Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша Ніва”: амэрыканская тэма


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”. Эфір 12 лістапада 2006 году.

Шуканьне Новага Неба і Новай Зямлі пранізвае ўвесь беларускі эпас пад назваю “Наша Ніва”. Гэты ўнутраны настрой мала стасуецца з агульнай гнятлівай атмасфэрай, што панавала тады ў Расейскай імпэрыі ці з атмасфэрай тагачаснай гранічна наэлектрызаванай Эўропы. Каб адшукаць гэты настрой, я пераводжу погляд за акіян. І згадваю атмасфэру Кляндайку і залатое ліхаманкі ў творах Джэка Лёндана або гісторыі пра Тома Соера ў Марка Твэна, дзе ўсе героі ўвесь час жывуць на парозе неверагодна прывабнай і жаданай Будучыні. У абсалютных велічынях гэта – прадчуваньне шчасьця. Вось той настрой, які ахопліваў братоў-заснавальнікаў Івана і Антона Луцкевічаў і які я крыху адвольна атаясаміў з настроем айцоў-заснавальнікаў ЗША. У кожным разе і тыя, і тыя стваралі новую нацыю. Паміж суседніх адраджэнскіх рухаў, якія арыентаваліся на гістарычныя прататыпы сваіх сучасных народаў, беларусы сапраўды ўсё рабілі з нуля – пачынаючы з назвы. Іх нацыя мусіла ня столькі адрадзіцца, колькі нарадзіцца.

Сёньня ў “Вострай Браме” мы будзем гаварыць пра гэты самы “амэрыканскі настрой”. Але пачнем з самага пачатку, з 1906 году, зь першага нумару і з праграмнага радка, які зьявіўся ў першым жа артыкуле.

Ах, колькі ж гэты радок выкліча пасьля зьнішчальных камэнтароў савецкае прапаганды! Замест дэфініцыі “рэвалюцыйна-дэмакратычная” – што дазваляла газэце патрапіць у навучальныя праграмы і адкрытыя фонды бібліятэк, яна атрымала вызначэньне “буржуазна-нацыяналістычнай” і была надоўга схаваная ў спэцхран. А ўсё гэты самы радок:

“Ня думайце, што мы хочам служыць толькі ці панам, ці адным мужыкам. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць...”

Пазьней высьветліцца, што гэта і не Луцкевічаў радок. Праз шмат гадоў ва ўспамінах Антон Луцкевіч напіша:

“Выдавецтва ўзяў на сябе нейкі безработны лясьнічы, абураны на ўладу за звальненьне яго са службы як каталіка, – Зыгмунт Вольскі. Кіравала ім жаданьне закласьці нейкае даходнае прадпрыемства, якім – судзячы паводле велізарнае папулярнасьці “Нашае Долі” – і магло б быць выдаваньне беларускае газэты... (Аднак) ... спадзяваных даходаў выдавец ня меў і хутка зрокся гэтага “нявыгаднага прадпрыемства”.

(Тым ня менш, пры падрыхтоўцы першага, праграмнага нумару слова Вольскага, як чалавека легальнага і надзеленага паўнамоцтвамі рэдактара і выдаўца, мела вырашальную вагу.)

“У першым складзе рэдакцыі “Нашае Нівы” былі: Іван і Антон Луцкевічы, Людвік Кучэўскі і Зыгмунт Вольскі – як адказны за яе перад уладай. Пры выпуску першага ж нумару газэты выявілася ідэйнае разыходжаньне паміж першымі двума і апошнімі. У перадавіцы пачаткова было напісана, што “мы будзем служыць усяму беларускаму працоўнаму народу”. Проці гэтага выступілі непартыйныя сябры рэдакцыі – Кучэўскі і Вольскі, і голас апошняга, як адказнага рэдактара і ўласьніка выдавецтва, пераважыў: перадавіца была перапраўлена, і ў ёй слова “працоўнаму” народу аказалася замененым словам “скрыўджанаму” (...) Матывавалася гэта патрэбай паказаць перад уладай, што газэта стаіць не на клясавым становішчы, а на агульнанацыянальным, ды так уратаваць яе быт, адмежаваўшыся фармальна ад “Нашае Долі”...

Выходзіць, дзякуючы гэтаму Вольскаму мы маем свой галоўны нацыянальны праект, а не забытую ўсімі палітычную агітку пачатку мінулага стагодзьдзя? Натуральна, гэта ня так, бо ўрэшце ўсё вырашалі Луцкевічы.

Сытуацыя нагадвае мне адносна нядаўнюю – 1990 году. Тады з прадпрымальнікам Жуком я як рэдактар пачаў выдаваць незалежную газэту. Я насіўся з ідэяй адрадзіць “Нашу Ніву”, але “для разгону” ўзяўся... не, не за “Нашу Долю” – гэтая назва была ўжо занятая, пад ёй выходзіў орган Таварыства інвалідаў. Я ўзяў ранейшую – “Свабоду”, адзіны нумар якой быў падрыхтаваны ў 1902-м годзе. Дык вось “Свабода”, якую мы пачалі выдаваць з Жуком, сапраўды была вострай апазыцыйнай газэтай і мела наклады ў некалькі дзясяткаў тысяч. Праз год я зразумеў, што гатовы ўжо да выданьня “Нашае Нівы” і да пераезду ў Вільню, а таму “Свабоду” перадаў свайму сябру і тады дэпутату Вярхоўнага Савету журналісту Ігару Гермянчуку. “Наша Ніва” мела наклады ў дзесяць і дваццаць разоў меншыя за “Свабоду”, і я бачыў, што Жук як выдавец, падобна таму Вольскаму, так і не зразумеў, чаму я газэту масавую і даходную памяняў на нешта, што і да газэты было падобна мала, ня кажучы ўжо пра бізнэс.

Але вернемся да таго вырашальнага праграмнага артыкула ў першым нумары “НН”.

Радок пра “ўвесь беларускі народ” ня толькі застаўся, але прайшоў такую шліфоўку часам, што залатымі літарамі сьвеціць нам з аналаў нацыянальнае гісторыі. Не раўнуючы як маніфэст амэрыканскае культуры, напісаны іншым першапраходцам – паэтам Уолтам Уітмэнам – за паўстагодзьдзя да беларускай паэмы пад назваю “Наша Ніва”:

“Амэрыканскі бард ня будзе апяваць толькі нейкі адзін клас людзей або толькі некалькіх з гэтага класу...”

Пры ўсёй зьнешняй выпадковасьці гэтага параўнаньня, перадавіца “НН” і прадмова Ўітмэна да ягонага зборніка “Лісьце травы” падаюцца блізкімі па сытуацыі і духу праграмнымі заявамі. І там і тут – пачынальнікі, і там і тут – з чыстага ліста.

Пачынаючы “Нашу Ніву”, браты Луцкевічы проста не маглі апэляваць ні да чаго, апроч найвышэйшае справядлівасьці. Гэтаксама як айцы-заснавальнікі ЗША, якія пастанавілі, што тут, у Амэрыцы, ніколі ня будзе тыраніі. У Луцкевічаў таксама быў выбар. На даўно далучаных да Расеі і даўно ператвораных у заштатную правінцыю беларускіх землях яны мусілі ўсё прыдумляць з нуля.

Расейскія і польскія прэтэнзіі на Беларусь разглядаліся як чужыя, варожыя, акупанцкія. Прэтэнзіяў самога народу, які тут жыў, фактычна не было, яны яшчэ не нарадзіліся. Дадайце сюды чыньнік нацыянальнае цярпімасьці насельніцтва, у якога – па самым вялікім рахунку – быў (і застаецца) толькі адзін і этнічны, і сацыяльны, і ўсялякі іншы крытэр грамадзкае ацэнкі: абы чалавек быў добры, – і вы атрымаеце з усіх паралеляў найбольш блізкую якраз да амэрыканскай.

Служыць усяму беларускаму народу... Такім чынам, Луцкевічы прынялі на сябе місію і былі самі ўражаныя ды акрыленыя веліччу задачы. Яны не былі нацыяналістамі найперш – прагматычнымі будаўнікамі нацыянальнага хутара. Гэта кідаецца ў вочы, калі мы параўноўваем іх, напрыклад, зь літоўцамі. Пачынаючы паралельна зь беларусамі, у адным горадзе і з аднолькавымі стартавымі магчымасьцямі, літоўцы нарошчвалі і разьмяркоўвалі рэсурс, цагліну за цаглінай будуючы сваё незалежнае грамадзтва, яны ведалі сваё месца ў рэйтынгу сучасных нацыяў, і іх амбіцыі вышэй гэтага месца і мэты прыйсьці да ўлады, стварыць нацыянальную дзяржаву – не сягалі. Тым часам у беларусаў ад усьведамленьня свае місіі вырасталі крылы. Іх ня надта вабіла прагматыка, і таму яны не маглі зразумець літоўцаў, якія адмаўляюцца адрадзіць разам зь імі ВКЛ. Каб адчуць розьніцу, дастаткова згадаць, што гэта ў друкарні сьведамага літоўца Марціна Кухты друкавалася “Наша Ніва”, і што адваротны варыянт – каб сьведамы бізнэсовец-беларус друкаваў літоўскую газэту-пачынальніцу – быў цалкам выключаны.

Але і ў дачыненьні да самой Беларусі прагматычныя мэты нашых пачынальнікаў далей аўтаноміі ў складзе Расеі пакуль не сягалі. На іхным экране ішло бясконца захапляльнае кіно ўласнай гісторыі, культуры, мовы. І найвялікшым здабыткам “НН” стала тая пляяда паэтаў, якіх гэтая газэта прывяла ў сьвет. Пазьней мы скажам, што “Наша Ніва” стварыла сучасную беларускую нацыю, і што беларусы – нацыя паэтаў.

Амэрыканскі прыклад свабоды і ўсеагульнай роўнасьці ды братэрства быў нашым ідэолягам, відавочна, больш зманлівы, чым прыклад уладкаваньня свайго кавалку зямлі альбо, скажам, расейскага сацыялізму.

Зусім невыпадкова Купалаў Янка Здольнік у п’есе “Тутэйшыя” скажа праграмныя словы:

“Калісь амэрыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю незалежнасьць, напісалі на сваім сьцягу несьмяротныя словы: “Амэрыка для амэрыканцаў”. І гэта памагло: сягоньня Амэрыка вольная. Павінны пайсьці і мы па яе сьлядох і напісаць агністымі рунамі на сваім сьцягу: “Беларусь...”

І не дагаварыў. Абставіны былі ня тыя...

Але пачынальнікі марылі менавіта ў такім рэчышчы – не пра чысьціню крыві, натуральна, а пра такую вось амэрыканскую бязьмежнасьць магчымасьцяў. Здаровы дух авантурызму натхняў іх на стварэньне цуду. І яны гэты цуд стварылі.

Нацыяй паэтаў беларусы таксама назвалі сябе ня першымі. За паўстагодзьдзя да іх гэта зрабіў той самы Ўолт Уітмэн:

“Амэрыканцы ўсіх эпох і ўсіх народаў Зямлі, напэўна, мелі найбольш паэтычную натуру. Па сутнасьці сваёй самі Злучаныя Штаты – найвялікшая з паэм”.

Вось што заводзіла нашаніўцаў. Не палітычная самарэкляма і інтрыгі, не падзел рэсурсаў і будаўніцтва структур – гэтым яны зоймуцца пазьней і, можа быць, запозна, – а сёньня яны пісалі Беларусь як паэму, і ўсё ў ёй выглядала, нібы ўпершыню.

Непасрэдна пра Амэрыку “Наша Ніва” пісала таксама. Найперш гэта тэма працоўнае эміграцыі. Вось ці ня першая “амэрыканская” нататка ў самым канцы 14-га нумару за 1907 год:

“Аб Амэрыцы. Нядаўна, як падаець амэрыканская газэта (з подпісу ўнізе вынікае, дарэчы, што называлася газэта “Свабода”), туды не дапусьцілі колькі хахлоў дзеля таго, што яны там заявілі, што ім дзядзька пісаў, каб прыехалі, бо ёсьць для іх работа. Такім правам іх палічылі заняўшымі месца па кантракце ўжо з хаты; а гэта па тых законах не дазваляецца. Кожнага, хто прыехаў па лісьце знаёмага, лічаць кантрактовым работнікам ды высылаюць. Таксама і таго, хто абмовіцца, што сядзеў у арышце”.

Намёк адрасны і зразумелы. Калі вы, шаноўны чытач, сабраліся на заробкі ў Амэрыку, крый бог, не кажыце, што вам пра гэта нехта напісаў. Ну і судзімых у сьвеце чыстагану, аказваецца, не любілі яшчэ ў часы “НН”.

Далей болей: Як жыве амэрыканскі рабочы:

“Пэўне, няма такіх людзей, што ня чулі аб Амэрыцы. У Амэрыку штогод то з той, то з другой вёскі нехта выбіраецца шукаць там сабе лепшага, свабаднейшага жыцьця (сачыце за міжвольнымі ацэнкамі); часта можна спаткаць і такіх людзей, што праз колькі гадоў жылі і працавалі тамака і, сабраўшы грошы, вараціліся ў родную старонку. Дык вось і раскажам цяпер аб тым, як жыве ў той Амэрыцы рабочы народ.

Яшчэ ня так даўно – гадоў 50-60 таму назад – так званыя Амэрыканскія Злучаныя Штаты былі саўсім мужыцкім гасударствам. Свабодных зямель было тутака так многа, што кожны, хто хацеў, браў сабе кавалак зямлі і заводзіў там гаспадарку, не сказаўшы нікому і “дзякуй!” Але з году ў год народу ўсё больш прыбывала, сяліліся ўсё гусьцей і гусьцей, і, у канцы, свабоднай зямлі асталося мала, дык і дастаць яе – трудна”.

Каму яшчэ, апроч паэта, можа ці магло прыйсьці ў галаву назваць ЗША “зусім мужыцкай дзяржавай”. Але гэта і ёсьць сьведчаньне таго ўнутранага настрою і матыву, які працінаў стваральнікаў “Нашай Нівы”. І ў таго, хто гэта пісаў, і хто чытаў, мусіла перахапіць дыханьне ад захапленьня ня столькі Амэрыкай, колькі тым, што такое ўвогуле магчыма – мужыцкая дзяржава, а значыць, магчыма і ў нас.

Далей – канкрэтыка пра рабочых: “Некаторыя амэрыканскія рабочыя (напрыклад, муляры) зарабляюць у месяц больш, як у нас рабочыя могуць зарабіць праз цэлы год”.

А да таго ж ёсьць і тонкасьці: “У Амэрыцы чорную работу чалавека ўважаюць таксама, як далікатную; праца ня ганьбіць нікога!”

Паступова “амэрыканская прапаганда” ў “Нашай Ніве” праяўляецца ня толькі асобнымі артыкуламі, але і прасочваецца ў кантэкст, у статыстычныя параўнаньні.

“У Расеі на тысячу людзей у школу ходзіць усяго 32, а тым часам у Амэрыцэ з кожнай тысячы жыхароў вучыцца ў розных школах 230 чалавек”.

Неўзабаве зьяўляюцца і свае карэспандэнты ў ЗША, якія распавядаюць пра дзяржаўнае ўладкаваньне штатаў і даюць свае парады беларусам-эмігрантам.

У наступныя гады ў “Нашай Ніве” пачне друкавацца і адмоўная інфармацыя, маўляў, ня едзьце ў Штаты, бо вы, якія ня ведаеце ані мовы тамтэйшай, ані звычаяў, а тым больш не гатовыя да цяжкай і акуратнай пры тым працы, нікому там непатрэбныя. Прападзеце, як ужо да вас прападаюць там тысячы падобных. А вось яшчэ звальненьні там пачаліся – цэлыя заводы выкідаюць рабочых на вуліцу, рабочыя зьбіраюцца на дэманстрацыі, пратэстуюць, а супраць іх выходзіць паліцыя, нават страляюць, ужо колькіх проста забілі...

Але праходзіў год, і амэрыканская нэгатыўная інфармацыя зноў зьмянялася станоўчай. Тым часам у Беларусі набіраў сілу інсьпіраваны ўладамі працэс эміграцыі сялян у Сыбір, а паколькі такіх перасяленцаў было шмат болей, чым эмігрантаў у ЗША, “Наша Ніва”, адпаведна, болей пісала пра гэтых, сыбірскіх. Хоць непасрэдны зварот да амэрыканскае тэмы – гэта ўжо сьведчаньне журналістыкі, мяне ж больш цікавіць агульны настрой і агульная матывацыя, што кіравала стваральнікамі “НН” і маніфэсту амэрыканскай культуры, Беларусі і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Ведучы “амэрыканскую паралель”, я заўважаю, дакладней, я гатовы зрабіць глыбакадумную выснову: але ж за гэтыя 100 гадоў нічога сутнаснага ў нашым жыцьці не зьмянілася! Ці яно і насамрэч так, ці гэта эфэкт нацыянальнага эпасу – трэба разабрацца на прыкладах, да якіх мы ня раз зьвернемся пазьней.

У “амэрыканскай паралелі” нашых пачынальнікаў захапляла і тое, што можна адкінуць груз старых і бясконца зблытаных перашкодаў у выглядзе сацыяльных, рэлігійных, ідэалягічных стэрэатыпаў – пісаць сваю новую паэму выключна сілаю духу і інтуіцыі. Нездарма ж кіраўнікі “НН” апынаюцца ў шэрагах вольных муляраў, сярод заснавальнікаў віленскай масонскай лёжы “Еднасьць”. Не таму, што “масоны кіруюць сьветам” (хоць і гэтага выключаць было ня варта), а таму, што ўвесь уплывовы сьвет становіцца такім чынам табе даступны, і зьяўленьне тваёй краіны на масонскай карце сьвету – шмат чаго значыць.

Не апошнюю ролю ўва ўсім гэтым, думаю, адыгрываў вобраз Тадэвуша Касьцюшкі – сына беларускае шляхты, змагара за незалежнасьць Бацькаўшчыны і нацыянальнага героя ЗША.

Касьцюшка ўвасабляў тую частку беларускага дваранства, якая не зьмірылася з падзеламі Рэчы Паспалітай і з далучэньнем Беларусі да Расеі. Як правіла, гэта была бяднейшая частка шляхты, якая з пагардаю пазірала на багацеяў, пастаўленых кіраваць краем, што фактычна кінулі гэты край і заняліся ратаваньнем сваіх скарбаў, якія ўмыкалі ў Заходнюю Эўропу. Гэта быў ганебны працэс. Асабліва ганебны ў вачох маладых ідэалістаў, для якіх паняткі радзімы і ўласнае годнасьці стаялі ў шэрагу найпершых каштоўнасьцяў. Магутны пратэст гэтых маладых ідэалістаў на ўсё 19-е стагодзьдзе ператворыць Беларусь у арэну войнаў і паўстаньняў супраць расейскае акупацыі. Гэты пратэст датрывае аж да пачаткаў наступнага, 20-га стагодзьдзя, і без усякага сумневу будзе кіраваць помысламі і дзеяньнямі стваральнікаў першай беларускай газэты – “Нашай Нівы”. Але важна для нас тое, што самым першым увасабленьнем, адпраўным вобразам і носьбітам гэтага пратэсту ў іхных вачох быў такі ж, як і яны выхадзец зь беларускага дваранства Тадэвуш Касьцюшка. Невыпадкова і тое, што Касьцюшка таксама быў масонам. Але пра гэта – у наступнай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG