Прадпрымальнікі прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнем адмяніць Указ № 760, паводле якога забараняецца наймаць на працу несваякоў. Перамовы паміж прадпрымальнікамі і чыноўнікамі маюць прайсьці 19 сьнежня.
У мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Каля плошчы стаяла машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, адкуль безь перапынку гучалі пагрозы ўдзельнікам акцыі за парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах. З Аляксандраўскага сквэру разносілася музыка. Часам удзельнікам акцыі даводзілася крычаць на вуха, каб пачуць адзін аднаго.
Заяўнікі акцыі, лідэр якіх, Аляксандар Макаеў, знаходзіўся ў міліцыі, прамаўлялі з прыступак Палацу Рэспублікі.
Выступоўца: “Я веру, што з намі Бог. Давайце будзем разам, будзем зьяднаныя. Давайце выходзіць на плошчы і бараніць свае правы. Калі мы зьяднаныя, мы непераможныя”.
У натоўпе і навокал было некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Байцоў спэцназу міліцыі пазнавалі па аднолькавых новых красоўках.
Прадпрымальнікі, сярод якіх было шмат жанчын, казалі, што разьлічвалі на большую колькасьць удзельнікаў акцыі.
Спадарыня: “Астатнія да нас сёньня не далучыліся папросту ад страху. Людзі баяцца, а чыноўнікі гэтым карыстаюцца. Чыноўнікі — гэта, вядома, страшная сіла. Яны адпрацоўваюць свае крэслы. Яны баяцца, што сёньня яны пад імі хістаюцца. Таму яны зрабілі ўсё магчымае, каб людзі спалохаліся і не прыйшлі”.
Нягледзячы на ўсе захады, каб іх запалохаць, людзі не разыходзіліся.
Спадарыня: “Я прадавачка. Застаюся бяз працы. Майму дзіцяці паўтара гады. Куды я магу пайсьці са сваёй адукацыяй? Я працавала на гадзіньнікавым заводзе “Луч”. Цяпер ён банкрут. Дзе Лукашэнка дасьць мне працоўнае месца? Мне трэба карміць дзіця. Я маці-адзіночка”.
Да мітынгоўцаў выйшлі прадстаўнікі Менгарвыканкаму і Міністэрства эканомікі.
“Працуе рабочая група. Кабякоў узначальвае. Разгледзім і канструктыўна ўсё ўлічым. Бліжэйшым часам зьбяром існуючую працоўную групу пры Дэпартамэнце. Калі ласка, рыхтуйце свае пазыцыі, свае прапановы”.
На мітынгу прынялі рэзалюцыю з заклікам да беларускага ўраду стварыць спрыяльную для бізнэсу заканадаўчую базу. Удзельнікі мітынгу панесьлі рэзалюцыю ў Палату прадстаўнікоў праспэктам Незалежнасьці. Колькасьць удзельнікаў акцыі адразу вырасла. Паводле ацэнак журналістаў і назіральнікаў, на плошчы Незалежнасьці было ўжо больш за пяць соцень. Віктар Гарбачоў зьвярнуўся да прысутных:
“Перамоўная група для вырашэньня канфліктнай сытуацыі прынятая. Зарэгістраваны дакумэнт у Палату прадстаўнікоў з пячаткай. Усё як мае быць. Рэзалюцыю прынялі, першы крок зроблены. Намі будзе сфармаваная група індывідуальных прадпрымальнікаў на 19 сьнежня на перамовы з урадам дзеля вырашэньня канфлікту”.
На Кастрычніцкай плошчы і пасьля заканчэньня акцыі затрымалі палітыкаў Віктара Івашкевіча і Крысьціну Шацікаву, прадпрымальнікаў Віктара Крываля, Віктара Гарбачова і Віктара Калея, а таксама журналіста Барыса Гарэцкага. Салігорскі прадпрымальнік Аляксандар Цацура быў затрыманы прэвэнтыўна напярэдадні акцыі.