Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняя кватэра Караткевіча


Аўтар Сяргей Дубавец “Яшчэ напачатку 1980-х, праходзячы каля Купалаўскага тэатру ў Менску, можна было заўважыць грузную постаць мужчыны ў барэце, які ўперавалку ішоў па вуліцы, раз-пораз адказваючы на прывітаньні мінакоў. Мужчыну гэтага ведалі тут, бадай, усе. Напрыканцы свайго жыцьця Ўладзімер Караткевіч стаў самым папулярным і чытаным беларускім пісьменьнікам.

Ягоныя кнігі, прадмовы да якіх пісаў Васіль Быкаў, выдаваліся шасьцідзесяці- і болей тысячнымі накладамі, па іх выстойваліся чэргі, яны стаялі на паліцах кнігарняў у так званых кнігаабменах, што было сьведчаньнем найвышэйшай запатрабаванасьці. А сустракаўся мужчына каля Купалаўскага тэатру, таму што жыў тут, на вуліцы Карла Маркса, куды засяліўся ў 1973-м і адкуль у 1984-м адправіўся ў апошняе сваё падарожжа. У сёньняшняй перадачы Зьміцер Бартосік распавядае пра сваё наведваньне гэтага знакавага адрасу беларускай культуры”.

(Бартосік: ) “Назваць Караткевіцкі дом на вуліцы Карла Маркса ў Менску забытым адрасам не паварочваецца язык. Будынак, у якім была апошняя кватэра пісьменьніка, вядомы кожнаму сталаму менчуку. У першую чаргу, дзякуючы мэмарыяльнай шыльдзе, зь якой пазірае той Караткевіч, якім ён мог быць вясною 1973-га. Ідучы ў госьці ў 24-ю кватэру дому нумар 36, я меў дзіўнае пачуцьцё сваёй спозьненасьці. Бо тэарэтычна мог спаткацца з гаспадаром кватэры і да 1984-га году.

У падарожжа да Караткевіча я паклікаў з сабою ягонага колішняга суседа літаратара Адама Глёбуса і мастацтвазнаўцу Ізабэлу Гатоўчыц, якая працавала разам з Валянцінай, жонкай пісьменьніка, у Акадэміі навук. У архіве спадарыні Ізабэлы ёсьць унікальныя фотаздымкі. Веснавы лес, пікнік, шчасьлівая пара Караткевічаў...”

(Гатоўчыц: ) “Гэтыя фотаздымкі паходзяць з часоў, калі Караткевіч працаваў над кніжкай “Зямля пад белымі крыламі”. Валодзя перад тым, як ён прыступіў да працы над гэтай кніжкай, быў у стане такой дэпрэсіі, якая падштурхоўвала Валю шукаць нейкага ратунку. Яна разумела, што гэты ратунак можа быць знойдзены толькі тады, калі Валодзя сядзе за працу. Аднак, як гэта бывае ў творчых асоб, Валодзя мучыўся новай кніжкай і быў вельмі некамфортны, ён нэрваваўся, ён мог разагнаць кампанію, якія ўвогуле ён любіў і часта зьбіраў дома. І калі ты бачыў усё гэта, то разумеў, што ў ім пачынае жыць новая кніжка. І Валя, якая была вельмі разумнай спадарожніцай Валодзі, пачала шукаць нейкі спосаб для Валодзі пабыць у адзіноце. І паколькі ў мяне былі сяброўкі ў “Спутніку”, а ім належаў гатэль “Юность” на Менскім моры. Там быў знойдзены пакой, і Валодзя мог на працягу месяца і нават больш там жыць. Па савецкіх нормах гэта было недазволена. Аднак разумныя дзяўчыны пайшлі на дапамогу і такі пакой быў зьняты. Я памятаю, што ён быў на другім паверсе, ён быў вельмі маленькі. Там месьціўся стол і ложак.

Кожную нядзелю мы з Валяй прыяжджалі, каб прывезьці нейкія прадукты і правесьці нядзелю зь ім. І звычайна раніца гэтай нядзелі праходзіла ў зьбіраньні смарчкоў, што Валодзя вельмі любіў. Гэта быў пачатак траўня. Вельмі прыгожы час. Любімыя грыбы Валодзі ўжо зьявіліся і было іх многа. Ніхто не зьбіраў, акрамя Валодзі. І Валодзя так сур’ёзна ставіўся да зьбіраньня гэтых грыбоў, што, напрыклад, калі ты ў лесе аказваўся побач зь ім, Валодзя рабіўся вельмі сур’ёзны і вельмі страшна крычаў: калі хоць адзін падыдзе бліжэй, чым на дзесяць мэтраў, – страляю без папярэджаньня”.

(Бартосік: ) “Колькі ня слухаю гісторый пра яго, заўжды складаецца ўражаньне, што мне распавядаюць пра нейкага не зусім дасьціпнага, а калі шчыра, то проста хамаватага мужыка. Што да вобразу Караткевіча ва ўяўленьні не стасуецца аніяк. Няйначай справа тут у павярхоўнасьці таго, што хавалася за словамі. Мае суразмоўцы, тыя, каму пашчасьціла гаварыць і бачыцца зь ім ледзь не штодня, ужо не перададуць усіх нюансаў сытуацыі і тонкасьцяў інтанацыі, безь якіх яго сёньня зразумець не лягчэй, чым прачытаць “Залатога бога”. Але што цікава – слухаць пра яго хочацца болей і болей”.

(Глобус: ) “У яго было вялікае пачуцьцё гумару. Што для беларускай літаратуры даволі нехарактэрна. Пры тым гумару тонкага, іранічнага, шматхадовага. Ён мог выбудоўваць камбінацыю, інтрыгаваць. І зь ім, канечне, цікава было, заўсёды цікава. Ён ведаў шмат жартаў, любіў жартаваць.

Ён зачытваўся Гашэкам, Чапэкам. Зьбіраў… у яго было гэтых Швэйкаў штук 50. Спаў са Швэйкамі. У яго заўсёды ложак быў прыбраны цацкамі. Швэйкі. Ён зьбіраў лялькі чарцей і Швэйкаў зьбіраў”.

(Бартосік: ) “Яго нельга назваць дысыдэнтам, але наколькі ён быў савецкі чалавек?”

(Глобус: ) “Антысаветчык, дысыдэнт, змагар за нейкія каштоўнасьці – таксама нейкая ідэальная рэч, якой няма ў прыродзе. Як Гогаль пісаў – што гэта за пісьменьнік, які ня можа падмануць цэнзара? Ясна, што Караткевіч падманваў цэнзара. Ясна, што яго забаранялі. І што ў асяродку пісьменьнікаў... Калі ў цябе нічога не забаранілі – ну, які ты пісьменьнік? Назваць дысыдэнтам – я б не называў. Мне слова не падабаецца. Як і савецкі чалавек. Гэта хутчэй паліталягічны тэрмін, а не рэальнае жыцьцё. Дзядзя Валодзя – беларускі пісьменьнік. Клясык беларускай літаратуры. Пры тым рэдкі беларускі пісьменьнік, якога дзеці чытаюць з задавальненьнем”.

(Бартосік: ) “У кватэры пісьменьніка цяпер жыве сям’я Алены і Васіля Сянкевічаў. Алена Сянкевіч – гераіня апавяданьня “Як руйнуюцца ідалы”, пляменьніца клясыка, дачка ягонай сястры, Натальлі. Спадары Алена і Васіль стараюцца не чапаць нічога, што засталося з тых, караткевіцкіх часоў. І у кабінэце пісьменьніка, як нідзе, мяне наведала пачуцьцё прысутнасьці ягонага гаспадара. Ці то ад таго, што вакол няма халоднай нежывой музэйнасьці, ці то ад таго, што ўсё тут настолькі прапахла папіросным дымам, што здаецца чалавек выйшаў па “беламор” гадзіну таму. Але зараз вернецца…”

(Алена Сянкевіч: ) “Перш за ўсё, ён быў дзядзька. Не пісьменьнік хутчэй… Хаця, безумоўна, дзякуючы яму асабіста я… Мы жылі ў Чалябінску. Калі сюды прыехалі, не вывучалі ні беларускую мову, ні літаратуру. Але ж вось пачала чытаць я па-беларуску. І ўжо потым прыйшло адчуваньне, што ён вялікі пісьменьнік… Але ж тады, на жаль, нават гэтыя паездкі ў Рагачоў... Не хапіла розуму ні занатаваць нешта, запісаць. Здавалася, што дзядзька будзе заўсёды”.

(Бартосік: ) “Кабінэт Караткевіча – гэта вялікі пакой вокнамі на вуліцу Карла Маркса. Дзьве сьцяны ад падлогі да столі застаўленыя кніжнымі шафамі. Бібліятэка вельмі разнастайная – ад беларускіх літаратурных навінак да расейскай “Большой энциклопедии” 1896-га году выданьня. І на кожнай паліцы перад кнігамі безьліч усялякіх сувэніраў, драбностак, марскіх каменьчыкаў, нейкіх шкатулак, фігурак і чорт ведае чаго… Швэйкі і чэрці ў гэтым парадзе сапраўды займаюць заўважнае месца. Насупраць вакна -- канапа. Над ёю гіпсавая “Пагоня” і партрэт Багдановіча”.

(Васіль Сянкевіч: ) “Тут засталося ўсё так, як было пры Караткевічу. Швэйк. У розных выявах ён тут ёсьць. Ён вельмі любіў. І дзе бачыў гэтыя фігуркі, ці сам купляў. Ці прывозілі яму. Вось Швэйк, вось Швэйк. А гэта яго дзядуля па маме. Васіль. Вельмі быў разумны чалавек, адукаваны. Рагачоўскі. Гэта гаспадар таго дому, які зараз там захаваўся”.

(Бартосік: ) “Дзед пісьменьніка, у рагачоўскім доме якога я калісьці быў, на здымку глядзіцца пад стаць свайму дому. Такі ж грунтоўны і станісты. З сур’ёзным, ледзь не сярдзітым позіркам з-пад белых броваў. Зь вялізнаю белаю каляднаю барадою. Я сеў за каракевіцкі пісьмовы стол. Не магу сказаць, што мне было надта ўтульна...”

(Гатоўчыц: ) “Калі-нікалі вельмі ляканічна Валодзя гаварыў пра сваю работу. Увогуле пра сваю работу ён гаварыць не любіў. Ён яе выношваў, а потым, калі садзіўся за стол, ён любіў, каб яму не перашкаджалі. Аднак увечары звычайна ў доме Караткевіча зьбіраліся сябры, бо дом гэты быў вельмі гасьцінны. Можа, і занадта гасьцінны. Можа, больш, чым трэба было. І Валодзя быў вельмі шырокім чалавекам. Увогуле дзьве рысы вельмі выразна назіраліся ў Валодзю Караткевічу – гэта пачуцьцё годнасьці. Гэта быў чалавек, які жыў даволі цяжкім жыцьцём. Ён быў непрызнаны афіцыйна ў тым сэнсе, што ён ня мог надрукаваць кніжку так, як маглі іншыя пісьменьнікі. Ён мог толькі чакаць. Але я ня памятаю ніводнай хвіліны жыцьця Валодзі, каб у яго ў галаве зарадзілася думка пра тое, што трэба пайсьці, папрасіць, паклянчыць, пакаяцца.

Я памятаю, калі быў так званы разгром нацыяналістычна настроеных навукоўцаў. У Акадэміі. Чарговы. Гэта 70-я гады. І Валю Караткевіч, гэта я ведаю зь яе расказу мне, з такога расказу, які я ніколі не магла дазволіць сабе яшчэ каму расказаць. Гэта была сяброўская, ціхая размова пасьля таго, як Валю выклікалі ў парткам у час гэтай кампаніі, і парторг сказаў, што Валя павінна выйсьці на агульным сходзе партыйным і пакаяцца за Валодзю, за яго настрой. І, разумееце, перад якім выбарам была пастаўлена Валя? Яна адна працавала. Гэта значыць, яна адна давала магчымасьць неяк жыць. І калі, напрыклад, ня каяцца – гэта значыць, напэўна, страціць працу, падобна ўсім тым, хто страціў у гэты час. А калі пакаяцца – гэта значыць, пайсьці суперак Валодзі, суперак сваёй годнасьці, суперак сумленьня. Таму што тое, што прыпісвалася – гэта было абсурдна. І мы ішлі з Валяй дамоў, нам абедзьвюм было цяжка на душы. Таму што незразумела было, які зрабіць выбар. Зразумела было, што нельга каяцца. І я кажу Валі: “Ведаеш што, Валя? Насупраць вас жыве Іван Антонавіч Брыль. Можа, трэба параіцца зь ім. Ён усё ж такі чалавек, які многа бачыў у сваім жыцьці. І пражыў намнога большае жыцьцё, чым Валодзя. І Валя пагаварыла з Іванам Антонавічам, і я добра памятаю, як Іван Антонавіч сказаў: “Валя. Ня ўздумайце толькі, што б там ні было, выйсьці і каяцца. Таму, што Вы сабе потым гэтага не даруеце. Тым больш, Вам ніколі гэтага не даруе Валодзя”.

(Васіль Сянкевіч: ) “Уладзімер Сямёнавіч праз гэтыя дзьверы сюды заходзіў і глядзеў тэлевізар, які зараз у Воршы ў музэі. Ён у нас на лецішчы стаяў. Я не магу выкінуць рэч Караткевіча. Я сябе не адчуваю гаспадаром гэтай кватэры. Гэта кватэра Караткевіча, я гэта ведаю. Не гаспадары мы тут. Але ж так здарылася, што нам трэба яе захоўваць”.

(Бартосік: ) “Аглядаючы залю, пазіраючы на тыя карціны, пэйзажы Ціхановіча і Сергіевіча, на старыя драўляныя скульптуры анёлаў, прывезеныя гаспадаром з экспэдыцыяў, я спрабую ўгадаць – хто з пэрсанажаў мог тут жыць. Мне здаецца, гэта пакоі пана Дубатоўка. Адчуваецца жарсьць да старызны і шырокі нораў”.

(Гатоўчыц: ) “Увогуле пра шчодрасьць Валодзі можна легенды расказваць. Гэта ўжо было, калі не было на сьвеце Валі. Я іду з працы праз Аляксандраўскі сквэрык. І бачу – сядзіць Валодзя перад фантанчыкам і нешта чытае. Мне здалося, што ён нейкі задуменны і заняты саімі думкамі. І каб не перашкаджаць, я не аклікнула Валодзю і пайшла далей. Аднак аклікнуў Валодзя: “Ты што ж не здароваесься”. Я кажу: “Прабач, Валодзя. Я думала, ты заняты сваімі думкамі”. “Сядай”. Прысела разам. І Валодзя раптам пытаецца: “Можа, у цябе грошаў няма? А то ў мяне хоць... сракай еш”. Я падзякавала Валодзю. Валодзя папытаўся яшчэ раз запытацца. Можа, усё ж такі патрэбныя. Бо ў яго няма куды дзяваць. Сапраўды, грошай ён не цаніў. Ставіўся да іх абыякава. Гэта значыць, што калі былі грошы, быў поўны дом гасьцей, калі Валодзя не працаваў. Гэта -- радасьць дапамогі блізкім. Заўсёды, што называецца, шырокі жэст.

Для Валодзі выпіўка, калі за сталом былі людзі, была прычынай для размоваў, для нейкіх апавяданьняў цікавых. Аднак, калі нехта з прысутных наступаў на любімы мазоль Валодзеў, закранаў нейкія яго любімыя тэмы ня ў тым сэнсе, альбо неяк непаважліва ставіўся да некага з герояў гістарычных, якіх любіў Валодзя, гэта сканчалася вельмі шумна. Ён мог пагражаць. Мог устаць і сказаць, каб усе ішлі зь яго дому. Прычым тут жа, адразу, зьбіралі свае шмоткі і ішлі...”

(Бартосік: ) “На самадзейным плякаце малады Караткевіч у паласатым швэдры чухае патыліцу. Здымак адмыслова павялічаны. Побач верш:

Чакаў я доўга. Годзе. Трымаў сябе рахмана. Няўжо і ў Новым годзе Ня ўбачыць мне рамана?

(Васіль Сянкевіч: ) “Гэты швэдар, у якім ён тут сфатаграфаваны, мы аддалі ў музэй. А верш -- пра “Каласы”... Гэта сябры. Іх кампанія...”

(Бартосік: ) “Я папрасіў Адама Глобуса успомніць, што яму сказаў Уладзімір Караткевіч такога, што помніцца да сёньня”.

(Глобус: ) “Я захапляўся раманам, і вельмі яго цаню… раман “Нельга забыць”. Таму што гэта раман пра каханьне, раман пра рэальнае каханьне. Раман, калі Караткевіч паспрабаваў быць пісьменьнікам найвышэйшага гатунку. І гэтая спроба… Я наогул люблю ў літаратуры такія спробы. Мне як творцы больш цікавыя правалы літаратараў. Чым іх дасягненьні. Дасягненьне заўсёды невядома як зробленае. А калі чалавек не дасягнуў… Мэта была большая. Чым ён мог і можа зрабіць. І я гаварыў пра гэта з Караткевічам і кажу, што з задавальненьнем прачытаў гэты Ваш раман і ён мне вельмі падабаецца. На што ён сказаў. “Ведаеш, я рады, што ты ацэньваеш маю творчасьць. Але я скептычна да сябе, як да творцы стаўлюся. І ты мусіш ставіцца да сябе заўсёды скептычна. І калі ты бачыш, што ты ня можаш нечага зрабіць, то заніжай плянку. Ня можаш напісаць выразнае, рэалістычнае, клясычнае апавяданьне – напішы фантастычнае. І сілы будуць увесь час цябе пакідаць. Ты будзеш жыць і сіл будзе ўсё менш-менш. Менш імпэту. І калі сілы зусім скончацца, нават на дэтэктывы інтрыгу будаваць, матывацыі прыдумляць – пішы фантастыку. Пішы лёгка. Пішы шмат”. Да фантастыкі я ніяк яшчэ не дайду. Але дайду…”

(Бартосік: ) “Я казаў ужо ў мінулых перадачах, прысьвечаных караткевіцкім адрасам, што ў ягоных дамах і мясьцінах вельмі моцна адчуваецца тое, што можна назваць ягоным полем. Тут, у кватэры над кнігарняй “Веды”, яно проста зашкальвае. І спакойна жыць – есьці, прымаць ванну, глядзець тэлевізар, класьціся спаць у такім энэргетычным атачэньні могуць толькі блізкія. Сапраўды блізкія людзі. Гэта я да таго, як нам усім пашанцавала з гэтым ніякім не забытым адрасам. Дзе жывуць родныя Караткевічу людзі, звычайныя менскія інжынэры Алена і Васіль. Чые дзеці без прынукі ведаюць, хто яны і навошта ўсё”.

(Гатоўчыц: ) “У адпачынак Валодзя любіў езьдзіць на Чорнае мора. І звычайна ў верасьні ён зьяўляўся ў “Збор помнікаў”, які знаходзіўся ў цэнтральным будынку Акадэміі навук, з катранамі. Гэта такія акулы ня вельмі вялікага памеру, але усё ж такі акулы, высушаныя на сонцы. Зь вяленымі акуламі, набраўшы многа бутэлек піва. Ён вельмі так ганарова ўваходзіў у “Збор помнікаў”, выкладаў гэтых катранаў на стол і казаў: “Калі хоць адна сабака адмовіцца іх есьці, будзе мець справу са мной. Ну есьці гэтых катранаў было ня проста. Таму што акула -- гэта драпежнік і папахвае, прабачце, псінай. Аднак, выслухаўшы такую прадмову, усе елі гэтых катранаў, запівалі півам і вельмі хвалілі. Усе стараліся зрабіць выгляд, што катраны вельмі смачныя і што зь півам гэта – першы кляс”.

(Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік пераканаўся, што ў колішняй кватэры Ўладзімера Караткевіча захоўваецца жывы дух гаспадара. Больш чым праз дваццаць гадоў пасьля ягонага сыходу. Сёлета ўвосені Караткевічу споўніцца 75. І гэты ўзрост жывога, а не даўно памерлага чалавека, наводзіць на пэўныя развагі і фантазіі. Праўда, прысутнасьць жывога Караткевіча ў сёньняшнім жыцьці ўявіць цяжка. Адкрыты, рашучы, бескампрамісны – гэтыя характарыстыкі зусім не надаюцца для сёньняшняга чалавека. Вось што дзіўна. У тыя застойныя савецкія часы быць такім было магчыма, а сёньня – не. Больш за тое, тагачасная ўлада ня толькі прыцярпелася да Караткевіча, але й па-свойму ўшанавала яго, што ў цяперашнім часе абсалютна нерэальна. Маю на ўвазе ня столькі нерэальнасьць 60-тысячных накладаў ягоных кніг або нерэальнасьць ордэна Дружбы народаў, якім ён быў уганараваны на свае 50-я ўгодкі. Маю на ўвазе шырэйшае – нерэальнасьць рамантыка, падзьвіжніка, калі хочаце, генія ў сёньняшняй грамадзкай атмасфэры. Каб лепей зразумець наш час і тое, чаго нам сёньня так моцна не хапае, пастарайцеся ўявіць сабе, што Караткевіч не памёр 20 гадоў назад, што ён жывы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG