Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апалінэр з Дарашковічаў


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 28 жніўня 2005 году) Новая перадача сэрыі "Вострая брама".

“Тое, што продкі францускага паэта Гіёма Апалінэра паходзяць зь Беларусі –вядома. Вось як гэтая гісторыя перадаецца ў “Зямлі пад белымі крыламі” Ўладзімера Караткевіча:

"Вальтэр як Вальтэр, Мальер як Мальер, тут я нічога не скажу, а вось вялікі французскі паэт Гіём Апалінэр быў... беларусам па крыві".

Крыніцай для Караткевіча магла служыць кніжка Апалінэра па-беларуску ў перакладах Эдзі Агняцьвет, якая выйшла ў 1973 годзе. У прадмове да выданьня перакладчыца пісала:

«Цікавая радаслоўная паэта. Яго продкі – Кастравіцкія па лініі маці – паходзілі зь Беларусі. Жылі яны ў маёнтку Дарашковічы, пад Наваградкам і сябравалі зь сям''ёй вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча.

Прабабцы Апалінэра – Людвісі Кастравіцкай – Міцкевіч прысьвяціў верш «Матрос», дзе ёсьць радкі:

Загінуць ня можа краіна, Дзе жонкі і дзевы такія!»

Яшчэ раней, у 1969-м артыкул Эдзі Агняцьвет пра беларускія карані францускага авангардыста зьявіўся ў зборніку «Дзень паэзіі». І ў тым самым годзе пра парадненьне з Апалінэрам афіцыйна заявіла салідная Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, якая ў першым жа сваім томе ў артыкуле «Апалінэр» паведамляла, што сапраўднае імя паэта – Гіём Альбэр Апалінарый Кастравіцкі і што «Кастравіцкія паходзілі зь Беларусі. Іх маёнтак Дарашковічы (пад Наваградкам) канфіскаваны пасьля паўстаньня 1863 году. Дзед Апалінэра эміграваў у Італію, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва паэта».

Такім чынам у нашай гісторыі зьяўляюцца Дарашковічы. І гэта добрая нагода, каб у «Вострай Браме» ў цыклі забытых адрасоў культуры адзначыць 125-я ўгодкі славутага на ўвесь сьвет земляка.

Праўда, Дарашковічаў пад Наваградкам няма. Ну, але ж і часу мінула нямала з таго 19-га стагодзьдзя. Колькі шляхецкіх сядзібаў незваротна зьнікла з нашай зямлі! Спраўдзім, аднак, зьвесткі Энцыкляпэдыі і Эдзі Агняцьвет.

Хутчэй за ўсё, яны карысталіся найбольш аўтарытэтным акадэмічным выданьнем Апалінэра – у маскоўскай сэрыі «Літаратурныя помнікі». Гэтая кніга ўбачыла сьвет на два гады раней. Цытую зь біяграфічнага нарыса: «Кастравіцкія былі родам зь Беларусі, яны жылі пад Наваградкам (у б. Менскай губэрні) і былі суседзямі і знаёмцамі Міцкевічаў. Адам Міцкевіч гасьцяваў у іх у Дарашковічах, а зьяжджаючы ў ссылку, прысьвяціў патрыятызму Людвікі Кастравіцкай (прабабкі Апалінэра) верш «Матрос». За ўдзел у паўстаньні 1863 году... маёнтак Кастравіцкіх Дарашковічы быў канфіскаваны».

У сваю чаргу, аўтары маскоўскага акадэмічнага выданьня паведамляюць, што ўзялі гэтыя зьвесткі з артыкула польскага дасьледніка Антона Трапінскага. Тым часам Трапінскі спасылаецца на архіў Элізы Ажэшкі, які захоўваецца ў бібліятэцы Лодзінскага ўнівэрсытэту. Прынамсі, там знайшоўся фотаздымак дзеда паэта Міхала-Апалінара Кастравіцкага, зроблены ў Рыме...

Гледзячы на гэтае фота апранутага ў форму папскага гвардзейца хударлявага дзядка ў акулярах, я адчуў, што чым далей паглыбляюся ў крыніцы, тым больш факты нагадваюць міты, легенды і прыдумкі. Гэтак у Міцкевічавым вершы «Матрос» не аказалася прысьвячэньня Людвіцы Кастравіцкай. Не знайшлося і тых Дарашковічаў пад Наваградкам – ні ў новых, ні ў старых даведніках і рэестрах. Тым часам, пакуль я шукаў у кнігах, калега Зьміцер Бартосік ужо ехаў у бок Наваградку.

(Бартосік: ) “Гэта адрас забыты назаўжды. Ад радавога гнязда Гіёма Апалінэра засталася толькі назва. Да такой сумнай высновы я прыйшоў падчас пошукаў хоць якой-небудзь згадкі пра двор Дарашковічы, што пад Наваградкам. Але ж якое было маё зьдзіўленьне, калі, ужо разьвітаўшыся з ідэяй паблукаць па сядзібе Кастравіцкіх, затэлефанаваў наваградзкай краязнаўцы Тацяне Царук. І высьветлілася, што гутару ня толькі са старой знаёмай, але й з далёкай сваячкай францускага клясыка. Якая да таго ж сама шукала тыя зьніклыя Дарашковічы. Заінтрыгаваны, я праз колькі гадзінаў пасьля тэлефоннай размовы сядзеў у Тацянінай кватэры”.

(Царук: ) “Калісьці даўно, у маім дзяцінстве бабуля расказвала, што яна паходзіць з дому Карпаў. А Кастравіцкія з Карпамі былі стрыечнікі. І вось яна казала: “У нас і генэралы былі ў родзе, у нас і паэты былі”. І называла незразумелае прозьвішча Гіём Апалінэр. Я тады была малая. А потым, калі ўжо вучылася ў Львове, захапілася францускай паэзіяй. Вэрлен, Рэмбо і, вядома, Гіём Апалінэр... І раптам, чытаючы Апалінэра, трапляю… Мяне як па галаве стукнула. Я ж гэта ведаю! Я ж чула ад бабулі. Бабуля па-француску цытавала гэта. І там напісана, што Гіём Апалінэр... ягоны дзед Міхал Кастравіцкі нарадзіўся пад Наваградкам, у маёнтку Дарашковічы.

Я вельмі доўга шукала і мне не ўдавался знайсьці. А аднойчы прыяжджаў да нас Тадэвуш Поляк, ён паходзіць з-пад Наваградка, быў віцэ-міністрам культуры Польшчы. На жаль, пару гадоў назад ён памёр. Ён вельмі любіў гэтыя мясьціны. І ён казаў, што ёсьць рэшткі маёнтку Дарашковічы, адкуль паходзіць Гіём Апалінэр. Яны ў ваколіцах Наваградка. І сказаў прыкладна дзе. І я ўспомніла, што якраз перад гэтым была на тых руінах. Там захаваліся яшчэ старыя дрэвы. Белая таполя. Я пыталася ў мясцовых. Ніхто ня памятае. Магчыма, што менавіта там быў маёнтак Дарашковічы”.

(Бартосік: ) “Мы выправіліся ў Запольле – вялікую вёску за 10 кілямэтраў ад дарогі Наваградак-Баранавічы. За Валеўкай трэба збочыць управа, на Наваельню. І хутка вашаму позірку адкрыецца вёска Запольле. Высачэзная таполя, бераг выцягнутай сажалкі, шум вадаспаду...”

(Царук: ) “Вось мы зараз пад’яжджаем. Па гэтых дрэвах, па серабрыстых таполях, можна пазнаць, дзе знаходзіліся старыя маёнткі. І вельмі часта, акрамя гэтага, яшчэ парк, ставы. І вось мы выяжджаем да панскіх ставоў. Тут нават млын быў. Рэшткі старога млына. Паглядзі на гэтае дрэва. Лічыцца, што белая таполя расла пры ўваходзе ў рай, а чорная – пра ўваходзе ў пекла”.

(Бартосік: ) “А колькі яму гадоў, як ты думаеш?”

(Царук: ) “Пад 200 гадоў. Яны растуць паволі, вельмі моцныя. Для мяне белая таполя – сымбаль той Рэчы Паспалітай, якая адышла. Той прыгожай, той вытанчанай, той глыбокай культуры, якая настояна, з аднаго боку, на эўрапейскіх каштоўнасьцях і традыцыях, а з другога боку – пранізана самой зямлёй. Таму што большасьць нашых людзей, якія паходзілі з двароў, яны ж адной нагой стаялі на зямлі. Яны вучыліся ў Бэрлінах і Цюрыхах. Потым вярталіся сюды, жылі, а над імі сьпявалі жаўрукі. Вось гэта і ёсьць, у нейкім сэнсе, ідэал здаровага чалавека. Гэта будучыня такой краіны, як Беларусь. Старая вёска адыдзе, калгасная. Але прыйдуць у вёску новыя людзі. Якія адчуваюць сваю вельмі блізкую сувязь зь зямлёй. Таму што гэтая мова, гэтая культура, яна паўстала ад энэргетыкі гэтай зямлі. І мы такія як ёсьць – ад энэргетыкі гэтай зямлі. Яна не адпускае чалавека так проста...

Звычайна на ўзвышшы мог стаяць будынак самога двара, навокал парк, алейкі і сажалка. Дык вось тут праглядаецца, што ёсьць такі ўзгорак”.

(Бартосік: ) “А тут у нас нейкі вадаспад”.

(Царук: ) “Гэта рэшткі млына.

Успомніце “Пана Тадэвуша”. “На пагорку высокім белыя сьцены”. Часта бывала так, што сьцены на мураваным падмурку драўляныя, але атынкаваныя. Гэта асаблівасьць архітэктуры шляхецкіх дамоў. Усярэдзіне на пабеленых сьценах прыгожа заўсёды выглядалі невялікія дываны, фатаздымкі. І ў кожным маёнтку ганарова было зьбіраць якія-небудзь рэчы. Калекцыі. Кнігі, парцаляны, габэлены, зброю... Існавала тое, што называецца – традыцыя сям’і. Рэпутацыя. І гэтая пераемнасьць пакаленьняў, калі людзі жылі ў доме, які збудаваў іх прадзед, а потым жыў дзед, бацька. Гэта тое, што амаль страчана ў нас.

Паглядзі – зьдзічэлыя ружы. Гэта значыць, недзе тут былі кветнікі. Яны вельмі доўга застаюцца...

Двары вучылі, як любіць зямлю. Ня проста абстрактна. А жыць на ёй, працаваць на ёй, рабіць на яе карысьць. Гэта і ёсьць сапраўдная любоў да зямлі. Сапраўдны патрыятызм”.

(Бартосік: ) “Напэўна, на такім рамантычным тле даўно пакінутай і зьнішчанай сядзібы француская мова гучала б някепска. Але я дастаў зборнік перакладаў Эдзі Агняцьвет. Каб паспрабаваць з дапамогай Апалінэравага верша ня тое, што ажывіць для сябе памерлыя Дарашковічы. А каб паўнавартасьней адчуць момант разьвітаньня з гэтым загадкавым месцам.

Ніколі змрок сьвятла не пераможа. Хай вечар журыцца. Чакайце: Уранку зноў жыцьцё трывожна Пастукае ў вакно. Да нерухомасьці пагарду адчувайце!

Я акунаю рукі ў хвалі шчасьця”...

(Дубавец: ) “Шляхецкія двары – прыгожая будучыня Беларусі, дзе на працягу стагодзьдзяў шляхта складала 10 адсоткаў насельніцтва. Гэта значыць, уся Беларусь выглядала краінай замкаў, палацаў, сядзібаў і фальваркаў. Можа быць, 70 гадоў калгаснага раю – гэта ня так ужо і незваротна...

Бывай, бывай, Сонца зь перарэзаным горлам!

Гэта Апалінэр. Парадаксальна гучыць спалучэньне Апалінэр – выхадзец са шляхецкага маёнтку і Апалінэр – вынаходнік тэрміну “сюррэалізм”. Хоць гэта якраз той парадокс, які па-свойму адлюстроўвае мінулую эпоху...

***

Ня хочацца разбураць прыгожую легенду, але Дарашковічаў пад Наваградкам няма. І не было ніколі. Прынамсі, калі верыць старому польскаму Геаграфічнаму слоўніку, у якім апісаныя ўсе без выключэньня вёскі і двары Беларусі 19-га стагодзьдзя. Прыналежны роду Кастравіцкіх двор ня мог не патрапіць у гэты збор. І ён патрапіў. Але не пад Наваградкам.

У другім томе Слоўніка, які пабачыў сьвет у 1881 годзе, паведамляецца пра фальварак і карчму Дарашковічы на беразе Дзьвіны ў Дзісенскім павеце, у адлегласьці адной вярсты ад мястэчка Дзісна. У пераліку ўладальнікаў фальварку знаходзім і таго, хто нас цікавіць. Каля 1780 году Дарашковічы былі ўласнасьцю Міхала Кастравіцкага, полацкага падваяводы, ад якога перайшлі да ягонага сына Адама, дзісенскага харужага. Ад ягоных спадчыньнікаў у 1864 годзе – а гэта канец паўстаньня – Дарашковічы перайшлі да маршалка Сяргея Карпава...

Тут я зноў зьвяртаюся да біяграфіі Апалінэра з маскоўскіх “Літаратурных помнікаў”, каб удакладніць, што маці паэта ўжо на эміграцыі прадстаўлялася то як Ангеліка Кастравіцкая, то як Вольга Карпава. А што значыць прызнаньне Тацяны Царук пра яе бабулю з роду Карпаў?

Пытаньняў становіцца так шмат, што пакінем зь іх хоць бы адно – пра Дарашковічы. Стары Геаграфічны слоўнік завяршае сваё паведамленьне тым, што ў Дарашковічах на могілках была капліца, пастаўленая Кастравіцкімі, але новы ўладальнік яе разбурыў...

Апалінэр моцна прыцягальны для беларускіх і ня толькі беларускіх краязнаўцаў. Адам Глёбус прыгадвае койданаўскага ксяндза Кастравіцкага, што даводзіўся далёкім сваяком Апалінэра. А Сяргей Чыгрын выказвае шкадаваньне, што Апалінэру не давялося пабываць на роднай Слонімшчыне, дзе ёсьць вёска Кастровічы. Далей – болей. Польскія дасьледнікі запісваюць Вільгельма Кастравіцкага ў палякі, расейцы кажуць пра ягонае расейскае падданства, а габрэі сьцьвярджаюць, што ў СССР паэт быў непажаданы з-за сваёй габрэйскай крыві. Апалінэр шчодра дазваляе рабіць пра сябе самыя неверагодныя дапушчэньні.

Што да верагодных і непасрэдна зьвязаных з Дарашковічамі, дык мы маем на сёньня вэрсіі наваградзкую і дзісенскую. Першая трымаецца на невядома кім упершыню выказаным сьцьверджаньні і вандруе па кнігах ды энцыкляпэдыях, стаўшы ўжо традыцыяй. Другая бярэ пачатак з Геаграфічнага слоўніка. І на гэтым, дарэчы, не сканчаецца.

У дзісенскіх Дарашковічаў ёсьць свае паданьні. Таксама, між іншым, зьвязаныя з Адамам Міцкевічам. Два гады таму ў Польшчы выйшла з друку манаграфія пад назвай “Арлінае гняздо”. Яна распавядае пра гісторыю Дзісенскай гімназіі ў трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя, гэта значыць, калі Дзісна разам з усёй Заходняй Беларусяй уваходзіла ў склад панскай Польшчы. Дык вось, ёсьць у той манаграфіі і такія ўспаміны:

“Каля мястэчка, побач зь якім пад ветразямі бяроз сівеў пяскамі “напалеонаўскі тракт”, знаходзіўся маёнтак са старым, зьдзічэлым паркам. У той парк, разьмешчаны высока над плёскатам камяністае ракі, мы ня раз уцякалі з урокаў. Маёнтак Дарашковічы калісьці належаў Кастравіцкім. Адам, сын Адама, маршалка віленскай губэрні, быў сасланы як удзельнік паўстаньня 1863 году ў Арэнбург. Маёнтак канфіскавалі на карысьць нейкага царскага “унтэр Прышыбеева” высокага рангу. Маці Адама Людвіка з роду Пагоўскіх, як вядома, была добра знаёмая зь Міцкевічам, апекавалася зьняволенымі філярэтамі.

Верш Міцкевіча “Матрос” быў пакінуты ў яе альбоме. Таксама мясцовае паданьне казала, што Міцкевіч пэўны час хаваўся менавіта ў гэтым маёнтку, у капліцы... Мы заўсёды падчас прагулак шукалі тую капліцу, але бяз выніку. Урэшце пабачылі па-над Дзьвіной спаруду зь вежачкамі і пераконвалі сябе, што акурат у ёй хаваўся паэт. Верш “Матрос” некаторыя з нас чыталі тады напамяць.

Трэба дадаць, што прозьвішча Кастравіцкіх, тых самых, з Дарашковічаў, зьвязанае, паміж іншым, з францускім паэтам Апалінэрам. Аднак пра таго славутага паэта мы нічога ня чулі і таму наш мясцовы патрыятызм ня зьвязваў ягонай біяграфіі з маёнткам Дарашковічы”.


Ну вось яшчэ і філярэты, і Арэнбург, дзе у ссыльнага Адама Кастравіцкага народзіцца сын Кароль, які стане адным з ініцыятараў беларускага адраджэньня Карусём Каганцом, і Міцкевічаў “Матрос”, які быў упісаны ў альбом для вершаў Людвікі Пагоўскай. Усё больш-менш устае на свае месцы. Але зусім ня ў тым сэнсе, каб паставіць у гэтай гісторыі кропку. Наадварот, варта было нам толькі закрануць славутае імя Апалінэра і зьвязаныя зь ім беларускія паданьні, як адкрыліся цэлыя космасы людзкіх лёсаў, гістарычных хітраспляценьняў і таямніц роднае зямлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG