Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаўрыла Вашчанка і яго школа


Валянціна Аксак, Менск Пад такім назовам сёньня ў Менску ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры адчыняецца выстава жывапісу знакамітага беларускага мастака і дваццаці ягоных, ужо таксама добра вядомых вучняў. Таму выстава мае яшчэ адзін назоў – “Майстар і майстры”. Экспазыцый, падобнай да гэтае, у гісторыі беларускага мастацтва яшчэ не было.

Адметнасьць гэтае экспазыцыі ў тым, што яна сфармаваная супрацоўнікамі музэю гісторыі і культуры з мэтай: паказаць, што ў беларускім мастацтве за чатыры дзесяцігодзьдзі выкладчыцкае працы майстра склалася такая адметная зьява, як творчая школа Гаўрылы Вашчанкі. Яна мае такую ж ролю ў сучаснай нацыянальнай культуры, якую мела ў 20-я гады віцебская мастацкая школа Юдаля Пэна, якую ў свой час мелі школы Рубэнса, Рэмбрандта, Леанарда да Вінчы і іншых усясьветна знакамітых майстроў.

Але ці ведаюць сёньня ў сьвеце творы вучняў Вашчанкі так, як ведаюць мастацтва згаданых мастацкіх школаў? Думаю, што на гэтае пытаньне адказваюць самі імёны ўдзельнікаў экспазыцыі: Зоя Літвінава, Віктар Альшэўскі, Леанід Хобатаў, Сяргей Рымашэўскі, Алесь Ксяндзоў…

А вось што мне сказаў пра тое, дзе папулярныя творы вучняў Вашчанкі, яшчэ адзін удзельнік гэтае выставы Сяржук Цімохаў.

(Цімохаў: ) “Гэта – Заходняя Эўропа ў большай ступені. Зразумела, што і ў Маскве ведаюць, але найперш па ўсёй Заходняй Эўропе: у Германіі, Францыі, Польшчы, Галяндыі, Гішпаніі, Італіі. Практычна – уся Эўропа”.

Чым жа адметныя творы мастакоў школы Гаўрылы Вашчанкі? На гэтае пытаньне я таксама папрасіла адказаць ягонага вучня Сяржука Цімохава.

(Цімохаў: ) “Пасьля таго, як мастак прайшоў гэтую школу, пачынае працаваць самастойна са сваім знакавым почыркам, са сваім стылем, са сваім адметным сюжэтам. Гэта яскравы самастойны мастак, які не падобны да іншых, які мае сваю пазыцыю, цьвёрда стаіць на сваім грунце, на сваім разуменьні сусьвету…”

Вядома, што Гаўрыла Вашчанка быў адным са стваральнікаў і кіраўніком катэдры манумэнтальнага жывапісу, які ня выставіш у музэйнай экспазыцыі, і творы якога не набудуць замежныя галерэі.Тут жа гаворка ідзе пра станковыя працы. Але нацяжкі з азначэньнем школы Вашчанкі як зьявы няма. Бо Гаўрыла Вашчанка ставіць перад сабою мэту выхоўваць майстроў шырокага творчага дыяпазону – пра што ён сам сказаў у інтэрвію нашаму радыё.

(Вашчанка: ) “Я заўсёды вырашаў праблему падрыхтоўкі мастака больш шырокага профілю. Таму многія мае выпускнікі акрамя заняткаў манумэнтальным мастацтвам ёсьць вельмі актыўнымі ўдзельнікамі выставаў станковага жывапісу. І паколькі гэта выстава мастакоў-манумэнталістаў, то гэта людзі, якія ўжо зарэкамэндавалі сябе ў рэспубліканскім, усесаюзным былым, і замежным мастацкім працэсе як станкавісты”.

Выстава “Гаўрыла Вашчанка і яго школа” будзе экспанавацца ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры да 21 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG