а па-сутнасьці беларуская літаратура – нашых аўтараў і пра нас, але напісаная па-польску – вяртаецца да беларускае мовы. Гэтым летам у кнігарнях зьявіўся томік бабчынскага этнографа Часлава Пяткевіча, перакладзены з польскай у сэрыі “Беларускі кнігазбор”. З ранейшых выданьняў варта згадаць “Шляхціца Завальню” Яна Баршчэўскага ці “Авантуры майго жыцьця” Саламеі Пільштыновай, падарожжы Сыракомлі ды шмат, шмат яшчэ. Мусіць, апошняя кніга з гэтага шэрагу – “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” Сяргея Пясецкага, таксама перакладзеныя з польскай і таксама па сутнасьці – твор беларускай літаратуры.
У Людмілы Рублеўскай дзьве найярчэйшыя кнігі мінулага лета выступаюць знакам пераадоленай недаступнасьці беларусаў да эўрапейскай сучаснасьці і да ўласнай беларускай мінуўшчыны. Вось самая вялікая інтэлектуальная праблема і самае ўдзячнае яе вырашэньне – тая “лінія фронту”, дзе чытаньне кніг сёньня прыносіць наймацнейшыя, нечаканыя паводле сваёй сілы ўражаньні.
(Рублеўская: ) “Уражаньне, якое можна было прадбачыць, таму што я раней чытала вершы гэтай аўтаркі і добра зь ёй знаёмая, гэта Віка Трэнас, “Цуд канфіскаванага дзяцінства”. Зараз гэтую кнігу вельмі абмяркоўваюць і вельмі розныя меркаваньні. Апошнім часам пачалі зьяўляцца такія вострыя рэцэнзіі менавіта на маладых аўтараў. З аднаго боку, гэта добра, з другога -- патрэбная пэўная раўнавага. Таму хачу чарговы раз Віку падтрымаць і сказаць, што кніжка сапраўды таленавітая, яе варта чытаць”.
(Дубавец: ) “Перапыню на нейкі час кніжны агляд Людмілы Рублеўскай, каб зрабіць бліц-апытаньне іншых прафэсійных чытачоў. Вось жа, маладых беларускіх аўтараў яны гэтым летам не чыталі альбо не надалі ім увагі, не былі ўражаныя. Да прыкладу, пісьменьнік Уладзімер Сьцяпан”.
(Сьцяпан: ) “Чытаю апошняе, што ляжыць у мяне на стале, гэта Даўлатаў і Арыстоцель, “Паэтыка”. Я і сам ня ведаю, чаму. Проста захацелася пачытаць Арыстоцеля, вось і выцягнуў яго з шафы. А Даўлатава набыў у Маскве. Раней яго чытаў, потым гэта ў мяне выпала, а зараз пачаў перачытваць. Даволі цікава, мне падабаецца. Але я ня думаю, што гэта супэрпісьменьнік, як яго ўсе хваляць. І я думаю, што многія беларускія пісьменьнікі ня горшыя за Даўлатава”.
(Дубавец: ) “Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч мінулым летам чытаў выключна тое, што патрэбнае яму з прафэсійнага гледзішча”.
(Пашкевіч: ) “З прачытанага найперш хочацца згадаць апавяданьні Васіля Быкава, пачынаючы ад 47-га году. Ідзе падрыхтоўка наступных тамоў поўнага збору мастацкіх твораў Быкава і некаторыя апавяданьні, прызнаюся, я чытаў упершыню. І да ўсяго хачу далучыць украінскую пэрыёдыку. Тры тыдні правёў у Крыме і што змог знайсьці па бібліятэках украінскага, украінскамоўнага, памаранчавага я зь вялікай радасьцю і нават з імпэтам перачытаў”.
(Дубавец: ) “У адрозьненьне ад Алеся Пашкевіча, паэт і філёзаф Ігар Бабкоў тое, што чытаў, чытаў для сябе, для душы. Але не забываўся пры гэтым аналізаваць прачытанае і тое, як зьмяняе час нашы адносіны да кніг”.
(Бабкоў: ) “Гэта малая проза, вершы і драматургія Хуліа Картасара, гэта вялікі том Лоўрэнса Дарэла і гэта апошняя кніга Пялевіна “Священная книга оборотня”. Лоўрэнс Дарэл – гэта хутчэй такая літаратурная легенда, прыяцель Генры Мілера, і мне доўгі час вельмі складана было вызначыцца, ці гэта літаратура ці гэта хутчэй інтэлектуальная графаманія. Кніга больш за тысячу старонак. І я чытаў-чытаў... Так і не зразумеў да канца. А Картасара я даўно люблю і перачытаў у тым ліку публіцыстыку, у якой ён заклікае быць на баку Кубы і Нікарагуа, на баку рэвалюцыі. Я яго з прыемнасьцю перачытаў. І як гэта ні дзіўна, калі ў канцы 80-х, на пачатку 90-х гэтая публіцыстыка чыталася хутчэй зь няхэнцю, дык цяпер -- усё нармальна, рэвалюцыя зноў у модзе. Ну а Пялевіна я даўно люблю, і хаця ўсе ягоныя раманы – гэта той самы “Чапаеў і пустата”, толькі экстрапаляваны на нейкі іншы матэрыял, тым ня менш, ён мяне не расчараваў”.
(Дубавец: ) “Пісьменьнік Кастусь Тарасаў не адсочвае пераменаў у адносінах да кніг, а мяркуе, што ўсе сапраўдныя, нават даўно напісаныя творы ствараюцца цяпер, у гэты самы момант”.
(Тарасаў: ) “Як гэта ні дзіўна, зараз адзін з маіх любімых аўтараў – гэта Марк Твэн. Я перачытваю “Прыгоды Гекльбэры Фіна”. І лічу, што гэтая кніжка – адна з найлепшых у сусьветнай літаратуры. У нас бог ведае чаму яе называюць дзіцячай, а насамрэч гэта вельмі трагічная гісторыя, якая добра тлумачыць усё жыцьцё на тым кантынэнце і наогул для ўсяго чалавецтва. І вось што шкада. Лічыцца, што кніга, напісаная даўно, гэта нібыта ўжо такая забытая кніга. Насамрэч, уся літаратура, яна створана сёньня, яна не памірае. У цэлым гэта вялікае шчасьце было для мяне, што я раптам стаў яе перачытваць зусім іншымі вачыма і душой, чым чытаюць дзеці, якім гэта рэкамэндуюць як прыгодніцкі жанр”.
(Дубавец: ) “Мастак Рыгор Сітніца думае пра вяршыні айчыннае літаратуры, прычым не гістарычныя, а, так бы мовіць, жывыя, якія самыя высокія сёньня”.
(Сітніца: ) “Гэта шмат ужо ў чым знаёмая, але наноў адкрытая паэзія Рыгора Барадуліна, геніяльная кніжка “Ксты”. Нездарма зьявілася ініцыятыва вылучыць гэтую кніжку на Нобэлеўскую прэмію. Я лічу, што як ніякая іншая кніжка, яна абсалютна вартая Нобэля. І як зь ніякай іншай літаратурай, мы маем рэальны шанец з гэтай кніжкай гэтага Нобэля здабыць”.
(Дубавец: ) “Рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч ня кажа пра рукапісы, якія яму даводзіцца ў рабочым парадку прачытваць штодня. Бо тое, што выйдзе ў часопісе, павінна ўразіць нас, а не яго”.
(Пятровіч: ) “Як ні дзіўна, чытаў старую добрую расейскую клясыку. Паўстоўскі, Купрын, Платонаў, Салагуб... Я быў у вёсцы, у сябе дома, а там у мяне ёсьць маленькая бібліятэчка, якую я зьбіраў некалі школьнікам. І вось я да яе дабраўся, стаў чытаць, дужа захапіўся Купрыным. Не разумею, чаму ён зараз незаслужана забыты. З задавальненьнем перачытаў “Алесю”. Дужа моцна ўражаны якраз гэтым чытаньнем. Чытаў, вядома, і беларускае. Брыль, Чорны. Перачытаў Чорнага таксама з задавальненьнем”.
(Дубавец: ) “А цяпер вернемся да агляду ўражаньняў Людмілы Рублеўскай. Гаворка пойдзе пра рэпрэсаваную літаратуру”.
(Рублеўская: ) “Сярэбраныя галасы”. Гэта зборнік, які выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Гэта вершы паэтаў 20-30-х гадоў. Усе яны былі рэпрэсаваныя, некаторыя выжылі, большасьць – не, нехта загінуў на вайне. Гэта пакаленьне зьнішчаных паэтаў. Называецца “Душа мая тужлівая” гэты зборнік. Уражаньне вялікае. Бо разумееш, якая ў нас магла быць літаратура, калі б ня гэтае татальнае зьнішчэньне нават не аднаго пакаленьня, некалькіх пакаленьняў.
Яшчэ зь беларускіх кніжак – тое, што нядаўна да мяне трапіла, гэта Антон Адамовіч, “Да гісторыі беларускай літаратуры”. Канечне, высновы ў яго неадназначныя. Але гэта кніга, якую варта мець і зь якой я буду браць цытаты вельмі-вельмі доўга.
Яшчэ ўспамінаецца цікавая кніжка ў бібліятэцы часопіса “Куфэрак Віленшчыны”, галоўны рэдактар Міхась Казлоўскі. Вось яны выдалі кніжачку свайго земляка драматурга Козела. Пісьменьнік ён амаль забыты. Я думаю, выдаўцы ня будуць спрачацца, што ён, скажам, першарадны, што яго можна паставіць побач з Макаёнкам, але кожнае імя ў нашай гісторыі, нашай літаратуры, яно мае каштоўнасьць, якую нельга замяніць нічым. Кніжачка называецца “Над хвалямі Серабранкі”.
(Дубавец: ) “Гэтыя тры выданьні, якія назвала Людміла Рублеўская, прадстаўляюць тры плыні беларускае літаратуры мінулага стагодзьдзя: рэпрэсаваную, эмігранцкую і савецкую. У кожнай – дзесяткі ці нават сотні аўтараў. Нібы тры вялізныя рэзэрвуары, зь якіх будуць бясконца чэрпацца і новыя ўражаньні і новыя кнігі. Кнігі рэпрэсаваных – як знак пакаяньня. Кнігі эмігрантаў – дзеля пазнаньня і адкрыцьця. Кнігі савецкіх пісьменьнікаў – дзеля пераацэнкі”.
(Рублеўская: ) “З замежных самае вялікае ўражаньне – гэта індыйская пісьменьніца Арундаці Рой. Зноў падчас прачытаньня праводзіліся паралелі паміж Індыяй і Беларусяй. А паралеляў, аказваецца, вельмі шмат. І калі чытаеш пра тое, як індыйскія жыхары, арыстакратычныя касты стараюцца прымаць ангельцаў, і як для іх госьці, якія прыехалі з Англіі – гэта верх усяго... Хаця яна ня самая адукаваная, ня самая значная ў сацыяльным становішчы, яна – ангелька. І вось ёсьць кумір, ёсьць пэўны ўзор культуры. І тут жа побач жыве індыйская культура. І людзі, якія зьяўляюцца патрыётамі Індыі... Ну, вельмі кніжка і вострая, і напісаная з тым самым горкім рамантызмам, які быў характэрны многім нашым пісьменьнікам, таму ж Максіму Гарэцкаму. Калі сваё – яно дарагое да глыбіні душы і адначасова ты ўсьведамляеш неадукаванасьць, цемру яго, і ад гэтага яшчэ больш балюча, і яшчэ больш любіш, і яшчэ больш хочацца нешта зьмяніць, і яшчэ больш давіць і душыць гэтая цемра...
Далі мне пачытаць Васіля Аксёнава “Вальтар’янкі і вальтар’янцы”. Вясёлы літаратурны карнавал, зь якога можна для нас вывесьці мараль, што гісторыю свайго народу варта настолькі ўспрымаць як частку самога сябе, сваёй сьвядомасьці, каб яе можна было падаць і як драму і як вось такі вясёлы карнавал...
Панцеляймон Раманаў, расейскі пісьменьнік 30-х гадоў -- гэта надзвычай цікавая асоба. Доўгі час пра яго гаварылі як пра расстралянага. Таму што ў савецкай Расеі такое пісаць і застацца цэлым – проста неверагодна. Я лічу, так адбылося проста таму, што яго недаацанілі. Яго разьбіралі на розных партсходах і вінавацілі ў драбнатэм’і. А ён пра што пісаў? Як калгасы ўтвараліся, як мужыкоў гвалтам туды заганялі. Як зьбівалі званы з цэркваў, як ушчыльнялі кватэры, як у гэтыя кватэры засяляліся людзі, якія цягнулі туды казу, карову, сьвіньню, зрывалі паркет і разьбівалі шыбы, каб, ня дай бог, не палічылі, што яны “баре”, і пакінулі ў гэтай кватэры. І вельмі пранізьлівы, надзвычай мяне ўразіўшы твор яго – гэта апавяданьне “Харошыя людзі”. Вось уявіце, ён апісвае кватэру, якая пры саветах стала камунальнай. Яе засяляюць сапраўды вельмі добрыя мілыя людзі, інтэлігенты: настаўнікі, дактары, інжынэры. Усе любяць маленькую дзяўчынку, дачку ўдовага інжынэра. І тут інжынэра арыштоўваюць. Адразу ўсе спачуваюць беднай дзяўчынцы, у якой нікога няма. Яе кормяць, прытуляюць. А тады пачынаецца страх, які разьядае душы. Прычым час ад часу прыходзяць, пачынаюць распытваць, ці няма тут сваякоў гэтага інжынэра. І ўрэшце дзяўчынку высяляюць у калідор. Каб ніхто не западозрыў, што нехта канкрэтны ёй апякуецца. Яе пачынаюць падкармліваць па начах, каб ніхто ня бачыў. Нешта ёй кінуць і схаваюцца. І дзяўчынка, абсалютны анёлак, бяскрыўдная рахманая істота, яна ні на кога ня крыўдзіцца, яна па-ранейшаму ўсіх любіць. Але яе перастаюць ужо і карміць. Таму што баяцца. Яна вашывее, яе баяцца памыць. Стараюцца не заўважаць... Ну, заканчваецца, праўда, хэпі-эндам. Высьвятляецца, што бацьку пераблыталі зь нейкім злачынцам. Як толькі пра гэта даведваюцца, усе людзі адразу становяцца добрымі, мілымі. Кідаюцца дзяўчынку мыць, карміць. І ніхто ні ў чым не вінаваты. Вось такі прысуд таталітарнаму грамадзтву...
Ну вось маленькая частка таго, што я прачытала за лета. Вам, спадарства, гэтага хопіць”.
(Дубавец: ) “Такім чынам, недахопу кніг у Беларусі сёньня няма. Ужо з таго, што было названа ў сёньняшняй перадачы, складаецца ладная паліца на любы густ. І гэта пры тым, што гаварылі мы галоўным чынам пра беларускую літаратуру і ніяк не закраналі таго, што называецца літаратурнай папсой і чым уласна запоўненыя ў першую чаргу беларускія кнігарні.
Неяк самі сабой адыходзяць і забываюцца тыя літаратурныя і кніжныя турботы, пра якія мы гаварылі ў ранейшыя гады. Забытыя ўжо і многія праекты і ідэі. Скажам, ідэі падпольнага кнігавыдавецтва ці альтэрнатыўнае сеткі распаўсюду кніг. Паўсюль перамог прынцып суіснаваньня, прынцып паралельнай прасторы. Сказаць пра гэта падалося дарэчным менавіта сёньня, стоячы каля кніжнай паліцы мінулага лета.