Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі на 7 тысяч павялічыў пражытковы мінімум


Іна Студзінская, Менск Урад Беларусі зацьвердзіў новы бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах. З 1 жніўня да 31 кастрычніка ў сярэднім на душу насельніцтва на адзін месяц ён складзе 146 тысяч 150 рублёў – у сярэднім на 7 тысяч больш, чым раней. Што за гэтым нязначным падвышэньнем стаіць?

Бюджэт пражытковага мінімуму зацьвярджаюць штоквартальна. Ёсьць сьпіс тавараў і паслуг, якія складаюць так званы “спажывецкі кошык”. Бяруцца сярэднія цэны за першы месяц папярэдняга кварталу, памнажаюцца на колькасьць тавараў у кошыку, падсумоўваюцца – выходзіць бюджэт пражытковага мінімуму. Што гэта такое, тлумачыць кандыдат эканамічных навук, экс-міністар працы Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Бюджэт пражытковага мінімуму – гэта ўзровень фізіялягічнага выжываньня, узровень, які дазваляе чалавеку жыць (нават не працаваць), гэта так званая рыса беднасьці. Каб праверыць, ці адпавядае ён рэчаіснасьці, трэба мець сярэднія цэны па кожным складніку гэтага бюджэту, якія былі, да прыкладу, у чэрвені. Зрабіць гэта простаму чалавеку, не дасьледчыку, вельмі цяжка. Таму тут застаецца толькі давяраць Міністэрству статыстыкі і аналізу, якое гэта ўсё разьлічвае. Ну як можна праверыць? Узяць і пражыць на гэтыя грошы...”

Сапраўды, а ці можна пражыць на гэтыя грошы? Пэнсіянэру – на 124 тысячы, студэнту – на 150 тысяч (пры стыпэндыі 70 тысяч), працаздольнаму насельніцтву – на 157 тысяч, як вызначыў урад Беларусі.

Я гэтае пытаньне задавала розным катэгорыям насельніцтва. Адказ быў на дзіва адназначны: каб тыя, хто вызначае гэты мінімум, паспрабавалі на яго пражыць – заплаціць за кватэру, тэлефон, харчавацца, апранацца, купляць лекі... Тыя ж студэнты цяпер атрымліваюць стыпэндыю – прыкладна 70 тысяч. Паслухайце меркаваньне пэнсіянэра.

(Пэнсіянэр: ) “Калі ў пэнсіянэра кардыялягічнае захворваньне, гэтых грошай ня хопіць яму на адны лекі”. (Карэспандэнтка: ) “Нават калі й здароўе нічога, то можна пражыць на 124 тысячы?”

(Пэнсіянэр: ) “Пражыць можна, пакуль будуць у цябе запасы, як ува ўсіх пэнсіянэраў. Як толькі запасы скончацца, не пражывяце. Падзяліце на трыццаць – тры з паловай, так? Што можна купіць за гэтыя грошы? Малако, батон, пачак пяльменяў? Не, на пяльмені ня хопіць. Пра мяса гаворкі ісьці наагул ня можа. Так што, ня ведаю, хто прыдумаў гэты нарматыў, хай бы ён пражыў адзін месяц на 124 тысячы!”

Калі сапраўды пражыць на гэтыя грошы немагчыма, навошта штоквартал мяняць памер пражытковага мінімуму? Можа, мінімальны заробак ад яго залежыць? Гэтае пытаньне я задавала і эканамісту Аляксандру Саснову.

(Сасноў: ) “Кожныя 3 месяцы праводзіцца такі пераразьлік. А потым гэтая лічба ідзе як нарматыў, ёй карыстаюцца пры разьліку пэнсіяў, дапамог нейкіх. Гэта такая разьліковая лічба”.

(Карэспандэнтка: ) “А гэта можа азначаць, што зьменіцца базавая велічыня, заробкі?”

(Сасноў: ) “Не. Яны якраз адарваныя адно ад аднаго. Базавая велічыня – гэта адно, раней яна была роўная мінімальнай заробнай плаце, цяпер яны асобна разьлічваюцца. Гэта не значыць нічога. Калі суадносіць бюджэт пражытковага мінімуму ў чэрвені і сакавіку, адразу ўбачыце, наколькі павялічыліся цэны за квартал (кошык не мяняўся). Прычым у рэальным выражэньні”.

Такім чынам, як цьвердзяць эканамісты, падвышэньне бюджэту пражытковага мінімуму рэальна не азначае нічога.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG