Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася прэзэнтацыя другога выданьня зборніку “Быкаў на Свабодзе” (фотарэпартаж і mp3)


Ганна Соусь, Менск У панядзелак у менскім Доме літаратара адбылася прэзэнтацыя другога выданьня зборніка радыёпубліцыстыкі клясыка беларускай літаратуры народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава “Быкаў на Свабодзе”. Новае выданьне дапоўненае невядомымі раней інтэрвію, лістамі і ўспамінамі. На імпрэзу прыйшлі больш за 200 чалавек.

Сымбалічна, што падчас прэзэнтацыі кнігі Быкава пачаўся дождж і сышла дзённая гарачыня. У чытальнай залі Дому літаратара не хапіла месца ўсім, хто прыйшоў на прэзэнтацыю “Быкава на Свабодзе”, і людзі стаялі ў праходах. А ў залі гучаў голас Быкава.

(Быкаў: ) “Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю “Свабоду”, тое сталася звычаем і патрэбай душы”. (слухаць mp3)

LukaszukНа стале – вялікі букет васількоў, і прамоўцы гавораць пра Васіля Быкава. Выступае журналіст “Свабоды” Аляксандар Лукашук.

(Лукашук: ) “737 дзён Беларусь жыве без Быкава. Гэта праўда і гэта няпраўда, бо ўсе гэтыя 737 дзён ягонае імя ніколі не пакідала тых, хто яго чытае. Бываюць супадзеньні, якія часам прымушаюць задумацца. Кніга, якую я трымаю ў руках, выйшла з друкарні 22 чэрвеня. Але гэта не супадзеньне. Проста чэрвень цяпер заўсёды будзе месяцам Быкава”.

Другое выданьне па аб’ёме на чвэрць большае за першае.

У новай кнізе зьмешчаныя два выступы Быкава на вечарынах БНФ, на мітынгу каля КДБ, адказы на гэтак званую “анкету Дастаеўскага”, перапіска з Аляксандрам Лукашуком, ягоныя словы памяці, прысьвечаныя Алесю Адамовічу і Вячаславу Адамчыку, а таксама выступ Быкава з нагоды дня 22 чэрвеня – пачатку вайны.

У новым выданьні зьмешчаны таксама малюнкі Быкава, эсэ Сяргея Абламейкі пра апошні, праскі пэрыяд жыцьця Быкава, а таксама матэрыялы пра драматычныя абставіны вяртаньня Васіля Быкава ў Менск. Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч назваў сёньняшнюю прэзэнтацыю надзвычайнай падзеяй.

Niaklajeu(Пашкевіч: ) “Гэта першы факт, калі кнігі Быкава выдаюцца ня толькі бесцэнзурна, незалежна, але і перавыдаюцца”.

Гаворыць сябар Васіля Быкава паэт Генадзь Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Васіль у свой апошні шлях на руках нашых праплыў у вечнасьць па праспэкце Скарыны. І тое, што кніга новая – большая, чым тая, што была выдадзеная год таму, сьведчыць пра тое, што Васіль ня толькі жывы. Ён невычэрпны. Ён жыве сярод нас. Больш таго, нашыя ўлады зь ім ваююць, як з жывым”.

На прэзэнтацыі прысутнічала ўдава Васіля Уладзімеравіча Ірына Міхайлаўна Быкава, у часе многіх выступаў яна плакала.

Незвычайнае прызнаньне падчас вечарыны зрабіў паэт Анатоль Вярцінскі.

(Вярцінскі: ) “Беларускую службу Радыё Свабода я пачаў сыстэматычна слухаць пасьля таго, як мне падарыў радыёпрыёмнік Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Ён далучаў нас да іншадумства”.

На прэзэнтацыі гэтаксама выступілі старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, паэт Уладзімер Някляеў, карэспандэнтка Радыё Свабода Алена Ціхановіч, актывіст Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык, Лявон Баршчэўскі бацька рэдактара і ўкладальніка абодвух выданьняў ”Быкава на Свабодзе” Сяргея Навумчыка. Што да аўтарскага калектыву, то сёньня ў Доме літаратара віталі мастака кнігі – Генадзя Мацура і стыль-рэдактара і карэктара Аляксандру Макавік.

У часе прэзэнтацыі прагучала любімая песьня Васіля Быкава “Шумныя бярозы”, на словы Янкі Купалы і музыку Рыгора Пукста, у выкананьні Данчыка.

Архіўныя аўдыё запісы Васіля Быкава ў фармаце mp3

Выступ у Чырвоным касьцёле падчас утварэньня "Мартыралёгу Беларусі" і БНФ "Адраджэньня". Кастрычнік 1988Пра зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі ў Вярхоўным савеце. Красавік 1995"Дэмакратычныя выбары ва ўмовах таталітарызму немагчымыя". Сьнежань 1995"Урокі Нюрнбэргу актуальныя і цяпер". Кастрычнік 1996"Апазыцыя зрабіла гераічны ўчынак - дамагласся сувэрэннасьці". Ліпень 1997"Кожны новы твор - рэакцыя на незадавальненьне папярэднім". Чэрвень 1998"Я ў гадоў 10-12 адчуваў, што гэтая ўлада нялюдзкая". Чэрвень 1999"Я беларус, мая родная мова - беларуская". Чэрвень 1999"Трэба жыць дома. Ня ўсім выпадае такое шчасьце." Чэрвень 1999

Гл.таксама • Новае выданьне "Быкаў на Свабодзе" – на вэбсайце svaboda.org (PDF)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG