Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць у Беларусі хаваць жывёлаў “па-людзку”?


Ігар Карней, Менск Гэтак жа, як і людзі, ня вечныя і жывёлы. Яны таксама канаюць ад старасьці і хваробаў, гінуць пад коламі аўтамабіляў. Але калі для людзей-нябожчыкаў існуюць могілкі, створаныя рытуальныя службы, то дзе пахаваць хатняга любімца?

У менскім мікрараёне Ўручча на сабачым выгуле паміж вуліцай Шугаева і кальцавой дарогай сёлетняй вясной зьявіўся ўзгорачак, абкладзены камянямі і завалены вянкамі і кветкамі. Магіла сабакі, чыйгосьці хатняга любімца. Вянкі і кветкі ўвесь час абнаўляюцца: не зарастае сьцежка памяці. Вось такое выйсьце знайшлі гаспадары гэтага здохлага сабакі. Іншыя проста прыкопваюць цела пад кустом, а то і выкідваюць на сьметніцу. Колісь у гэтакі спосаб я пахаваў свайго маленькага хамячка. А вось маім сваякам, калі здох іхны 100-кіляграмовы ньюфаўдлэнд, давялося наймаць аўто, грузчыкаў і капачоў, каб пахаваць жывёліну ў лесе.

Кожны гаспадар па-свойму вырашае гэтую праблему. Могілкі хатніх жывёлаў – такое паняцьце для краіны пакуль што зьяўляецца нонсэнсам. Супрацоўніца вэтэрынарнай лябараторыі Менску нават разгубілася, калі я запытаўся: ці ёсьць у Беларусі адмысловыя месцы для афіцыйнага пахаваньня хатніх любімцаў?

(Супрацоўніца лябараторыі: ) “У якім сэнсе афіцыйна – могілкі для жывёлаў, ці што? У нас ёсьць скатамагільнік для жывёлаў. Наконт чагосьці іншага ня ведаю”.

Разам з тым, хрысьціянства не ўхваляе аказаньне рытуальных паслугаў жывёлам. Гэтая супярэчнасьць з хрысьціянствам у бальшыні эўрапейскіх краінаў разьвязаная на карысьць людзей. Менавіта людзей, бо стварэньне могілак для жывёлаў – гэта перадусім клопат пра людзей, бо для многіх гаспадароў сьмерць іхных хатніх любімцаў – вялікае гора. Дарэчы, я патэлефанаваў у адну з рытуальных крамаў Менску і запытаўся: ці былі замовы на вянкі і стужкі з надпісамі для жывёлаў?

(Крамнік: ) “Для жывёлаў?.. Хвіліначку… Алё?.. Так, дзяўчаты кажуць, што замаўлялі, мастачкі пісалі таблічкі. І сабакам, і катам. Рэдка, але бываюць такія замовы”.

Другі аспэкт гэтай праблемы – экалягічны. На Захадзе зразумелі, што кантраляваныя пагосты для жывёлы значна болей бясьпечныя для здароўя гарадоў, чым хаатычныя пахаваньні, якія зьяўляюцца распаўсюднікамі шматлікіх інфэкцыяў. Ужо і ў суседніх зь Беларусьсю краінах зробленыя адпаведныя захады. Гэтак, у Латвіі на пачатку жніўня будуць адкрытыя могілкі хатніх жывёл. Ініцыятыва – прыватная, і пахаваньне будзе рабіцца за грошы. А сабачы крэматорый, які пакуль дзейнічае, зачыняць, бо ён парушае экалёгію. У Беларусі ж пра крэматорый толькі думаюць. Вось што распавяла супрацоўніца кіналягічнага клюбу “Эліт” Алена:

(Алена: ) “У сьметніцу выкідваць нельга, вынесьці на вуліцу і закапаць пад плотам вы таксама ня маеце права. А куды? Невядома куды! Вось людзі і закапваюць здохлых сабак у полі, лесе ці на лецішчах. Нават у дзяржаўных лякарнях, калі прыносяць жывёліну, лекары ўсыпляюць, а затым цела аддаюць гаспадару. Што хочаце, тое і рабіце. Маўляў, пахаваньне – гэта справа самога гаспадара. Гэта ёсьць вялікая праблема, бо ў нас сабакі ні да каго не належаць: ні да спорту, ні да дзяржаўнай адукацыі… Сабачнікі – ніхто. Калі раней быў ДТСААФ, і да яго сабакаводы належалі, дык цяпер, як ДТСААФ падзяліўся – усё, сабакаводы самі па сабе. Спрабавалі мы выбіць месца на могілках, ці зрабіць адмысловыя могілкі для сабак, нічога не атрымалася”.

Цяпер сябры клюбу “Эліт” захапіліся ідэяй – арганізаваць перасоўны крэматорый для сабак. Яны ўжо пайшлі па інстанцыях, даведваюцца, якія патрэбныя паперы. Пра нейкія дэталі праекту пакуль не гавораць, але вераць, што ідэя ажыцьцявіцца ўжо неўзабаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG