Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ашмяншчына й Смалявіччына: большае выпадкаў таксычнага гепатыту


Іна Студзінская, Менск У Ашмянскім і Смалявіцкім раёнах расьце колькасьць хворых на таксычны гепатыт з-за спажываньня няякаснага алькаголю. У абодвух раёнах завялі крымінальныя справы, але супрацоўнікі міліцыі й пракуратуры спасылаюцца на таямніцу сьледзтва й не паведамляюць, ці знойдзеныя пастаўцы няякасных сурагатаў.

Ашмянская міліцыя прыцягнула да адказнасьці больш за дваццаць чалавек, сканфіскавала 600 літраў самагону й брагі. Аднак ашмянскія міліцыянты мяркуюць, што пітво, якім атруціліся людзі — не мясцовая самагонка. Паводле папярэдніх ацэнак, вадкасьць гэтая нагадвае бытавыя сумесі на сьпіртавой аснове і трапіла ў Беларусь з Расеі.

Рэшткі атруты накіравалі на экспэртызу ў сталіцу. Сьледзтва цяпер вядзе Гарадзенская абласная пракуратура, але да заканчэньня экспэртызы ўсе спасылаюцца на таямніцу сьледзтва.

Першы пацыент з прыкметамі алькагольнага атручэньня й зжаўцелымі вачыма трапіў у ашмянскі шпіталь яшчэ ў верасьні. А з 19 да 23 кастрычніка ў шпіталі апынуліся 30 чалавек. Адна жанчына памерла. На сёньняшні дзень шпіталізаваныя 60 чалавек.

Галоўны лекар Ашмянскай райбальніцы Аляксандар Белянкоў паведаміў:

(Белянкоў: ) “Яны жоўтага колеру, у іх высокія лічбы білірубіну, дрэнна працуе печань. Частка зь іх пакрысе папраўляюцца, частка становяцца больш цяжкімі. Тады мы іх адпраўляем у абласны цэнтар. Паводле тых зьвестак, якія па тэлебачаньні агучыў расейскі міністар Зурабаў, у Расеі сьмяротнасьць каля шасьці працэнтаў, у нас пакуль што тры. Але ўсё дастаткова драматычна”.

Каля сарака чалавек з дыягназам “таксычны гепатыт” шпіталізаныя ў Смалявіцкім раёне, пяцёра — у Барысаве, літаральна сёньня некалькі чалавек шпіталізаваныя ў Полацку. Але атруціцца можна ня толькі сурагатам, набытым у невядомых, сьцьвярджаюць людзі на менскіх вуліцах.

(Карэспандэнтка: ) “Ці сустракаліся вы з праблемай няякасных сьпіртовых напояў?”

(Спадар: ) “Канечне. Піў, і нават лячыўся”.

(Карэспадэнтка: ) “А дзе вы іх набывалі?”

(Спадар: ) “У краме”.

(Карэспандэнтка: ) “А ў краме яны могуць быць нядобрай якасьці?”

(Спадар: ) “Вядома. Бывае і сурагат поўны”.

(Юнак: ) “Я не атручваўся, але сустракаўся. І ня з рук набываў, у краме”.

(Спадар: ) “Было вельмі дрэнна, трапляў у шпіталь з атручаньнем алькаголем няякасным”.

(Спадар: ) “Не, не сустракаўся”.

(Спадар: ) “Ды нармальнае ўсё”.

(Юнак: ) “Я наагул не ўжываю”.

(Спадар: ) “А вы думаеце, што ў нашай краіне напоі наагул якасныя? Калі выходзіць новая гарэлка, першыя паўгоду яна нармальная, а потым сьмярдзіць сівухай. Проста калі зрабіць аналіз гарэлкі, якая ў нас прадаецца, там можна знайсьці ўсё: арганіку, сынтэтыку, у тым ліку і этылавы сьпірт. А ўсе гэтыя рэчывы вельмі шкодна ўзьдзейнічаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “А ўсе гэтыя так званыя пладова-ягадныя віны, “чарніла” — яны якасныя?”

(Спадар: ) “Не, няякасныя. Печань пасадзяць, вельмі дрэнна для здароўя”.

* * * Паводле радыёстанцыі “Эхо Масквы”, у Расеі толькі ў кастрычніку ад ужываньня сурагатнага алькаголю памерла больш як тысяча чалавек.

Нядаўна паліцыя Турэччыны канфіскавала адзінаццаць з паловай тысяч пляшак сурагатнага алькаголю, пераважна гарэлкі і джыну. Летась у Турэччыне памерла дваццаць чалавек ад падробнага алкаголю. Пад час праверкі, праведзенай у гатэлях Анталіі, дзе, дарэчы, адпачываюць і беларускія турысты, былі канфіскаваная 41 тысяча пляшак сурагатнага алькаголю.

У краінах Эўрапейскага зьвязу факты сьмерці ад сурагатнага алькаголю ў апошнія гады – адзінкавыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG