Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Ірына Багдановіч, Уладзімер Сіўчыкаў, Уладзімер Крукоўскі, Сяргей Харэўскі


Радыё Свабода (эфір 27 траўня) Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Іна Студзінская. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка.

Аўтар і твор

Ірына Багдановіч: “Літаратура патрабуе свабоды”

Асноўныя ноты новай кнігі Ірыны Багдановіч “Прыватныя рымляне” — камэрнасьць і інтымнасьць, нават калі яе героямі зьяўляюцца такія слынныя постаці, як Адам Міцкевіч ці Ўладзімер Дубоўка. “Прыватныя рымляне” паэткі — беларусы, адкрытыя для сяброўства і каханьня, шляхотныя і высакародныя людзі. З аўтаркай кнігі сустрэўся Міхась Скобла.

(Скобла: ) “Ірына, чаму ўсё ж вы вырашылі прыватызаваць рымлянаў? І Юлі Цэзар, і Гай Валеры Катул да гэтай пары належалі ўсім, а цяпер яны — толькі ваша ўласнасьць?”

(Багдановіч: ) “Назва такая нарадзілася з роздуму над дзёньнікамі Ўладзімера Караткевіча. У яго ёсьць думка: “У чым сэес пісьменьніка? У тым, што ён ня толькі за Цэзара гаворыць, ён — добра ці дрэнна — гаворыць за ўсіх прыватных рымлянаў”. Магчыма, тут ёсьць нейкая пераклічка з ранейшымі часамі рамантызму, таму што часы рамантызму актывізавалі каштоўнасьць такіх прыватных пачуцьцяў чалавека, як сяброўства, каханьне. Вядома ж, мае прыватныя рымляне — гэта тыя самыя беларусы, зь якімі мне штодзённа даводзіцца сустракацца. Многія вершы прысьвечаныя маім сябрам, блізкім духоўна людзям”.

(Скобла: ) “Нядаўна Міністэрства адукацыі зьбірала адмысловую нараду, на якой спэцыялісты спрабавалі вырашыць, у курсе якой дысцыпіны вывучаць расейскамоўную літаратуру Беларусі? Так і не вырашылі. А што б вы параілі?”

(Багдановіч: ) “Падобны фэномэн ужо быў у гісторыі беларускай літаратуры. У ХІХ стагодзьдзі гэта “краёвая літаратура” польскамоўных аўтараў, цяпер нашых клясыкаў — таго ж Адама Міцкевіча, Уладыслава Сыракомлі. Ну і Дунін-Марцінкевіч таксама ж пісаў па-польску. Да гэтага фэномэну я залічаю польскамоўную літаратуру, у якой адлюстраваная Беларусь. Цяпер мы яе спакойна вывучаем у межах айчыннай літаратуры. І гэта — нармальна. Што датычыць сёньняшняй расейскамоўнай літаратуры ў Беларусі, то гэта не аналягічная, на маю думку, зьява. Таму што ў ХІХ стагодзьдзі не было друкаў беларускіх, выданьняў беларускіх, дзе можна было б прафэсійна паказваць айчыннае прыгожае пісьменства. А сёньня яны ўсё ж ёсьць. Таму расейскамоўная літаратура ў Беларусі, на маю думку, — гэта ўсё ж фэномэн правінцыйнай расейскай літаратуры”.

(Скобла: ) “А можа, не ламаць надарэмна галавы й перакласьці таго ж Алеся Адамовіча на яго родную мову, паколькі па-расейску ён пісаў усё ж вымушана?”

(Багдановіч: ) “Думаю, што гэта слушная прапанова. Быў бы прыўлашчаны гэты абсяг літаратуры ў нацыянальнае поле беларускае. Бо адрываць такіх творцаў, як Алесь Адамовіч, ад Беларусі было б памылкаю”.

(Скобла: ) “Вы выкладаеце беларускую літаратуру на філфаку БДУ, які здаўна быў кузьняй айчыннага прыгожага пісьменства. А што сёньня? Ці ідуць новыя пакаленьні ў літаратуру?”

(Багдановіч: ) “Ідуць, прычым вельмі актыўна. У нас ёсьць вельмі таленавітая моладзь, беларуская, нацыянальна сьвядомая, якая піша, друкуецца. Нават ёсьць студэнты, якія маюць уласныя кніжкі. Я магу назваць Віку Трэнас, Ганну Серыхан, Алеся Гізуна, Тацьцяну Нядбаеву, якая выступае з рэцэнзіямі. Так што патэнцыял творчы ў філфаку ёсьць. Іншая справа, што пасьля філфаку таленавітым выпускнікам, бывае, няма дзе падзецца. Месцы ў асьпірантуры засталіся лічаныя”.

(Скобла: ) “Ірына, у вас ёсьць верш пра Галоўнага Ягамосьця… Раней у ЦК КПБ існаваў аддзел літаратуры, дзе, дарэчы, працавалі вядомыя пісьменьнікі Анатоль Кудравец, Сяргей Законьнікаў. Цяпер ва ўладзе беларускіх пісьменьнікаў няма. Гэта добра ці кепска?”

(Багдановіч: ) “Кіраўніцтва літаратурай — няўдзячная справа. Таму што літаратура патрабуе перш за ўсё свабоды. Беларуская літаратура ў розныя часы зазнавала часы ўціску, калі трэба было трымацца пэўных ідэалягічных пастулятаў. Пісьменьнік ня быў вольны ў выказваньнях. Вось гэта для літаратуры — сьмерць. Таму — васількі мусяць расьці свабодна пад сінімі нябёсамі”.

(Скобла: ) “Калісьці Іван Чыгрынаў павучаў маладых літаратараў, маўляў, для сапраўднага творцы неабходныя дзьве рэчы — вечарам буфэт, а раніцай кабінэт. А для вас што важна?”

(Багдановіч: ) “Мне не абавязкова патрэбен кабінэт. Вершы нараджаюцца з эмоцый, зь нечаканага павароту думкі. Зьяўляецца ідэя, вобраз, зь якога вырастае верш. Мне толькі патрэбна, каб побыт не навісаў нада мной. Але мне мае блізкія дапамагаюць вызваліцца ад яго. Добра, калі цябе ў сям’і падтрымліваюць, калі поруч з табой — твае “прыватныя рымляне”. Горш за ўсё адзінота”.

Ірына Багдановіч. З новых вершаў

КУР’ЕР



Сьветлай памяці Ігара Герменчука

Шаноўны рэдактар “Свабоды”, Твой почырк у хлудзе папер Пазнае вандроўнік заўсёды Па імені руху — “Кур’ер”.

* Калі адкінуць летуценьне, Дык невядома, спадары: Ці мы прайгралі адраджэньне, Ці ў новай мы яго пары? Паміж сабой плялі інтрыгі — Хто большы вершнік на кані. Пагоню спуталі вярыгі, І не ўзышло на камяні...

Хто ж славу даўняе Пагоні Упіша ў новы інтэр’ер? Чакаюць вершнікі і коні. Імчыць, імчыць да іх кур’ер. Кур’ер — між заўтра і учора, Між небам нацыі й дрыгвой, Між чынам вольнасьці і зморай, Пакуль гучыць па-над прасторай Хлусьлівы барабанны бой.

Ён пасланец таго змаганьня, Што не сьціхае ў грамадзе, Сымболь свабоднага дыханьня І новых будучых надзей, Што Беларусі поўнай мерай Калісьці выпадуць дары Вясны, прынесенай “Кур’ерам” На заняпалыя двары.

ШПАЦЫР

Шпацырую, шпацырую, Думкі сумныя цырую Вохкім водарам паветра: Крок — паўметра, крок — паўметра... Раўнамернае дыханьне Дапаўняе цыраваньне. Слота, сьнег, сабачы брэх. Не сьпяшаюся дадому, Як прапісваў доктар Брэг, Так здымаю стрэс і стому. Шпацырую, шпацырую, Думкі сумныя цырую Пра самоту, пра цэнзуру, Негламурную фрызуру, Непадпіс на “Нашу Ніву”, Згубную адданасьць піву, Пра партрэты на экране, Рост тарыфаў, цэн у краме, Тэрарызм і грып курыны, Рэдкасьць шчырае сябрыны... І таму падобны рой Думак, што псуюць настрой... Так на ўпалы дух, на страты Шые мой шпацыр заплаты, Як прапісваў доктар Брэг, Пад сабачы гучны брэх... Хтосьці скажа: ну, паэтка, Галава ж — дык не шкарпэтка! Шпацырую, шпацырую, Галаву сваю ц ы р у ю.

ДЭКАДЭНТ

Трывожным подыхам натхненьня Паэт зьбіраўся зразумець Лістоту колеру зьнікненьня, Якой кіруе толькі сьмерць.

І ў бел-чырвона-белым полі Ён, быццам рыцар на кані, “Жыве... аднак... Яна!..”, — прамовіў Ды не пачуў адказ... ані...

І ў даўгаполым палітоне, Далей ад п’яных мар-спакус, Паэт пайшоў у глыб сутоньня, Паслаўшы к чорту ўвесь хаўрус.

НАД ПРЫПЯЦЬЦЮ (Аповед ксяндза Юзафа Дзеконьскага)

Тут, над Прыпяцьцю, мышак касьцёльных У закрыстыі чуюцца танцы. Павукі тут жывуць і павольна Вырабляюць для Бога ружанцы.

Тут жывуць і пабожныя мухі, На алтар яны чынна сядаюць — З Панам Богам самім размаўляюць, Сапраўды — то пабожныя мухі.

Часам пёс прыпляцецца кульгавы, Стане сьціпла ў дзьвярах, не скавыча. На імшы тут каты пяюць: “Авэ...”, Хоць ніхто іх сюды і ня кліча.

КЛЯСЫКА З КУТАСІКАМІ

(З падручніка па гісторыі беларускай літаратуры перапісаў Тодар Брохвіч)

Васількі

Нябёсаў сінь цячэ з-за бору, і тчэ, забыўшыся, рука замест капусты, як узору, цьвяток радзімы васілька... Яго зьбіралі інсургэнты ў палях Айчыны для красы, каб дарагія кампанэнты заткаць у цуда-паясы... “Дый нам ня нада тое цуда — зачэм яно? Капуста ёсьць! І хопіць з нас яе пакуда”, — сказаў Галоўны Ягамосьць. “І ў цэлым поле папсавана тым пустазельлем праз вякі! Было ж і прагаласавана: скасіць усюды васількі! І насадзіць наўкруг капусты — зь яе карысьць грамадзтву ёсьць, а ад красы — адны распусты!” — сказаў Галоўны Ягамосьць. І так змаганьне павялося, каб васількі з зямлі прыбраць, адно ніяк не задалося — нябёсы перафарбаваць!

Гражына

Да Наваградка мчыць фурманка, Над ёй вясновыя гракі. Гара, як годная шляхцянка, глядзіць удалеч з-пад рукі.

Над ёю замак, як магерка, заўжды трымае небакрай, хоць слаўны час, хоць паняверка, ён шэпча сам сабе: “Трывай!

Трывай, як продкі, паціхутку перамаглі крыжацкі зброд, Герой быў, хоць не ў Навагрудку, — таемна-змрочны Валенрод.

Тады і мужная Гражына паганьбіць не дала свой край…” “Ды ўжо тут іншая айчына і новы час тут, выбачай!

Ад гістарычных аналогій карысьці сёньня нам няма: даўно збылі мы лад убогі і сьлед крыжацкага ярма.

І ўжо даўно тут край свабодны, і сам народ тут гаспадар, і князь нам – быццам бацька родны...” — нясецца гучны голас хмар…

Маўкліва замак пазірае на хмар дзівацкі выкрунтас: “Ну-ну, вас шмат тут пралятае, ды вецер дзьме — й няма ўжо вас…”

І замак, мёртва ўрослы ў глебу, дзе пачынае памяць род, “Трывай...”, — шаптаў сабе і небу, як годны рыцар Валенрод.

Літпрацэс

Напярэдадні дня памяці Максіма Багдановіча ў выдавецтве “Радыёла-плюс” выйшла новая кніга паэта з інтрыгоўным назовам “Інтымны дзёньнік”. З укладальнікам і выдаўцом кнігі Ўладзімерам Сіўчыкавым гутарыць нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Інтрыгоўную назву далі вы гэтай кнізе вялікага паэта. А які быў прынцып выбраньня твораў для яе?”

(Уладзімер Сіўчыкаў: ) “У прадмове да кнігі Рыгор Барадулін напісаў, што паэзія — рэч вельмі інтымная. І ўся творчасьць паэта, асабліва такога паэта, як Максім Багдановіч, можа лічыцца спавядальнай лірыкай і своеасаблівым інтымным дзёньнікам”.

(Аксак: ) “Некалькі месяцаў таму ў інтэрвію нашаму ж радыё вы сказалі, што маеце намер уключыць у гэты том і інтымны дзёньнік Максіма Багдановіча, які захоўваецца ў Менску ў Літаратурным музэі паэта і які да гэтага часу не апублікаваны. Ці зьдзейсьнілі намер?”

(Сіўчыкаў: ) “Да дырэктара музэю я дайшоў, прычым дайшоў з афіцыйнымі лістамі. Прычым ня толькі ад выдавецтва, але і ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў быў ліст-просьба паспрыяць публікацыі тых рэчаў, якія яшчэ не патрапілі на старонкі кніжак. Атрымаў у адказ наступнае (цытую): “Паведамляем, што ўсе вядомыя на сёньняшні дзень творы Максіма Багдановіча ўключаныя ў Поўны збор твораў у трох тамах, які быў падрыхтаваны Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Але далей ідзе абзац, які абвяргае напісанае папярэдне: “Аўтографы, якія захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча і якія раней не друкаваліся, рыхтуюцца да публікацыі і будуць надрукаваныя ў “Музэйным сшытку” № 3”. Гэтага “Музэйнага сшытка” я ня бачыў, ён да гэтага часу так і ня выйшаў, а том выбранага — перад вамі.

Прыватным чынам дзёньнік Багдановіча здабыць мне ўдалося, а патрапіў ён у кніжку ці не… Я хацеў бы, каб інтрыга засталася”.

(Аксак: ) “А чым адрозьніваецца любоўная лірыка Максіма Багдановіча ад тых нататак, якія вам давялося прачытаць у ягоным інтымным дзёньніку?”

(Сіўчыкаў: ) “Ну, давайце згадаем ягоны цыкль “Эрас”. Я вам скажу, што ступень адкрытасьці паэтычных радкоў у ім і ў дзёньніку гэткая ж самая”.

(Аксак: ) “І вы лічыце, што ягоны інтымны дзёньнік у пэўным сэнсе ёсьць таксама паэтычным творам?”

(Сіўчыкаў: ) “Несумненна!”

(Аксак: ) “На прэзэнтацыі папярэдняе кнігі вашага выдавецтва “Яна і я”, якую таксама склалі вершы інтымнае лірыкі беларускіх паэтаў, мастак Рыгор Сітніца назваў вас рахункаводам беларускага каханьня…”

(Сіўчыкаў: ) “Было такое”. (Сьмяецца.)

(Аксак: ) “З выхадам гэтае кнігі на рахунку вашага выдавецтва ўжо два тамы беларускага паэтычнага каханьня. Ці будуць наступныя?”

(Сіўчыкаў: ) “Неўзабаве павінен быць сыгнальны асобнік яшчэ адной паэтычнай кнігі, на вокладцы якой чытач прачытае: “Рыгор Барадулін. Руны Перуновы. Выбраныя творы”. І натуральна, у гэтай кнізе будзе цэлы разьдзел вершаў пра каханьне”.

Вэрнісаж

У менскай кавярні “Добрыя мысьлі” адкрылася выстава “ART-інкогніта”, на якой прадстаўленыя графічныя творы 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя беларускіх мастакоў Мікалая Дучыца, Пётры Сергіевіча і Міхася Сеўрука. Выстава цікавая тым, што творы, паказаныя на ёй малавядомыя ня толькі аматарам прыгожага, але і мастацтвазнаўцам-дасьледчыкам, бо паходзяць не з музэйных калекцыяў, нават не з запасьнікаў музэяў, а з прыватных збораў. На выставе пабывала Іна Студзінская.

Выставу зладзілі энтузіясты, сябры мастацкай суполкі “Пагоня” Ўладзімер Крукоўскі, Віктар Маркавец і Тацьцяна Гаранская. Яны здабылі з прыватных калекцыяў унікальныя графічныя творы выбітных мастакоў Мікалая Дучыца, Пётры Сергіевіча і Міхася Сеўрука. Дарэчы, адкрываюць выставу іхныя графічныя партрэты, напісаныя Ўладзімерам Крукоўскім. На жаль, з-за невялікай плошчы кавярні тут зьмясьцілася разоў у 10 менш гравюр, чым маглі рэпрэзэнтаваць арганізатары выставы. Распавядае мастак Уладзімер Крукоўскі.

(Крукоўскі: ) “Гэты пласт, калясальны пласт жывапіснай графічнай культуры, асабліва даваенная графіка, якой па нашых сьціплых падліках на руках у прыватных уладальнікаў больш трох соцень. І мы ведаем, дзе яны. Але іх ніхто ня ведае, таму мы і назвалі выставу “ART-інкогніта”, з падзагалоўкам: “Невядомыя творы вядомых мастакоў” .

Дарэчы, уладальнікі выстаўленых шэдэўраў з задавальненьнем пагадзіліся, каб гравюры былі паказаныя шырокай публіцы. Значная частка твораў належыць сям’і Яўгена Куліка. Гаворыць мастаўцтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) “Пераважная частка твораў паходзіць з прыватнай калекцыі выдатнага беларускага мастака, які нядаўна пакінуў гэты сьвет, Яўгена Куліка. Выстава цікавая тым, што бальшыня гэтых твораў — гравюры і малюнкі — невядомыя нават спэцыялістам. І знаёмства са сьветам несавецкага выяўленчага мастацтва ёсьць надзвычай цікавым”.

Жывучы і працуючы ці то ў царскай Расеі, ці то ў Польшчы, ці то ў СССР-БССР, ні Дучыц, ні Сергіевіч, ні Сеўрук ніколі не прыслужвалі палітычнаму рэжыму, ніколі не былі ў фаворы, асабліва ў савецкія часы. Таму іх даваенная творчасьць амаль невядомая. Гэтых мастакоў ігнаравалі, не выстаўлялі ў дзяржаўных музэях. І гэта беларускае сучаснае мастацтва адчувае і зараз. Вось меркаваньне мастака Віктара Маркаўца.

(Маркавец: ) “Гэтая “мастацкая паўза” вялікую шкоду нанесла як духоўнасьці, так і школе беларускага мастацтва. Каб не было перарыву, каб айчыннае мастацтва кіравалася тымі прынцыпамі, што былі закладзеныя яшчэ з часоў Рушчыца, Віленскай акадэміі, каб іх пераняць і на гэтай базе рухацца далей, то ў нас сучаснае мастацтва мела б большы прагрэс”.

Мікалай Дучыц першыя ўрокі жывапісу браў у свайго дзядзькі-настаўніка ў Троках, а потым вучыўся ў Пецярбургу. На выставе прадстаўленыя вельмі цікавыя гравюры старога Менску. Гаворыць Уладзімер Крукоўскі.

(Крукоўскі: ) “Гэта неіснуючы Менск — Камароўка, Няміга, дамкі над Сьвіслаччу — тое, чаго даўно няма. Мала людзей нават у Менску засталося, якія могуць сказаць: “А, я памятаю, вось гэты дамок там стаяў, я там быў”. На выставе паказаныя таксама некалькі краявідаў у лінарыце”.

(Харэўскі: ) “Гравюры Дучыца каштоўныя для дасьледчыкаў гісторыі менскай архітэктуры тым, што на іх прадстаўленыя многія куткі Менску — Ніжні Рынак, Няміга, якіх сёньня ўжо няма. Гэта дае магчымасьць уявіць сабе стары горад, прасякнуцца духам даваеннага, ваеннага Менску”.

Пётра Сергіевіч – прадстаўнік віленскай школы жывапісу, ён вучыўся ў Кракаўскім унівэрсытэце. Гэта мастак вельмі шырокага дыяпазону: партрэт і пэйзаж, гістарычнае палатно, малюнак вугалем, алоўкам, сангінай. Міхась Сеўрук нейкі час вучыўся ў Маскоўскай мастацкай гімназіі, потым — у Віленскім унівэрсытэце. Распавядае Ўладзімер Крукоўскі:

(Крукоўскі: ) “Мы хацелі паказаць славутую сэрыю партрэтаў Сергіевіча, беларускі тыпаж: студэнты, жаўнеры, знаёмыя, калегі. У творчасьці Сеўрука, хоць ён вядомы па ўсіх падручніках і даведніках як жывапісец, мы заакцэнтаваліся на ягонай бліскучай графіцы, эстампах”.

(Харэўскі: ) “Гравюры Сеўрука і Сергіевіча дэманструюць нам той узор, той кшталт эстэтычны, які давала беларускім мастакам адукацыя ў міжваеннай Вільні. Гэта такі тонкі, філігранны, я б нават сказаў, “рафаэлеўскі малюнак”, вельмі трапныя характарыстыкі партрэтныя, цікавыя, вельмі рамантычныя кампазыцыі. Усе тры творцы, якія нам вядомыя з большага як жывапісцы, паўстаюць ў малавядомым сваім амплуа”.

Шмат твораў, якія дэманструюцца зараз на выставе “ART-інкогніта” ў фальварку “Добрыя мысьлі”, раней знаходзіліся па-за межамі Беларусі.

(Крукоўскі: ) “Колькі было намаганьняў, каб прыцягнуць увагу больш-менш заможнай інтэлігенцыі, каб гэтыя працы не сплылі ў Літву (Сергіевіч, напрыклад усё жыцьцё пражыў у Вільні), а засталіся ў Беларусі. Многія вядомыя людзі, Гаўрыла Гарэцкі, Ніл Гілевіч у свой час куплялі творы. І яны цяпер хоць і ў прыватных калекцыях, але дома, на радзіме”.

Год таму арганізатары выставы зьвярталіся ў Нацыянальны мастацкі музэй з прапановай, каб музэй выкупіў гэтыя ўнікальныя графічныя творы ў прыватных калекцыянэраў, але адказу дагэтуль няма.

(Крукоўскі: ) “Дзяржава павінна ўсім гэтым валодаць. Няважна, які ўрад, якое кіраўніцтва, які рэжым — усё роўна шэдэўры мастацтва павінна быць у дзяржаўных сховішчах ці ў дзяржаўных музэях. Гэта агульнанародныя вартасьці, гэта ня проста там нейкія прыватныя зацікаўленасьці. Гэта сур’ёзны дзяржаўны ўзровень”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG